Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Сілічах абмяркоўваюць тэму так званай “саюзнай дзяржавы”


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня ў горналыжным цэнтры “Сілічы”, што на Лагойшчыне, завершыцца двухдзённая сустрэча прадстаўнікоў Беларусі й Расеі, якія абмяркоўваюць пытаньні будаўніцтва так званай “саюзнай дзяржавы

Сустрэчу ў Сілічах ладзіць парлямэнцкі сход Беларусі й Расеі. Два тыдні таму на яго юбілейнай, ХХХ-й сэсіі, што адбылася на Полаччыне, шмат гаварылі пра значныя дасягненьні ў будаўніцтве так званай “саюзнай дзяржавы”. Напрыклад, старшыня Дзяржаўнай думы Расеі Барыс Грызлоў заявіў: гэтая дзяржава існуе дэ-факта. Таму вырашылі прадоўжыць тэарэтычныя дасьледаваньні інтэграцыі. Сустрэча ў Сілічах мусіла акрэсьліць накірункі “саюзнай дзяржавы” ў эканамічнай, сацыяльнай, вайсковай сфэрах. Між тым, у гэтай ініцыятывы шмат скептыкаў. Меркаваньне беларускага палітоляга Ігара Лялькова:

(Лялькоў: ) “Увогуле сама такая структура як “парлямэнцкі сход” – гэта абсалютна бескарысная, віртуальная структура, якая ў першую чаргу патрэбная не народам Беларусі і Расеі, а тым чыноўнікам, якія працуюць у апараце гэтай віртуальнай структуры і атрымліваюць за такую віртуальную працу абсалютна рэальныя і дастаткова вялікія грошы”.

У першы дзень сіліцкай сустрэчы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў заявіў: такое мерапрыемства – выразны “адказ на ўзмацненьне антыбеларускай і антырасейскай кампаніі, разгорнутай некаторымі заходнімі краінамі”. Паводле спадара Папова, Захад занепакоены будаўніцтвам “саюзнай дзяржавы” і ўсяляк перашкаджае яму.

Аднак шмат хто ў Беларусі і Расеі лічыць: насамрэч прычына не ў Захадзе, а ў тым, што “браты”-славяне самі не жадаюць яднацца. Кожны кіруецца ўласнымі інтарэсамі, якія маюць істотныя разыходжаньні. Гаворыць вядомы расейскі экспэрт, намесьнік дырэктара маскоўскага Інстытуту краінаў СНД Уладзімір Жарыхін: (Жырыхін: ) “У фармаваньні беларуска-расейскага саюзу сапраўды ёсьць аб’ектыўныя складанасьці. Калі беларускі бок настойвае на парытэце ў фармаваньні саюзу, і калі Расея ўсё-такі не ідзе на такі варыянт, то яе таксама зразумець можна”.

Сярод апошніх ініцыятываў парлямэнцкага сходу – завяршэньне працы над так званым “канстытуцыйным актам”. Пра гэта нагадаў учора ў Сілічах дэпутат расейскай Дзярждумы Сяргей Антуф’еў. А вось меркаваньне палітоляга Ігара Лялькова:

(Лялькоў: ) “Зараз пытаньне з гэтым “канстытуцыйным актам” узьнікла зусім не выпадкова. Яно ўзьнікла ў сувязі з апошнімі заявамі і дзеяньнямі як кіраўніцтва Расеі, так і Беларусі. “Канстытуцыйны акт” – гэта такая чарговая пустая паперка, якая нікога ні да чаго не абавязвае, але сама дыскусія вакол гэтага акту сьведчыць, што інтэграцыйныя працэсы нібыта жывыя”.
XS
SM
MD
LG