Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Мілінкевіч: “Шмат студэнтаў змогуць вучыцца ў Польшчы”


Радыё Свабода Лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч працягвае візыт у Польшчу. Сярод іншага ён займаецца падрыхтоўка да адкрыцьця студэнцкай праграмы імя Кастуся Каліноўскага для беларускіх студэнтаў, якія пацярпелі за актыўны ўдзел у пратэстах пасьля прэзыдэнцкіх выбарах.

У Варшаве спадар Мілінкевіч узяў удзел у адмысловай канфэрэнцыі, прысьвечанай палітыцы Эўразьвязу адносна новых суседзяў, арганізаванай пры падтрымцы амбасады Вялікабрытаніі ў Польшчы. А заўтра ў Варшаўскім унівэрсытэце Аляксандар Мілінкевіч разам з польскім прэм’ер-міністрам Казімежам Марцінкевічам возьме ўдзел у цырымоніі адкрыцьця студэнцкай праграмы імя Кастуся Каліноўскага.

(Мілінкевіч: ) “Гэта вельмі важна, што ёсьць такая магчымасьць, і палякі тут зьяўляюцца піянэрамі. Вялікая колькасьць студэнтаў зможа працягваць тут навучаньне. Я вельмі задаволены, бо, калі мы клічам людзей на барацьбу і ня маем магчымасьці іх абараніць, то гэта проста немаральна. У 2001 годзе мне было вельмі цяжка, калі людзей выкідалі з унівэрсытэтаў, а мы не маглі нічога прапанаваць. Таму я лічу, што гэта вельмі важна для барацьбы са страхам і для таго, каб прадэманстраваць салідарнасьць з гэтымі людзьмі, каб мы адчувалі, што мы адзіная сіла”.

Паводле старшыні Камітэту абароны рэпрэсаваных Іны Кулей, свой удзел ў праграме ўжо пацьвердзілі 214 беларускіх студэнтаў, але праграма застаецца адкрытай. Яна разьлічаная на студэнтаў, якія бралі актыўны ўдзел у падзеях вясны 2006 году.

(Кулей: ) “Цяпер ідуць адлічэньні студэнтаў, яны зьвяртаюцца, і нашая дамова з польскім бокам — да 15 ліпеня гэтыя людзі яшчэ могуць патрапіць на гэтую праграму. Учора і сёньня ў студэнтаў былі тэсты — учора польскай мовы, сёньня ангельскай мовы. А заўтра ўрачыстае адкрыцьцё, на якім спачатку будзе такі абед разам з прэм’ер-міністрам і ўсімі нашымі студэнтамі”.

Паводле Іны Кулей, у Камітэт абароны рэпрэсаваных зьвярнуліся больш за 340 студэнтаў, зь якіх 70 адсоткаў ужо адлічаныя, а астатнія — пад пагрозай выключэньня. Апроч праграмы імя Кастуся Каліноўскага ў Польшчы, якая разьлічаная на 300 месцаў, эстонскі ўрад прапанаваў 10 месцаў у навучальных установах для беларускіх студэнтаў. Таксама ёсьць асобныя прапановы ад Нямеччыны, Чэхіі, Славаччыны, Аўстрыі й Нарвэгіі. Ёсьць таксама магчымасьць завочнага навучаньня ва Ўкраіне, якая гатовая даць 100 месцаў для рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў.
XS
SM
MD
LG