Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Закону аб свабодзе інфармацыі ў ЗША – 40 год


Юры Дракахруст, Прага 40 гадоў таму ў Злучаных Штатах быў прыняты закон аб свабодзе інфармацыі, які дае грамадзянам права патрабаваць ад дзяржаўных установаў інфармацыю аб іх дзейнасьці. Зараз больш чым 40 краінаў маюць падобныя законы, у тым ліку і краіны СНД – Армэнія, Грузія, Малдова і Ўкраіна.

Закон аб свабодзе інфармацыі – моцны інструмэнт кантролю народу за дзейнасьцю ўраду. Ён быў прыняты ў разгар віетнамскай вайны, калі ў амэрыканскім грамадзтве панаваў скептыцызм і адчуваньне, што ўрад не павінен хаваць сваіх рашэньняў за заслонай сакрэтнасьці. Гаворыць Стывэн Афтэргуд – кіраўнік праекту “Дзяржаўныя таямніцы” ў амэрыканскай фэдэрацыі навукоўцаў.

(Афтэргуд: ) "Закон аб свабодзе інфармацыі дае чалавеку юрыдычнае права на атрыманьне ўрадавай інфармацыі. Да 1966 году вы маглі прасіць урад даць вам інфармацыю, але ён ня меў юрыдычнага абавязку зрабіць гэта. Закон дае чалавеку, любому чалавеку, юрыдычна гарантаванае права патрабаваць урадавую інфармацыю. Гэта тое, што робіць урад чуйным да грамадзтва, гэта – частка таго, з чаго складаецца дэмакратыя".

Закон забясьпечвае празрыстасьць дзейнасьці ўраду ня ў нейкім мэтафарычным, а ў самым практычным сэнсе – любы чалавек, літаральна з вуліцы, хоча атрымаць пэўную інфармацыю аб дзейнасьці ўраду, ён піша ліст у адпаведнае ведамства. Паводле Стывэна Афтэргуда, складаньне такіх запытаў – справа нескладаная, тут не патрэбны адвакат. І ўрадавыя установы абавязаныя даць таму, хто зрабіў запыт, адпаведны дакумэнт.

Зразумела, не заўсёды адказ можна атрымаць хутка. У сваім артыкуле ва ўчорашнім нумары Washington Post былы прэзыдэнт ЗША Джымі Картэр прыводзіць лічбы – сярэдняя працягласьць падрыхтоўкі адказаў у міністэрстве сельскай гаспадаркі складае 900 дзён, у агенцтве аховы навакольнага асяродзьдзя – больш за тысячу. Гэта не заўсёды зьвязана з бюракратызмам ці нежаданьнем даваць зьвесткі – канкрэтны дакумэнт можна знайсьці хутка, выкананьне складанага запыту агульнага характару займае шмат часу.

Але галоўны момант – гэта, зразумела, сакрэтнасьць. І пасьля прыняцьця закону аб свабодзе інфармацыі ў Злучаных Штатах застаюцца дзяржаўныя сакрэты. Але пасьля прыняцьця закону ролі грамадзтва і ўраду, так бы мовіць, памяняліся – калі чалавек патрабуе ўрадавую інфармацыю, а ўрадавыя органы адмаўляюцца яе даваць, грамадзянін мае права падаць у суд і дзяржаўная ўстанова павінна даказваць, што мае сур''ёзныя падставы не даваць інфармацыю грамадзяніну.

Ужо цытаваны Стывэн Афтэргуд чатыры разы судзіўся з Цэнтральным разьведным упраўленьнем ЗША.

(Афтэргуд: ) "Адзін з унікальных момантаў закону аб свабодзе інфармацыі – гэта тое, што ён дае прыватнай асобе права прад’явіць пазоў ЦРУ, прыцягнуць яго да суда. Вы наўрад ці часта будзеце перамагаць іх, наўрад ці вы часта прымусіце іх раскрыць інфармацыю, якую яны не жадаюць раскрываць. Але вы заўсёды можаце прымусіць іх патлумачыць судзьдзю, чаму яны не даюць вам інфармацыю.

Стывэн Афтэргуд патрабаваў ад ЦРУ падаць яму зьвесткі ад поўным бюджэце арганізацыі. І ў 1997 годзе суд прымусіў ЦРУ адкрыць гэтыя дадзеныя грамадзяніну Афтэргуду, была абнародаваная лічба гадавога бюджэту ЦРУ - 26 мільярдаў 600 мільёнаў даляраў.

Вядомыя шматлікія выпадкі, калі людзі на падставе закону патрабавалі свае дасье ў Фэдэральнага бюро дасьледаваньняў і атрымлівалі іх. Атрымлівалі ня хутка, атрымлівалі толькі частку дакумэнтаў, бюро не давала паперы, якія маглі вывесьці на яе агентуру і інфарматараў. Але і тое, што людзі маглі атрымаць, давала ім магчымасьць даведацца, што ўлада ведае пра іх і што хоча даведацца.

Джымі Картэр у сваім учорашнім артыкуле у Washington Post крытыкуе цяперашнюю адміністрацыю за схільнасьць засакрэчваць інфармацыю. Картэр спасылаецца на дадзеныя грамадзкіх арганізацыяў, паводле якіх за апошнія 5 гадоў аб’ём сакрэтнай ўрадавай інфармацыі ў ЗША павялічыўся на 80%. Аднак паводле ацэнак экспэртаў, прынамсі цытаванага Афтэргуда, Злучаныя Штаты застаюцца самай празрыстай краінай у сэнсе даступнасьці інфармацыі пра нацыянальную бясьпеку, абарону і міжнародныя адносіны.

Калі казаць пра прыклады іншых краінаў, то варта прыгадаць Швэцыю, дзе адпаведны закон дзейнічае 200 гадоў. У Вялікабрытаніі закон аб свабодзе інфармацыі быў адным з мэханізмаў, пры дапамозе якіх грамадзкасьць прымусіла ўрад абнародаваць інфармацыю, якая стала падставай для рашэньня пачаць вайну ў Іраку. У Паўдзённай Афрыцы, якая яшчэ нядаўна была аўтарытарнай дзяржавай, быў прыняты надзвычай прагрэсіўны закон аб свабодзе інфармацыі, запыты паводле гэтага закону ў Паўдзённай Афрыцы дазволілі раскрыць махінацыі з гандлем зямлёй і сумнеўныя зьдзелкі па гандлі зброяй.

Былы прэзыдэнт ЗША Картэр у сваім артыкуле адзначае, што свабодны паток інфармацыі – гэта падмурак дэмакратыі і адзначае, што законы аб свабодзе інфармацыі прынялі многія краіны зь нізкім ці сярэднім нацыянальным даходам. Свабода – вельмі дарагая рэч, але яе адсутнасьць абыходзіцца людзям урэшце рэшт яшчэ даражэй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG