Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі пераносяцца і мяняюцца сьвяты


Вячаслаў Кулік, Менск У афіцыйным календары Беларусі на 2006 год пазначаныя больш як 80 дзяржаўных сьвятаў, сьвяточных дзён і памятных датаў. Пасьля рэфэрэндуму 24 лістапада 1996 году былі пашыраныя паўнамоцтвы прэзыдэнта, сярод іншага ён атрымаў права ўсталёўваць сьвяты й сьвяточныя дні.

Да таго часу, пакуль у Беларусі быў уведзены інстытут прэзыдэнцтва, у календары найноўшай гісторыі ўжо замацаваліся: Дзень незалежнасьці - 27 ліпеня; Радаўніца – праваслаўная і каталіцкая; а таксама Вялікдзень; Каляды й Дзяды . Чаму пасьля іх пазбавілі статусу выходных дзён, нагадвае дэпутат Вярхоўнага Савету XII cкліканьня Алег Трусаў:

(Трусаў: ) “Ідэалёгія мусіць мець адпаведныя атрыбуты. Спачатку зьмянілі сьцяг і герб. Праз год новае сьвята для сябе прыдумалі – 3 ліпеня. Пасьля так званых рэфэрэндумаў адмянілі выходны дзень на Дзяды. Забралі два дні Вялікадня. Ізноў вярнулі дзень бальшавіцкай рэвалюцыі. Беларусь – адзіная краіна, якая будзе й сёлета сьвяткаваць 7-га лістапада гадавіну бальшавіцкай рэвалюцыі. Нават Расея адмовілася гэта рабіць”.

Са словаў Алега Трусава, праблемай палітычнага атачэньня Лукашэнкі зьяўляецца насьцярожанасьць, а найчасьцей – варожасьць да падзеяў і датаў з нацыянальнае спадчыны. Нават 27 ліпеня не пасьпеў замацавацца ў календары як Дзень незалежнасьці, паводле абвешчанай у 1991 годзе Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі. На рэфэрэндуме 1996 году яго перанесьлі на дату вызваленьня Менску ад фашыстаў. Такое сумяшчэньне Аляксандар Лукашэнка называе лягічным. Вось што заявіў ён сёлета ў прамове да 3-га ліпеня:

(Лукашэнка: ) “Гэта – канцэптуальныя рэчы. І ў імя захаваньня гэтай памяці мы робім ўсё дзеля таго, каб каменных, бронзавых сьведчаньняў той перамогі існавала як мага больш”.

Перанос Дня незалежнасьці на 3-га ліпеня аспрэчвае прафэсар Анатоль Грыцкевіч:

(Грыцкевіч: ) “Я яго не адзначаю. Ну а тое, што афіцыйныя ўлады вырашылі Дзень Незалежнасьці перанесьці, якраз укладаецца ў тую ідэалягічную прапагандысцкую ідэю, што гісторыя Беларусі пачынаецца ад Вялікай Айчыннай вайны. І толькі. Зразумела, што гэта штучнае сьвята. Яно патрэбнае ўладзе для таго, каб яшчэ больш ідэалягічна ўзьдзейнічаць на людзей, у тым ліку на моладзь”.

Менавіта 3-га ліпеня ў Менску і перадусім у моладзі я цікавіўся меркаваньнямі. Вось што адказвалі мінакі на пытаньне пра асабістае стаўленьне да афіцыйнага сьвята:

(Юнак: ) “Выходны дзень – гэта заўжды сьвята. Шыкоўна пайсьці на салют са сваімі блізкімі й сябрамі”.

(Дзяўчына: ) “Пагуляем, у горадзе адпачнем”.

(Другі юнак: ) “Наш дзень – вось і сьвяткуем!”

Калі я зьмяніў пытаньне і запытваўся, якое іншае сьвята можа аб''яднаць беларускае грамадзтва, то адказы былі наступныя:

(Трэці юнак: ) “Мне падаецца, што нейкае старажытнае народнае сьвята. Напрыклад, Купальле ці Каляды”.

(Другая дзяўчына: ) “Я лічу, што такім магло б стаць аб''яднанае сьвята – каб было народнае й дзяржаўнае. Але штосьці новае. З усіх, што існуюць зараз, нічога не падыходзіць”.

(Чацьвёрты юнак: ) “Напэўна, нешта гістарычнае. Такое сьвята мусіць для кожнага нешта значыць. Я мяркую, што падзеі, зьвязаныя з паўстаньнямі Касьцюшкі, Каліноўскага”.

Гаварылі ўдзельнікі вулічнага апытаньня.

Адзначу, што ў Беларусі цяпер 10 дзяржаўных й агульнанацыянальных сьвятаў. Сярод іх – Дзень яднаньня народаў Беларусі й Расеі, Сьвята працы, Дзень жанчынаў, Дзень Абаронцаў Айчыны й Узброеных Сіл Рэспублікі. Як даводзіць былы кіраўнік юрыдычна-прававога ўпраўленьня адміністрацыі Лукашэнкі Аляксандар Пласкавіцкі, афіцыйныя сьвяты савецкага пэрыяду не скасоўваюцца, бо цяперашні рэжым надзвычай залежны ад ім жа створаных абставінаў:

(Пласкавіцкі: ) “Трапілі яшчэ ў большую эканамічную залежнасьць ад Расеі, чым нават было пры Кебічы. Гэта безумоўна. Таму што маленькая краіна павінна неяк балянсаваць між вялікімі дзяржавамі. Тады яна мае права сказаць “не” ці “так”, калі ёй самой хочацца гэта сказаць. Нашая краіна страціла такую магчымасьць у значнай ступені”.

На гэтую тэму і меркаваньне палітоляга Валеркі Булгакава:

(Булгакаў: ) “Паўсюдны комплекс непаўнавартасьці прысутнічае ў культурніцкіх мэсаджах нашага рэжыму. Плюс сам спосаб вядзеньня палітыкі, калі па-плябейску выпрошваюцца, выклянчваюцца нейкія рэсурсы ў Расеі коштам адмаўленьня, напрыклад, ад культурнай спадчыны. Коштам павелічэньня русыфікацыі, калі гэта выкарыстоўваецца падтэкстам як пэўны аргумэнт у прарасейскай палітыцы”.

На абвешчаны пасьля рэфэрэндуму Дзень Рэспублікі ўрадавая эліта Беларусі ізноў шмат гаварыла пра сувэрэнітэт краіны. Але адначасова працягвала перамовы з Крамлём пра стварэньне так званай саюзнай дзяржавы... У сваю чаргу апазыцыя тымі днямі абвясьціла пра падрыхтоўку да сьвяткаваньня 27 ліпеня чарговых угодкаў прыняцьця Вярхоўным Саветам 12-га скліканьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце. Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў аднак лічыць, што нацыю здольная аб’яднаць іншая дата:

(Трусаў: ) “Гэта сьвята адно: 25 Сакавіка. Ужо зараз гэтае сьвята адзначаюць беларусы і ў Аўстраліі, і ў Канадзе, і ў Менску. Яшчэ пару гадоў пачакаем і сьвята аб”яднае нацыю. Гэтае сьвята – вытокі нашае незалежнасьці. Усе краіны сьвету такія сьвяты робяць асноўнымі. Літоўцы, палякі, Расея таксама”.

Нагадаю, 25 сакавіка 1918 году ў Менску Рада БНР абвясьціла дзяржаўную незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.
XS
SM
MD
LG