Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму спонсары чэмпіянату прымушаюць заўзятараў распранацца?


Валер Каліноўскі, Прага Футбольны чэмпіянат сьвету ў Нямеччыне набліжаецца да завяршэньня. На гэтым тыдні вызначыцца, хто стане чарговым ўладальнікам Кубка сьвету. Між тым, многія заўзятары занепакоеныя празьмернай камэрцыялізацыяй галоўнай спартыўнай падзеі года, засільлем рэклямы на стадыёнах і ў гарадах, дзе праводзяцца гульні, і нават кажуць пра ціск на фанаў з боку спонсараў.

На чэмпіянаце сьвету па футболе з’явіўся адмысловы жарт: якое самае вялікае імя на гэтым спартовым сьвяце: Ранальдзіньё, Зінан, Шаўчэнка ці “Будвайзер” альбо “Кока-Кола”. Буйныя кампаніі заплацілі каля мільярда даляраў спонсарскіх унёскаў і вымагаюць для сябе максымум выгод. Такім чынам амэрыканская піўная кампанія “Будвайзер”, а таксама “Макдоналдс” і “Адзідас” з’яўляюцца далёка не апошнімі гульцамі на чэмпіянаце сьвету, і цяжка аспрэчыць тое, што яны ўжо трапілі ў фінал. Заўзятарам жа зусім не падабаецца, што спонсары, напрыклад, атрымліваюць 20 адсоткаў квіткоў на ўсе матчы, што іх лягатыпамі заклееныя ўсе 12 стадыёнаў, на якіх праходзяць гульні.

Але ня толькі рэкляма гэта раздражняе заўзятараў. Напрыклад, англійскія фаны выказваюць абурэньне, што на стадыёнах у іх забіраюць буклеты, надрукаваныя іх асацыяцыяй прыхільнікаў футбола. У гэтых буклетах падаецца ўся інфармацыя пра чэмпіянат і пра каманды. Але іх забіраюць, бо буклетах стаіць лягатып іншых кампаній, не афіцыйных спонсараў чэмпіянату.

А нядаўна 1000 галяндзкіх фанаў перад матчам іх каманды са зборнай Кот-д’Івуара былі вымушаныя зьняць свае аранжавыя штаны – з-за таго, што на іх быў лягатып піва, якое не з’яўляецца спонсарам чэмпіянату сьвету. Большасьці зь іх прыйшлося сядзець на матчы ў трусах. А Макдоналдс, каб прыцягнуць да сябе ўвагу, запусьціў да чэмпіянату сьвету новы Біг-Мак – на 40 адсоткаў большы за звычайны, і дыетолягі б’юць трывогу, бо ў ім на 667 калёрый больш.

Чаму ж кампаніі спонсары ідуць на такія нечаканыя крокі? Адказ вельмі просты – бо ніякая іншая падзея не выклікае да сябе такой увагі ў сьвеце, як чэмпіянат сьвету па футболе. Кампанія “Інфронт”, якая займаецца продажам правоў тэлевізійных трансьляцыяў гульняў чэмпіянату, засьведчыла, што агульная колькасьць гледачоў усіх матчаў чэмпіянату складае 30 мільярдаў чалавек – гэта значыць, што кожны жыхар плянэты паглядзеў прынамсі 5 матчаў. Прычым яны зьбіраюцца ля экранаў у адзін час, што дае ўнікальныя магчымасьці кампаніям-спонсарам заявіць пра сябе. Таму яны і змагаюцца з так званай пірацкай рэклямай іншых фірм, у тым ліку на майках і штанах заўзятараў.

Выглядае, што спонсары кантралююць, што носяць і што ядуць на стадыёнах заўзятары. Апошнія пратэстуюць. Часам пратэсты прыносяць плён. Так, перад чэмпіянатам было ўжо дамоўлена, што “Будвайзер” стане афіцыйным півам спаборніцтваў, і таму іншыя кампаніі на стадыёнах не маглі б прадаваць сваё піва. Але пратэсты далі плён, немцы, якія маюць моцныя піўныя традыцыі, зусім не хацелі піць амэрыканскае піва. Футбольным уладам давялося ўмяшацца і праблему адзеньня заўзятараў на матчах – ФІФА дазволіла ім насіць любую вопратку, але калі нейкія кампаніі захочуць з мэтай пірацкай рэклямы апрануць фанаў, то такія спробы будуць спыненыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG