Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Гэта сьвята – ня дзень незалежнасьці, гэтае сьвята толькі для Лукашэнкі"


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за панядзелак, 3 ліпеня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Добры дзень, паважанае Радыё Свабода! У мяне такое пытаньне. Раней бальшавікі зьнішчылі нашыя балоты, цяпер драпежна зьнішчаюць нашыя лясы, нашую беларускую мову, культуру – да ўсё падрад. Хто іх спыніць, гэтых нашых злачынцаў, нашую ўладу злачынную?”

(Спадар: ) “3 ліпеня 44-га году – гэта быў дзень вызваленьня Менску савецкімі войскамі. А 28 ліпеня вызвалілі горад Берасьце, і было вызваленьне ўсёй Беларусі. Але яшчэ не было незалежнасьці ў нашай Беларусі, мы жылі пад савецкай акупацыяй, пад бальшавікамі. Нас катавалі, заганялі ў калгас, дзе нас распранулі. А ў нас будзе Дзень незалежнасьці 25-га сакавіка, я лічу. Рана ці позна гэты дзень прыйдзе. Жыве Беларусь!”

(Паплаўскі, Лагойск: ) “Я вам накіраваў ліст некалькі дзён таму. Мне трэба ведаць, ці атрымалі вы яго ці не. Калі атрымалі, абавязкова паведаміце. Гэта вельмі важная справа. Што вы, прыедзеце да мяне, ці не?”

(Маісеенка Генадзь: ) “Калі ўзяць сумленную храналёгію гістарычных падзеяў, то 3 ліпеня можна сьмела называць і нават “сьвяткаваць” як Дзень акупанта. Пры гэтым Дзень незалежнасьці нават не зьяўляецца Днём вызваленьня, бо адных фашыстаў са свастыкай зьмянілі наўпрост іншыя зь сярпом і молатам. Тым больш, як з чалавечых, так і нацыянальных пазыцыяў, нельга аказваць хаця б нейкую дапамогу ў адстойваньні іх так званай незалежнасьці, для якіх самыя страшныя забойцы 20-га стагодзьдзя, Сталін, Гітлер і нават Ленін, зьяўляюцца сымболікай беларускага народу. Супраць іх трэба змагацца, не шкадуючы сілаў, як і з сучаснай Расеяй, якая імкнецца нас паглынуць. Так што трэба змагацца зь імі, а не баяцца іх”.

(Віктар Бутто: ) “У мяне ёсьць пытаньне да журналістаў і радыёслухачоў беларускай Радыё Свабода. Калі ў Менску і ў Беларусі зьявяцца незалежныя сродкі масавай інфармацыі, у якія я змагу зьвярнуцца без цэнзуры? З 1991 году я спрабую атрымаць адказ на гэтае пытаньне ў журналістаў, галоўных рэдактараў, дэпутатаў, чыноўнікаў і другіх грамадзянаў Беларусі, якія на гэтую тэму не жадаюць нават размаўляць, бо яны адносяцца да ўлады, якія мелі ці маюць недатыкальнасьць, якіх улада не чапае, калі гэтага неабходна. А я быў і застаюся толькі ад іх неабароненым і надта залежным, як і большасьць грамадзянаў Рэспублікі Беларусь”.

(Спадар: ) “Хачу выказаць думку наконт сьвята 3-га ліпеня. Шкада гэтых людзей, якія сьвяткуюць паразу ў вайне ўжо больш за 60 гадоў. А наконт дня незалежнасьці, дык яго патрэбна сьвяткаваць у дзень прыняцьця парлямэнтам дэклярацыі, гэта значыць, Вярхоўным саветам. Давайце сьвяткаваць дзень нараджэньня Лукашэнкі 1-га студзеня і ўсіх яго хаўрусьнікаў таксама. Ну, чым не дэбілізм?”

