Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя актывізавала кампанію за вызваленьне палітвязьняў (фота)


Алег Грузьдзіловіч, Менск Напярэдадні судовага працэсу над Аляксандрам Казуліным лідэры аб’яднанай апазыцыі дамовіліся пра сумесныя дзеяньні дзеля вызваленьня былога кандыдата на прэзыдэнта. Прадстаўнікі Партыі БНФ і Аб’яднанай грамадзянскай партыі настойваюць на тым, каб сумесная кампанія праводзілася ў абарону ўсіх палітвязьняў.

5 ліпеня ў штаб-кватэры Партыі БНФ на Варвашэні, 8 прайшла прэсавая канфэрэнцыя лідэраў апазыцыйных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, якія аб’ядналі свае намаганьні для вызваленьня Аляксандра Казуліна. Суд над экс-кандыдатам на прэзыдэнта пачнецца заўтра, 6 ліпеня, у судзе Маскоўскага раёну Менску. Лідэры апазыцыі ўжо назвалі гэты працэс палітычным і паказальным. Паводле Анатоля Ляўковіча, намесьніка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” судзіць будуць ня толькі Аляксандра Казуліна, але і тую частку грамадзтва Беларусі, якая выступае за дэмакратычныя перамены.

(Ляўковіч: ) “Сёньня Аляксандар Казулін там, у турэмнай камэры, змагаецца за нашу і вашу волю. І мы салідарныя зь ім. Мы кажам: “Свабоду экс-кандыдату на прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандру Казуліну”.

Актывісты розных апазыцыйных партыяў ужо сабралі больш за 50 тысяч подпісаў грамадзянаў краіны, якія салідарныя з былым кандыдатам на прэзыдэнта. І гэта пры тым, што пікеты ў ягоную падтрымку ўлады дазволілі толькі ў Менску і Полацку. Цяпер лідэры апазыцыі зьбіраюцца актывізаваць міжнародную грамадзкасьць. Падпісанты “Дэклярацыі за вызваленьне Аляксандра Казуліна” заклікалі кіраўнікоў краінаў “вялікай васьмёркі” абмеркаваць сытуацыю у Беларусі падчас саміту ў Санкт-Пецярбурзе.

Нагадаем, ініцыятыва стварыць грамадзкую камісію “Свабоду Казуліну” зыходзіла ад ягоных прыхільнікаў у Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”. Дэклярацыю гэтай камісіі спачатку падпісалі таксама кіраўнікі шэрагу грамадзкіх арганізацыяў і Партыі камуністаў беларускай. Сёньня пад дэклярацыяй паставілі свае подпісы лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка і намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Людміла Гразнова. Але яны зрабілі гэта з пэўнымі ўмовамі. Вінцук Вячорка лічыць, што камісія мусіць называцца “Свабоду палітычным вязьням Беларусі!” й клапаціцца пра вызваленьне ўсіх палітвязьняў.

(Вячорка: ) “Аляксандар Казулін не рабіў ніякіх злачынстваў, і ён мусіць быць на волі. Калі ў цяперашняй палітычнай улады ёсьць зь ім нязгода, яна мусіць весьці зь ім, як і зь іншымі, цывілізаваную палеміку. Але ўлада нецывілізаваная. Безумоўна, самым пэўным выйсьцем з сытуацыі, у якой апынуўся і Аляксандар Казулін, і іншыя палітычныя вязьні, ёсьць зьмена палітычнага рэжыму, вяртаньне ў краіну дэмакратыі й свабоды”.

Паводле Вінцука Вячоркі, заўтра на працэс над Аляксандрам Казуліным зьбіраецца прыйсьці і былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Мілінкевіч.

На прэсавай канфэрэнцыі выступіла таксама жонка Аляксандра Казуліна Ірына. Яна паведаміла, што некаторыя яе сяброўкі ўжо атрымалі неафіцыйнае папярэджаньне ўстрымацца ад усіх кантактаў зь сям’ёй Аляксандра Казуліна.



Журналісты на прэсавай канфэрэнцыі.



Вінцук Вячорка падпісвае Дэклярацыю.
XS
SM
MD
LG