Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутатка Андрэйчык вязьняў Акрэсьціна ўважае за “небясьпечных злачынцаў”


Радыё Свабода, Менск Сёньня ў Брусэлі пад эгідай кіраўніцы спэцыяльнай камісіі ў справах Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ дэпутаткі Бундэстагу Уты Цапф адбылося паседжаньне круглага стала пра сытуацыю ў Беларусі. Падчас дэбатаў кіраўніца камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Савету Рэспублікі Натальля Андрэйчык заявіла, што Аляксандра Казуліна арыштавалі за тое, што ён павеў народ ў турму на Акрэсьціна, дзе знаходзіліся “небясьпечныя злачынцы”.

Анатоль Лябедзька, які разам зь Сяргеем Калякіным прадстаўляў у Брусэлі беларускую палітычную апазыцыю, сказаў па тэлефоне нашаму радыё, што тлумачэньне спадарыні Андрэйчык адносна арышту Аляксандра Казуліна выклікала ў міжнародных парлямэнтароў непаразуменьне:

(Лябедзька: ) “Яе камэнтар да майго апісаньня сытуацыі з Казуліным выклікаў шок ня толькі ў нас, але і ва ўсіх прысутных у залі. Спадарыня Андрэйчык сказала, што судовы працэс над Казуліным будуць праводзіць таму, што “ён заклікаў ісьці да месца, дзе знаходзіліся небясьпечныя злачынцы”. Я думаю, што абсалютная бальшыня людзей у Беларусі ведае, што на Акрэсьціна як раз знаходзіліся сумленныя людзі — 18-гадовыя прадпрымальнікі, пратэстанты ды іншыя асобы. якія патрапілі туды таму, што выйшлі змагацца за свабоду”.

Адразу па завяршэньні круглага стала першы сакратар ЦК Партыі камуністаў (Беларускай) Сяргей Калякін назваў дэбаты “скамечанымі”. Ён лічыць, што гэта адбылося з-за паводзінаў афіцыйнай дэлегацыі Нацыянальнага сходу. Паводле прадстаўніка апазыцыі, беларускія дэпутаты на пачатку дыскусіі заявілі пра тое, што яны сьпяшаюцца на іншую сустрэчу. І гэта прывяло да пэўнай мітусьні. Прынамсі, Сяргей Калякін з-за нястачы часу так і не атрымаў магчымасьці выказаць свае меркаваньні:

(Калякін: ) “Іхная задача была — хуценька выкласьці свае меркаваньні і ўхіліцца ад пытаньняў дыскусіі. Гэта вельмі цынічна выглядала”.

Сяргей Калякін паведаміў, што на дэбаты зьявіліся трыццаць міжнародных парлямэнтароў. Сярод іх быў і расейскі дэпутат Анатоль Іванчыкаў, які, паводле Калякіна, моўчкі ўсё праслухаў. Што тычыцца выступаў іншых парлямэнтароў, дык беларускаму апазыцыянэру запомніліся словы прадстаўніка Армэніі:

(Калякін: ) “Ён заявіў пра тое, што апазыцыя калі-небудзь заўжды прыходзіць да ўлады. Таму трэба нармальна ставіцца да палітычнай апазыцыі й памятаць пра тое, што той, хто сёньня пры ўладзе, заўтра можа апынуцца ў апазыцыі. Ён прывёў свой уласны прыклад, што ён сам праседзеў за кратамі тры гады, а цяпер уваходзіць у кіроўную кааліцыю”.

Як мы ўдакладнілі, Сяргей Калякін меў на ўвазе віцэ-сьпікера парлямэнту Армэніі, сябра сталай дэлегацыі гэтай краіны ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Вагана Аганэсяна.
XS
SM
MD
LG