(Спадар: ) “На пытаньне, што можа аб’яднаць беларускае грамадзтва, хачу сказаць наступнае. Лічу, што дадзенае пытаньне для Беларусі неактуальнае. Беларускае грамадзтва маналітна і адзіна. Давайце ўзгадаем “беларускі майдан”, калі яго паказвалі з даху Музэю Вялікай Айчыннай вайны. Гэтая кучка людзей уяўляла сабой вельмі ўбогае відовішча. Ну, што там стаяла пяцьсот чалавек, хай тысяча. Я быў на маршы свабоды 26 красавіка, калі тонкі ручаёк ва главе з Шушкевічам ішоў ад Акадэміі Навук да плошчы Бангалор. Дык хто зь кім павінен аб’яднацца: 90% беларускага грамадзтва альбо 10 % беларускага грамадзтва? Пытаньне, думаю, што рытарычнае”.

(Спадар: ) “Кастрычніцкая Плошча – гэта вынік абсалютна бяздарнай палітыкі ўлады. 10 год закручваньня гаек і затыканьня ратоў перасьледавала толькі адну мэту – стварыць зручны і кіруемы народ. Але вырасла новае пакаленьне, я маю на ўвазе ня толькі моладзь. З гэтымі людзьмі ўжо нельга размаўляць як з пакорным статкам. Кастрычніцкая Плошча – гэта і вынік і моцны штуршок у будучае.

Лідэры ўсіх дэмакратычных рухаў, спыніцеся высьвятляць паміж сабой адносіны! Кожны з вас важны на сваім участку працы, у кожнага з вас ёсьць свае моцныя бакі. У перамогі шмат складальнікаў. Нельга зьнікнуць паасобку, помніце пра гэта”.

(Спадар: ) “Заўтра сьвята вызваленьня, але гэта сьвята – ня дзень незалежнасьці, гэта піярскае сьвята, гэтае сьвята толькі для Лукашэнкі. Хопіць ужо падманваць народ гэтымі сьвятамі. Хопіць зьдзекавацца з народу! Колькі можна атрымліваць жабрацкія пэнсіі і заробкі? Дзякуй Богу, што ёсьць у нас апазыцыя. Калі б не апазыцыя, што б тут адбывалася”.

“На Случчыне ўздымаецца антысэмітызм. Пішуць “Бей жыдоў!” на сьценах, малююць свастыку, а ніхто не прымае ніякіх мэраў. Я жыву ў кватэры, сам габрэй па нацыянальнасьці, дык на маёй кватэры напісалі “Бей жыдоў!”, намалявалі фашысцкую свастыку, а мераў ніхто не прымае. Колькі можна цярпець гэтае бяспраўе? Чаму ўлады не прымаюць мераў, каб змагацца з антысэмітызмам? Колькі можна цярпець?”

(Ларыса, пэнсіянэрка зь Менску: ) “Пра сьвята, якое аб’яднае нас, можна будзе казаць, калі мы станем сапраўднымі беларусамі, навучымся слухаць адзін аднаго, станем адказнымі за будучае нашай бацькаўшчыны, за будучае нашых дзяцей і ўнукаў, навучымся рабіць вынікі са сваіх памылак. У дадзены час у сьвятах недахопаў няма. Я ўжо зьбілася зь ліку, амаль кожны месяц у нас нейкае сьвята. Я лічу, што самае вялікае сьвята ў нашым жыцьці – гэта сьвята перамогі, якое насамрэч у 1945-м годзе аб’яднала наш народ. Астатнія сьвяты ўсім вядомыя, і сьвяткуюць іх кожны па-свойму. А сьвята, якое аб’яднае нас, адбудзецца тады, калі ня будзе людзей, якія вымушаныя сядзець за кратамі, рабіць на нейкай “хіміі”, тады і дадзім адпаведную назву нашаму агульнаму сьвяту. А пакуль пра нейкае агульнае сьвята рана яшчэ казаць, час не наступіў”.

(Спадар: ) “Вось зноў у Рэспубліцы Беларусь шмат што падаражала, у тым ліку цукар і бэнзін. І гэта ня дзіўна, бо як па іншаму можа так эканамічна разьвівацца эканоміка? Для яе разьвіцьця патрэбныя грошы. Як аднойчы казаў Уладзімер Высоцкі: “Грошы – бруд, але бязь іх нікуды”.

