Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Люіс Карвалан


Вінцэсь Мудроў, Полацак Учора ўзяў з паліцы 8-мы том Беларускай энцыкляпэдыі, перагарнуў старонкі і не знайшоў артыкула пра Люіса Карвалана. Вось табе і маеш! А быў жа час, калі гэтым Карваланам простаму люду ня проста затлумілі галаву, але й ад’елі ўсе вантробы.

У верасьні 1973 году ўладу ў далёкім Чылі захапіла ваенная хунта. Пры гэтым быў забіты прэзыдэнт краіны Сальвадор Альендэ, а таксама сотні іншых палітычных актывістаў. Тысячы чылійцаў апынуліся за кратамі. Сярод іх быў і генэральны сакратар чылійскай кампартыі Люіс Карвалан.

Савецкая прапаганда рашуча асудзіла хунтароў, але з усіх кінутых за краты, як выглядала, іх цікавіў толькі Карвалан. Пра чылійскага пакутніка пісалі газэты і часопісы, прозьвішча гэтае гучала ў тэленавінах і на сьвяточных дэманстрацыях, а мітынговыя акцыі салідарнасьці “з адданым сынам чылійскага народу” сталіся неад’емным элемэнтам палітычнага краявіду.

Асабліва запомніліся выпускі кіначасопісу “Навіны дня”. За галоўныя навіны іхныя стваральнікі ўважалі візыты за мяжу Л.І.Брэжнева ды мітынгі працоўных у абарону Люіса Карвалана. Мітынговая дзея звычайна разгортвалася ў вытворчых цэхах. У прэамбуле гучаў роблена-суворы голас дыктаркі Ганны Шацілавай: “Увесь савецкі народ… з трывогай і надзеяй…” Неўзабаве на моўніцу запускалі брыгадзіра наладчыкаў з зоркай Героя сацыялістычнай працы на сьпяцоўцы. Пасьля яго слова браў сакратар заводзкага парткаму, за ім вэтэран вайны і, нарэшце, высокія скляпеньні скаланала бойкая камсамолачка. Усе яны прамаўлялі па-пісанаму. Тэксты выступленьняў папярэдне ўзгадняліся.

Невядома, колькі б яшчэ кілямэтраў кінастужкі змарнавалі кінематаграфісты, і колькі б яшчэ дасьціпных прымавак распавёў пра свайго куміра савецкі народ, ды нечакана Карвалана адпусьцілі на волю. Паводле афіцыйнай вэрсіі, здарылася гэта ў выніку шырокага руху міжнароднай салідарнасьці. Насамрэч усё было значна прасьцей: чылійскага камуніста Карвалана абмянялі на расейскага антыкамуніста Букоўскага.

23 сьнежня 1976 года былы вязень хунты паўстаў перад Брэжневым. Рассунуўшы рукі, Леанід Ільліч хвіліну разважаў – як спраўней засмактаць калегу. Нарэшце, схапіў лядашчага чылійца ў ахапак і засмактаў у зьбялелыя вусны. Кадры той сустрэчы безьліч разоў круцілі па тэлебачаньні. Пазіраючы на такія жарсьці, многія тэлегледачы, асабліва старэйшага пакаленьня, пусьцілі сьлязіну. Але былі і такія, што, змучаныя ўсёй гэтай балбатнёй, гідліва пасьміхнуліся і нядобрым словам згадалі ў тандэме Леаніда Ільліча ды ягонага сябра, адданага сына чылійскага народу Люіса Карвалана.
XS
SM
MD
LG