Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштаваныя актывісты “Партнэрства” рыхтуюцца да суду


Любоў Лунёва, Менск Сваякі арыштаваных актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” — Аляксандра Шалайкі, Эніры Браніцкай і Міколы Астрэйкі — сёньня мелі зь імі спатканьне ў сьледчых ізалятарах. Паводле родных, апазыцыянэры трымаюцца бадзёра і ўпэўненыя, што хутка будуць на волі. Актывістаў “Партнэрства” вінавацяць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі, якая парушае правы грамадзянаў.

Яўгенія Астрэйка сустракалася сёньня з сынам Міколам у сьледчым ізалятары КДБ. Спатканьне доўжылася крыху больш за тры гадзіны. Яўгенія Астрэйка распавяла “Свабодзе”:

(Астрэйка: ) “Схуднеў, бо кажа, што есьці ня можа з-за сьпёкі. Бледны, бо ня бачыць сонца. Але трымаецца… Цяпер нават рыхтуецца да суду. Спытала: “Што ж ты там рыхтуесься?”, – а ён: “Ну, мама, як жа? Мне дадуць слова. Я рыхтуюся, нешта пішу”. Чытае. Цяпер кажа, што перачытвае, можа, соты раз Ільфа і Пятрова “Залатое цяля” і “Дванаццаць крэслаў”. Таксама замовіў кнігі Арлова і Караткевіча. Ён так не хвалюецца за сябе, як за Полечку й за нас. Хоць будзе дома тады, калі дзіця павінна будзе нарадзіцца. Будзем спадзявацца на гэта”.

У сьледчым ізалятары на Валадарцы з Аляксандрам Шалайкам сустракалася ягоная жонка Вера, а з Энірай Браніцкай яе маці Віялета. Вера Шалайка паведаміла, што Аляксандар жартаваў і прасіў прынесьці кашулю, каб добра выглядаць на судзе.

(Шалайка: ) “Спатканьне павінна было быць гадзіну, але, пакуль іх прывялі, гэта было хвілінаў сорак. Папрасіў прынесьці кашулю. Настрой добры. Сам ён трымаецца бадзёра. Ён упэўнены, што ў справе няма нічога такога, каб можна было зрабіць высновы, што ён учыніў нешта дрэннае. Упэўнены, што ўсё будзе добра. Мы спадзяемся, што яго ў судзе вызваляць з-пад варты”.

Сваякі арыштаваных актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” спадзяюцца да суду атрымаць яшчэ адно спатканьне.

Усе палітвязьні прасілі перадаць падзяку людзям, якія неабыякава паставіліся да іхнага лёсу. Яны ўпэўненыя, што 20 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску здолеюць даказаць сваю невінаватасьць.

Актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” Міколу Астрэйку, Цімафея Дранчука, Аляксандра Шалайку і Эніру Браніцкую затрымалі 21 лютага. Кіраўнік КДБ Сьцяпан Сухарэнка публічна абвінаваціў актывістаў “Партнэрства” ў дзеяньнях, якія парушаюць правы й інтарэсы грамадзянаў. Сьледзтва вялі супрацоўнікі КДБ.
XS
SM
MD
LG