Я прапаную ўладзе яшчэ адну крыніцу папаўненьня грашовых сродкаў – увесьці падатак на паветра. Усе мы з нараджэньня да сьмерці дыхаем паветрам. І ўсе будуць плаціць, бо куды дзявацца, ніхто ж ня скажа, што “я не дыхаю і плаціць ня буду”. А хто ня захоча плаціць, таго можна прымусіць дыхаць выхлапнымі газамі. Можна таксама падумаць чыноўнікам і пра тое, каб плаціць за сонца, якое часам зьяўляецца над Рэспублікай Беларусь”.

(Спадар: ) “Я наконт пытаньня, якое сьвята можа аб’яднаць беларусаў. Гэта сьвята агульнага ўжываньня алькаголю, а больш ніякае”.

(Спадар: ) “Прывітаньне, паважанае Радыё Свабода! Хачу падзякаваць вам за вашую працу. У мяне да вас пытаньне. Я прашу палітычны прытулак. Мяне пытаюць, што можа са мной здарыцца, калі мяне дэпартуюць у Беларусь. Ці ёсьць у нашым заканадаўстве закон, які прыцягвае да крымінальна-адміністратыўнай адказнасьці тых людзей, якія прасілі палітычны прытулак за мяжой?”

(Бартось Марыя Іванаўна, в. Квасоўка: ) “Запрашаю ўсіх, хто жадае паглядзець маёнткі княжацкія ў вёсцы Квасоўка Гарадзенскага раёну, якія пабудаваныя за людзкія мазалі! Яны пабудаваныя за гады кіраваньня Лукашэнкі. Працаваць яны не працавалі, сядзелі ў крэслах, каву папівалі, а мы гарбы надрывалі і з пустымі торбамі засталіся”.

(Спадарыня: ) “Паважанае Радыё Свабода! Слухаю вас рэгулярна, дзякую вам за праўду. Хачу выказаць сваё меркаваньне па пытаньню сьвята, якое аб’яднала б усіх беларусаў. На мой погляд, гэта павінна быць рэлігійнае сьвята Вялікдзень. Добра было б, каб праваслаўныя духоўнікі дамовіліся б з каталіцкімі сьвятарамі, і праваслаўныя перайшлі б на новы каляндар, і каб Вялікдзень сьвяткавалі католікі і праваслаўныя разам. А гэтыя новыя савецкія, постсавецкія прыдуманыя сьвяты ня маюць значэньня, бо яны выдуманыя і не ідуць ад душы народу.

Я да вас, паважаная рэдакцыя, маю два пытаньні. Адкажыце мне, калі ласка, чаму абавязкова ў царкву патрэбна жанчыне хадзіць у якім-небудзь галаўным убору? Як паглядзіш у царквы на людзей – бабулькі ў гэтых хустках, аж страх бярэ. У католікаў жанчыны дык бяз хустак ходзяць у касьцёл, і гэта выглядае вельмі прыгожа і інтэлігентна. І другое пытаньне. Чаму праваслаўным трэба плаціць за споведзь?”

(Анастас Семяновіч: ) “Я лічу памылкай рашэньне Нацыянальнага камітэту аб’яднаных дэмакратычных сілаў аб удзеле ў мясцовых выбарах, якія павінны адбыцца ў студзені наступнага году. Для таго, каб прыняць у іх удзел, трэба зьмяніць Выбарчы закон. Першае. Усе камісіі павінны складацца на 50% ад апазыцыі і 50% ад улады. Другое. Датэрміновае галасаваньне адмяніць назаўсёды. Трэцяе. Гнаць людзей на выбарчыя ўчасткі, як статак авечак, забараніць. Па дадзенаму выбарчаму закону браць удзел у выбарах, я лічу, злачынствам перад беларускім народам, бо вынік ужо вядомы загадзя. Перш чым прымаць рашэньне, трэба вельмі думаць, хаця б на паўкроку наперад”.
XS
SM
MD
LG