Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Празе абмяркоўваюць беларускую і чэскую мадэлі адраджэньня


Алена Ціхановіч, Прага Трохдзённая канфэрэнцыя адкрылася на факультэце гуманітарных навук Карлавага ўнівэрсытэту. Яна арганізавана найстарэйшым унівэрсытэтам Чэхіі і міністэрствам замежных справаў гэтай краіны. Дэкан факультэту прафэсар Ян Сокал, адкрываючы канфэрэнцыю, акрэсьліў тэрмін “адраджэньне” як ахоўны мэханізм, што забясьпечвае вяртаньне да нечага, што ўжо было.

Чэхі і беларусы, на сёньня дзьве роўнавялікія нацыі, свой шлях адраджэньня і фармаваньня дзяржавы прайшлі ў значна розных умовах. Як прызнаюць гісторыкі, чэскае адраджэньне апераджала беларускае прыблізна на сто гадоў і ў вялікай ступені служыла яму ўзорам. Прафэсар Карлавага ўнівэрсытэту Міраслаў Грох адзначыў, што нацыянальны рух чэхаў пачынаўся ва ўмовах разьвітай сацыяльнай камунікацыі, у той час як у беларусаў – наадварот.

Іншыя навукоўцы аднадушна характарызавалі стартавыя ўмовы чэскага адраджэньня як непараўнальна больш выгадныя. Напрыклад, прафэсар зь Беластоку Яўген Мірановіч нагадаў, што на пераломе XIX-XX стагодзьдзяў беларусы заставаліся пераважна сялянскай нацыяй, у той час як у чэхаў у сельскай гаспадарцы працавала ўжо толькі каля 40 працэнтаў насельніцтва. Калі ў беларусаў было прыблізна 85 працэнтаў непісьменных, узровень непісьменнасьці у чэхаў быў найніжэйшы ў Эўропе – на дасягаў і 7 працэнтаў. У той час, калі зьвілася на сьвет “Наша Ніва”, чэхі мелі ўжо некалькі сотняў выданьняў.

Прафэсар Белдзяржунівэрсытэту Павал Церашковіч, гаворачы пра параўнаўчы кантэкст працэсаў нацыянальнага адраджэньня ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе, сярод лідэраў назваў тут эстонцаў і латышоў, а сярод аўтсайдэраў – беларусаў і малдаван. Многія ўдзельнікі без камэнтароў падтрымалі тэзіс пра тое, што асыміляцыя беларусаў як з расейскага, так і з польскага боку была спрошчаная менавіта блізкасьцю славянскіх моваў. Чэскае ж адраджэньне мацнела ў супраціве анямечваньню, а мяшаньне гэтых моваў не было такім простым. Прытым, як прагучала у дыскусіі, нямецкая мова ў часе Габсбурскай імпэрыі, хаця і была мовай урадавых установаў, адукацыі, афіцыйна дзяржаўнай мовай не абвяшчалася.

Працяглую дыскусію выклікаў рэфэрат чэскага дацэнта Любаша Швеца, прысьвечаны ўплыву русыфікацыі на фармаваньне нацыянальнай ідэнтычнасьці. Блізкай удзельнікам была і тэма нацыянальных мітаў і нацыянальнай ідэі, якой прысьвяцілі свае рэфэраты праскі прафэсар Ян Рыхлік і калега з Горадні Аляксандар Смалянчук.

Яшчэ два дні ў сьценах Карлавага ўнівэрсытэту будуць аналізаваць пытаньне, чаму чэскі нацыянальны рух дасягнуў масавасьці і посьпеху, а беларускі так і застаўся незавершаным. Калі гэтая тэма закранае нашых слухачоў, запрашаем да ўдзелу ў онлайн-канфэрэнцыі з прафэсарам Захарам Шыбекам: у чацьвер а 13-й гадзіне ён прыйдзе ў нашу рэдакцыю адразу з Карлавага ўнівэрсытэту.
XS
SM
MD
LG