Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Казулін мае намер выказаць недавер судзьдзю Аляксею Рыбакову


Алег Грузьдзіловіч, Менск Адвакат Ігар Рынкевіч, які сустракаўся сёньня з Аляксандрам Казуліным у Менскім сьледчым ізалятары, патлумачыў “Свабодзе”, чаму Аляксандар Казулін вырашыў яшчэ да пачатку судовага разьбіральніцтва выказаць недавер судзьдзю.

(Рынкевіч: ) “Па сутнасьці, усе нашыя хадайніцтвы адхіленыя. Акрамя фармальнага хадайніцтва аб далучэньні да матэрыялаў справы паручыцельстваў 220 чалавек, да якіх, дарэчы, гэтак і не прыслухаліся. Таму даверу да суду ў яго няма, ён лічыць, што судзьдзю трэба адвесьці”.

Адвакат Ігар Рынкевіч зьвяртае ўвагу на тое, што паводле закону адвод судзьдзі абвінавачаным яшчэ не азначае, што працэс будзе весьці іншы судзьдзя. Гэта вырашыць сам Аляксей Рыбакоў. Прымаць гэтае рашэньне судзьдзя мусіць у закрытым для іншых асобаў памяшканьні.

Суд над Аляксандрам Казуліным пачнецца 6 ліпеня ў судзе Маскоўскага раёну Менску паводле абвінавачаньняў у хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. Экс-кандыдат на прэзыдэнта лічыць вельмі абмежаваным кола сьведкаў, якія фігуруюць у матэрыялах справы. Палітык прасіў сьледчых, а потым і судзьдзю дапытаць шэраг іншых асобаў, але ягоную просьбу адхілілі. Паводле адваката Ігара Рынкевіча, гэтая просьба будзе паўтораная на працэсе. Ігар Рынкевіч паведаміў, што сярод магчымых сьведкаў ёсьць людзі зь “дзяржаўных структураў”, якія просяць ад суду гарантыяў бясьпекі. Адвакат спадзяецца, што суд прызначыць дапытаць іх за зачыненымі дзьвярыма.

Вядома, што ад пачатку сьледзтва Аляксандар Казулін адмаўляўся ад удзелу ў сьледчых дзеяньнях. Ці будзе ён даваць паказаньні ў судзе? Ігар Рынкевіч мяркуе, што Аляксандар Казулін ад такой магчымасьць не адмовіцца.

(Рынкевіч: ) “Тое, што ён будзе даваць паказаньні, гэта натуральна, бо трэба патлумачыць матывацыю ягоных дзеяньняў. У яго застаецца паважлівае стаўленьне да суду як да інстытуту дзяржаўнай улады”.

Аляксандар Казулін сваёй віны не прызнае й заяўляе, што беларускія ўлады перасьледуюць яго з палітычных прычынаў. Нагадаем, Аляксандар Казулін быў кандыдатам на прэзыдэнта на сакавіцкіх выбарах і, паводле афіцыйных зьвестак, набраў крыху больш за 2% галасоў выбарцаў. Спадар Казулін з гэтым ня згодны — ён лічыць, што яго падтрымала значна больш беларусаў.
XS
SM
MD
LG