Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заклік выйсьці зь дзяржаўнай сымболікай не знайшоў шмат прыхільнікаў


Любоў Лунёва, Менск У часе ўрачыстых сьвяткаваньняў з нагоды Дня Незалежнасьці сябры БРСМ раздавалі мінакам дзяржаўныя сьцяжкі й стужкі на вопратку. Многія людзі адмаўляліся ад атрыбутыкі. На праспэкце Незалежнасьці можна было назіраць шмат юнакоў і дзяўчат са значкамі “За свабоду” і джынсавымі й бел-чырвона-белымі стужкамі на заплечніках. Нягледзячы на заклікі па тэлебачаньні выйсьці на вуліцы 3 ліпеня з чырвона-зялёнымі стужкамі й нават прымацаваць іх на антэнаў уласных аўтамабіляў, нямногія падтрымалі заклік.

У Менску на выходныя няшмат людзей. Сьпёка й тры выходныя дні схілілі людзей зьехаць на лецішчы, у вёску і на азёры. Я размаўляла зь людзьмі на праспэкце Незалежнасьці. Сярод маіх суразмоўцаў былі людзі, якія несьлі дзяржаўныя сьцяжкі, а таксама тыя, што мелі значкі “За свабоду” і бел-чырвона-белыя стужкі, і людзі, якія ня мелі ні таго, ні іншага.

(Хлопец зь бел-чырвона-белай стужкай: ) “Я беларусі фанат, але не Лукашэнкі”.

(Мужчына: ) “А мне не падабаецца хадзіць ні з чым, акрамя свайго інструмэнту. Я інжынэр. Хачу жыць лепей. Канечне, хочацца спадзявацца, як казаў прэзыдэнт, там нейкі кампутарны парк робяць, Крэмневую даліну. Лепш бы я сам апынуўся ў той даліне ў Каліфорніі. Мне было б прыемней. Я б быў упэўнены, што мяне ніхто не пазбавіць пляшкі піва й хлеба”.

(Жанчына сталага ўзросту: ) “Я ня ведаю, хто прасіў. Мяне ніхто не прасіў. Я тэлебачаньня не гляджу, бо там няма чаго глядзець. Самае галоўнае, што я лічу бел-чырвона-белы сьцяг, сьцяг беларускі , сьцяг Ісуса Хрыста сваім”.

(Студэнт: ) “Не, набыць і хадзіць зь ім па горадзе? Навошта мне гэта? Не”.

(Мужчына: ) “Ведаеце, я нармальны дарослы чалавек. Навошта мне гэта?”

(Студэнт БДУ: ) “А сэнс які? Не, я б лепш яго куды-небудзь на дрэва замацаваў. Мне ён не патрэбны”.

(Дзяўчына: ) “Не падабаецца ён мне”.

(Спартовец: ) “Ведаеце, нам давалі гэтыя сьцяжкі. Але, скажу шчыра, я памыў вопратку разам са сьцяжком, і ад яго нічога не засталося”.

(Мужчына: ) “Я не прызнаю гэтага сьцягу. Мой сьцяг — бел-чырвона-белы. Мне чырвонага не давалі, і ён мне не патрэбны. Я мяркую, што гэта контрамеры. Наўрад гэта дапаможа ўладам, бо моладзь ведае, чаго хоча. Наш сьцяг беларускі — гэта сала з праслойкай”.

(Настаўнік: ) “Ну, бел-чырвона-белы мне неяк больш імпануе”.

(Студэнт: ) “У мяне ў заплечніку ляжыць бел-чырвона-белы. Мы здабылі незалежнасьць, а потым яе згубілі й зьмянілі на дыктатуру. Я за дэмакратыю, за свабоду. У нас шмат студэнтаў выгналі з інтэрнату і з вучобы за тое, што мы не хадзілі на выбары. Гэты сьцяг нам як родны. Гэта ня проста словы”.

Увечары сябры незарэгістраваных моладзевых арганізацыяў плянуюць выйсьці на Кастрычніцкую плошчу зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG