Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Адказы менчукоў на пытаньні журналістаў гасяць агеньчык пераменаў..."


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за панядзелак, 4 ліпеня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку, а таксама дасылаць СМС паведамленьні 391-22-24

(Галіна Аляксандраўна, Магілёў: ) “Калі слухаеш на “Свабодзе” Аляксандра Мілінкевіча і яго аднадумцаў, у душы загараецца пакуль яшчэ вельмі маленькі агеньчык пераменаў. Але адказы менчукоў на пытаньні журналістаў гасяць гэты агеньчык. Слухаючы іх бестурботныя адказы на цалкам сур’ёзныя пытаньні, ствараецца ўражаньне, што сталіца і яе жыхары жывуць адным днём, іх абсалютна не цікавіць будучае Беларусі, іх цалкам задавальняе сучаснасьць. Чаго ім баяцца, што ім губляць? Баяцца тыя, каму ёсьць што губляць – гэта Лукашэнка, Паўлічэнка, Ярмошына і г.д. Каб захаваць усё, што ў іх ёсьць, яны жывуць па прынцыпе “сіла ёсьць, розуму ня трэба”. Пад гіпнозам сілавога страху і жыве сталіца, яе жыхарам няма справы да тых, хто сядзіць за палітычныя погляды ў турме, хто галадуе, хто гатовы паміраць за свабоду сваіх таварышаў, хто выходзіць на пікеты супраць рэжыму Лукашэнкі.

Паважаны Аляксандра Мілінкевіч! Неабходна ўлётка з выявай чырвонай маланкі і з апісаньнем усяго, што чакае Беларусь пры Лукашэнку і што будзе, калі яго адхіліць ад улады. Я часта чую грамадзянаў, ім усё роўна, хто будзе пры ўладзе, Лукашэнка ці Мілінкевіч. Па-мойму, прыйшоў час радыкальных дзеяньняў. Неабходны адначасовыя, хай невялікія, выступы па вобласьці, па раённым і абласным цэнтрам. Трэба, каб улада была ў пастаянным напружаньні. А пастаяннае напружаньне, як правіла, вядзе да памылак і зрываў і г.д”.

(Спадарыня: ) “Прапаную 21 верасьня, калі была ўдала праведзена апэрацыя па зьнішчэньні Вільгельма Кубэ, усталяваць дзень беларускага партызана і падпольшчыка. І хачу запытацца, ці наведвалі Беларусь трое сыноў Анітэ Кубэ ў пасьля ваенны час?”

(Спадар:) “Паважанае Радыё Свабода! З вашых перадачаў я даведаўся, што наш паважаны Аляксандра Рыгоравіч за ўвесь час свайго кіраваньня ні аднаго разу не прыняў ні аднаго грамадзяніна. Таму я вам прапаную аднавіць ці ўтварыць рубрыку “Маё пытаньне да прэзыдэнта”.

(Бартось Марыя Іванаўна: ) “Што тычыцца бальшавіцкага сьвята, якое сьвяткуюць бальшавікі, то гэта ня значыць, што ўвесь беларускі народ яго сьвяткуе. Не! Мы гэтае сьвята не сьвяткуем! Мы сьвяткуем свой Дзень Незалежнасьці 25-га сакавіка! Усяго найлепшага вам, Радыё Свабода!”

(Спадар, Пінск: ) “Учора мы адзначылі Дзень Незалежнасьці, але я сур’ёзна падыходжу да разуменьня розных паняцьцяў і ведаю, што ніякай незалежнасьці мы ня маем на самой справе, бо яна для нас скончыцца, калі будуць уведзеныя, напрыклад, цэны на газ па 200 даляраў хаця б за 100 кубамэтраў газу.

Яшчэ я быў у вёсцы Івацэвіцкага раёну – ніякіх прызнакаў сьвята там не было відаць, людзі займаліся сваёй працай, як звычайна. З гарадоў прыехалі дзеці і ўнукі да сваіх родных, яны вымушаны скарыстаць гэты выходны дзень, каб дапамагчы ў нечым іншым людзям. Таксама і я з ранку паехаў пакрапіў жука на бульбы, бо сьвята сьвятам, а бяз бульбы можна застацца, калі нічога не рабіць. Потым павярнуў сена, бо трэба таксама хатнюю жывёлу карміць. Вось такое сьвята. Так што было такое адчуваньне, што сьвята адбывалася недзе далёка. Наогул, ніякага адчуваньня сьвята на сябе не адчуў. Так што наша незалежнасьць – гэта, я думаю, толькі словы, рыторыка, і ня больш таго. Паглядзім, што будзе пасьля 1-га студзеня наступнага году”.

(Уладзімер: ) “Наконт пытаньня тыдня, якое сьвята можа аб’яднаць беларусаў. Калі ў агульным меркаваньні адказваць, то такога сьвята на сёньняшні дзень не існуе. Магчыма, Купальле магло б аб’яднаць ня больш за 50 адсоткаў беларусаў. Але зноў жа, Купальле сьвяткуецца як у ноч з 23-га на 24-га так і ў ноч з 6-га на 7 ліпеня. Ужо тут адбыліся падзелы. Па-другое, як сьвяткаваць? У свой час у сярэдзіне 90-х сьвяткаваньне Купальля было вельмі разьвіта. І вельмі добра сьвяткавала Купальле спадарыня Валянціна Якімовіч, якая ўсё добра арганізоўвала. Там выконваліся ўсе абрады. І што самае галоўнае, сама назва Купальле ідзе ад слова “купацца”. Таму перад раніцай усе ўдзельнікі Купальля добраахвотна прымусова цалкам распраналіся і зусім голымі ня менш чым за адну гадзіну качаліся ў траве, а потым купаліся ў бліжэйшым вадаёме.

Памятаю, у 95-м годзе мы добра адзначылі Купальле са спадарыняй Валянцінай Якімовіч. Нягледзячы на халоднае надвор’е, усе былі распранутыя, у тым ліку і малыя дзеці. І хоць жанчыны і дзеці моцна адчувалі холад, мы ня менш чым за гадзіну качаліся ў траве пад халодным дожджыкам, потым купаліся ў халоднай крынічнай вадзе. І хоць ужо стала зусім холадна, але мы не здаліся і выканалі ўвесь абрад да канца. Для многіх гэта стала падставай для далейшай загартоўкі целаў.

Другі варыянт. Была такая звычка таксама ў сярэдзіне 90-х ладзіць канцэрты на Купальле, але гэта не адлюстроўвае ўсёй сутнасьці гэтага сьвята. І трэці варыянт афіцыйны, калі ўсё суправаджаецца выпіўкай і закускамі. І таксама так званы народны варыянт, калі трэба зрабіць справу нейкую ня вельмі добрую, дзесьці скрасьці вароты ці яшчэ што-небудзь, што ў свой час было вельмі папулярна ў вёсках; альбо распаліць вогнішча з колаў, якое забруджвала ўсё навакольле.

Таму пытаньне, якое сьвята можа аб’яднаць беларусаў, на сёньняшні дзень не паддаецца адказу”.

(Віктар:) “На пытаньне тыдня, пра сьвята. Кожнае сьвята можа быць агульным для ўсіх беларусаў. Праблема ў сэнсе, які закладваецца ў гэтае самае сьвята. Скажам, сёньня 3-га ліпеня Дзень Незалежнасьці – гэта кпін з нашай гісторыі. Згодна зь ім, калі Гітлер не пайшоў бы вайной на нас, дык не было б і незалежнасьці і сьвята. Што, мы мусім дзякаваць Гітлеру за набытую зь яго дапамогай незалежнасьць? Пры дыктатуры агульнага сьвята ня можа быць у прынцыпе, бо дыктатура не аб’ядноўвае людзей, а падзяляе, тым яна і жыве. А калі аб’ядноўвае, дык выключна на глебе нянавісьці”.

(Галіна Аляксандраўна, Магілёў:) “У Праскім акцэнце” адзін суразмоўца назваў Лукашэнку “рукападавальным”. Па-мойму, акрамя Кубы, Вэнэсуэлы, Расеі, Кітаю бліжэйшыя дзесяць год ён практычна ня зь кім ня меў зносінаў. А каб ён падаў руку суседзям Беларусі, я нешта ня памятаю. Цяпер на кожны крок Эўропы ён робіць два. Вельмі наіўнае і нясьціплае жаданьне зь ягонага боку. Не Эўропа, а ён, Лукашэнка, першы павінен зрабіць два, а тое і тры крокі, каб Эўропа ў яго бок зрабіла паўкроку.

Мне не зусім зразумела, што забесьпячэньне Эўропы расейскім газам залежыць ад Лукашэнкі. Чаму? Яму дадзеныя паўнамоцтвы ў любы час перакрыць транзытную трубу? Ён што, настолькі багаты, што можа сабе гэта дазволіць? Хто можа патлумачыць? Няўжо беларуская казна не пацерпіць? Чым яшчэ ён можа напужаць Эўропу – вось, што цікава. Атрымліваецца, што дзякуючы Лукашэнку Эўропа жыве. Ён што і Эўропай кіруе?

Пытаньняў вельмі шмат. Хваліцца ваеннай моцай. Да бліжэйшыя 50 год я ня памятаю, каб на Беларусь нехта зьбіраўся б напасьці. Ён проста ўпаў у дзяцінства і гуляе ў нейкі напад”.
XS
SM
MD
LG