Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці атрымае палітычны прытулак Андрэй Шантаровіч?


Радыё Свабода Упраўленьне міграцыйнай службы Харкаўскай вобласьці Камітэту нацыянальнасьцяў і міграцыі Ўкраіны сёньня прыняло да разгляду заяву грамадзяніна Беларусі Андрэя Шантаровіча. Цягам трох месяцаў ведамства мусіць вызначыцца: ці можа выдавец ваўкавыскай “Местной газеты” прэтэндаваць на статус палітычнага ўцекача ў гэтай краіне. Два месяцы таму Андрэй Шантаровіч папрасіў прытулку ва Ўкраіне, матывуючы гэта перасьледам з боку беларускіх ўладаў.

Сам Андрэй Шантаровіч расказаў, што першы этап кантактаваньня зь міграцыйнымі службамі Ўкраіны завяршыўся для яго станоўча. Цягам другога будзе зразумела, якія шанцы на атрыманьне палітычнага прытулку.

(Шантаровіч: ) “Яны пачалі разглядаць маю справу. Пачаўся другі этап. Першы этап пройдзены, і цяпер яны вырашаюць — даваць мне прытулак ці не. А на дадзены момант вырашалася — прымаць заяву ад мяне ці не прымаць. А цяпер будзе канкрэтна разглядацца справа аб прадастаўленьні прытулку”.

Ад’ехаць зь Беларусі Андрэй Шантаровіч вырашыў адразу ж пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. 18 сакавіка выдавец незалежнай газэты быў затрыманы паводле адміністрацыйнага артыкулу за дробнае хуліганства й палітычныя баталіі пасьля выбараў адседзеў за кратамі. Пасьля выхаду Шантаровіча папярэдзілі, што супраць яго рыхтуецца крымінальная справа. Тады журналіст праз Расею выехаў ва Ўкраіну і пасяліўся ў Харкаве. Запытваю, колькі часу, паводле ягоных разьлікаў, можа заняць разгляд справы?

(Шантаровіч: ) “Гэта вырашыцца цягам трох месяцаў. Так акрэсьлена ўкраінскім заканадаўствам. Могуць у скрайніх выпадках тэрмін крыху працягнуць, але ўсё роўна гэта вырашаецца хутка, ня доўга”.

Андрэй Шантаровіч кажа, што мае цэлы шэраг прапановаў на працаўладкаваньне. Паводле Шантаровіча, досьвед працы незалежных беларускіх журналістаў у суседняй краіне ацэньваецца вельмі высока.

(Шантаровіч: ) “Мне працу ўжо прапануюць. Варыянтаў процьма, толькі не лянуйся. І нават ня тое, што вы думаеце — мне прапануюць быць галоўным рэдактарам. Людзі калі даведваюцца, дзе я быў і што рабіў, на адзін голас гавораць: мы вам працу даем зараз жа!”

Канфлікт Андрэя Шантаровіча зь беларускімі ўладамі цягнецца ад 2004 году, калі Міністэрства інфармацыі на месяц прыпыніла выхад “Местной газеты”. Сам журналіст зьвязвае гэта з намерам надрукаваць факты фальсыфікацыі вынікаў датэрміновага галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў і рэфэрэндуме. Ужо зьвярстаны нумар у друк не пайшоў, а Шантаровіч на знак пратэсту вытрымаў 20-дзённую галадоўку. За арганізацыю “несанкцыянаванага пікету” суд аштрафаваў Шантаровіча на 600 даляраў.
XS
SM
MD
LG