Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“VoliaMusic” падрыхтавала кампакт-дыск “Песьні Свабоды-2”


Радыё Свабода, Менск Незалежны музычны лэйбл “VoliaMusic” падрыхтаваў да выданьня кампакт-дыск “Песьні Свабоды-2”. Гэта другі альбом, песьні якога прысьвечаныя тэме свабоды й незалежнасьці. Некаторыя музычныя кампазыцыі напісаныя пад уплывам мінулых прэзыдэнцкіх выбараў і падзеяў, што адбыліся ў Менску 19—25 сакавіка.

Кампакт-дыск складаюць 20 музычных кампазыцыяў у выкананьні вядомых беларускіх гуртоў і маладых рок-выканаўцаў. Да прыкладу, “Нэйра Дзюбэль” адмыслова запісаў песьню “Край”, Лявон Вольскі і “NRM” прасьпяваюць песьню “Ворагам” на словы Ўладзімера Караткевіча, гурт “Таварыш Маўзэр” выканае “Беларусь будзе вольнай”. “Песьні Свабоды-2” — гэта працяг праекту, распачатага ў гонар Дня Незалежнасьці 25 сакавіка, а таксама насуперак тагачасным афіцыйным канцэртам “За Беларусь”, кажа прад’юсар праэкту, які ўзяў сабе творчы псэўданім Пупэр.

(Пупэр: ) “Адрозна ад першага, гэты дыск прысьвечаны 27 ліпеня, Дню Незалежнасьці Беларусі. Таму асноўнай тэмай твораў будзе ня толькі свабода, але й незалежнасьць Беларусі”.

Паводле спадара Пупэра, “Песьні Свабоды-2” складзеныя з музычных кампазыцыяў, якія прапанавалі яшчэ на першы альбом. Але некаторыя былі напісаныя адмыслова падчас сакавіцкіх падзеяў, у тым ліку на Кастрычніцкай плошчы Менску. Да прыкладу, “Колер маёй рэвалюцыі” ў выкананьні гурта “Сівер”. Гаворыць адзін зь лідэраў калектыву Мікола Бянько:

(Бянько: ) “У сакавіцкіх падзеях мы бралі актыўны ўдзел, як музыкі й як грамадзяне. Бо апошнім часам многія музыкі адмаўляліся выказваць сваю пазыцыю, некаторыя нават адмаўляліся ад рок-каронаў. Таму мы палічылі мэтазгодным сваю пазыцыю вытлумачыць адкрыта й не хаваць яе”.

“Песьні Свабоды-2” будуць распаўсюджвацца гэтак жа, як і папярэдні альбом: праз падпіску на адмысловым інтэрнэт-сайце, а таксама падчас рок-канцэрту, які заплянаваны ў гонар Дня Незалежнасьці 27 ліпеня. Гэткім чынам, гэта яшчэ й папулярызацыя незалежнай беларускай музыкі, лічыць прадусар праекту Пупэр.

(Пупэр: ) “Беларуская музыка — гэта ня толькі тое, што нам паказваюць на беларускім тэлебачаньні й прымушаюць слухаць па беларускім радыё. Гэта й тое, што нашых беларускіх музыкаў хвалюе ўсё, што адбываецца ў краіне. І таксама наша задача была дапамагчы гуртам, якія з-за сваёй пазыцыі ня могуць данесьці творчасьць да слухачоў”.

Паводле спадара Пупэра, першы кампакт-дыск “Песьні Свабоды” атрымалі некалькі тысяч аматараў незалежнай беларускай музыкі, а з інтэрнэту гэтыя песьні спампавалі больш за 50 тысяч чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG