Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праблемы пачынальнікаў агратурызму ў Беларусі


Вячаслаў Кулік, Менск У Беларусі завяршаецца праект дапамогі Праграмы Разьвіцьця Арганізацыі Аб”яднаных Нацыяў (ПРААН) вясковым турыстычным сядзібам. Спэцыялісты адзначаюць, што гэта была адзіная крыніца фінансавай падтрымкі агратурызму.

Жыхар Берасьця Міхаіл Грыбаў мае ў Камянецкім раёне хутар “Млынок”. Гаспадар кажа, што аднавіў на Бацькаўшчыне будынкі для прыёму гасьцей, дзякуючы перадусім грашовай дапамозе Праграмы ААН. Цяпер, аднак, сядзіба на замку. Паводле ўказа прэзыдэнта нумар 372, гарадзкім энтузіястам не дазваляецца займацца сельскім турызмам. Сытуацыю ўдакладняе Міхал Грыбаў:

(Грыбаў: ) “У гэтым указе чорным па беламу напісана, што паслугі па прыёму турыстаў можа выконваць толькі тая фізычная асоба, якая стала жыве ў сельскай мясцовасьці. Калі я, напрыклад, афіцыйна прымаю турыстаў, то такім чынам парушаю закон”.

Ініцыятар прэзыдэнцкага ўказу – Беларуская асацыяцыя “Агра- й экатурызму”, узначальвае якую Валерыя Кліцунова. Прычыны выцісканьня гараджанаў з турыстычнай галіны яна тлумачыць наступнымі аргумэнтамі:

(Кліцунова: ) “Пад гэтую ільготу патрапілі б катэджы. Гэты сэкс-турызм: вялізарныя й дарагія дамы. Даць ім ільготу было б глупствам”.

Нагадваю спадарыні Кліцуновай пра праблемы ўжо знаёмага нам уладальніка хутару Міхала Грыбава ды іншых спадчыньнікаў вясковай маёмасьці. Як паведамляецца ў буклеце аб турыстычным патэнцыяле, у Беларусі больш як 300 людзей, якія маюць гарадзкую прапіску, імкнуцца атрымаць занятак ў сфэры вясковага турызму.

(Кліцунова: ) “Я ведаю пра гэтую катэгорыю людзей і тых, хто жыве ў гарадзкіх пасёлках. Будзем думаць й рабіць”.

Гутарку пра тое, як дзяржава і яе чыноўнікі ставяцца да разьвіцьця сельскага турызму, працягвае сьветлагорскі фэрмэр Уладзімер Цярэнцьеў. Ён узяў у арэнду мясцовыя азёры для разьвіцьця аматарскага рыбалоўства.

(Цярэнцьеў: ) “Дзяржава ніколі не дапаможа прыватнаму бізнэсу. Ці ты селянін, альбо гарадзкі, ці яшчэ нехта. Суцэльная паказуха. Вось дай ім дадзеныя: “Колькі ў цябе ложка-месцаў? Хутчэй, тэрмінова трэба даць дадзеныя губэрнатару!” А што вы ўклалі хаця б адну капейчыну ў гэтую гаспадарку? Пад 2,5 працэнта ўзяў за мяжой грошы, каб заплаціць падаткі ў гэтай дзяржаве. Дык гэта нармальна?”.
XS
SM
MD
LG