Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Брусэлі пройдзе круглы стол па сытуацыі ў Беларусі (абноўлены)


Радыё Свабода Сёньня ў сталіцы Бэльгіі адкрылася чарговая сэсія Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Для ўдзелу ў ёй заяўленая афіцыйная дэлегацыя Нацыянальнага сходу Беларусі на чале зь віцэ-сьпікерам Палаты прадстаўнікоў Сяргеем Забалотцам. На асабістае запрашэньне кіраўніцы спэцыяльнай групы ў справах Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Уты Цапф у Брусэль накіроўваюцца лідэры дзьвюх апазыцыйных партыяў — Сяргей Калякін і Анатоль Лябедзька.

Беларускага пытаньня гэтым разам на парадку пленарнага паседжаньня няма. Аднак на сераду, 5 ліпеня, заплянаваны круглы стол для парлямэнтароў, які праводзіць спэцыяльная група ў справах Беларусі. Цяпер асноўнае пытаньне: у якім фармаце пройдзе дыскусія за гэтым сталом: будзе яна двух- ці трохбаковай? Адказ на пытаньне залежыць ад афіцыйнай беларускай дэлегацыі, паколькі яна, адрозна ад прадстаўнікоў палітычнай апазыцыі, яшчэ не пацьвердзіла свайго ўдзелу ў дэбатах. Але, паводле Анатоля Лябедзькі, які ўжо знаходзіцца ў Брусэлі, яго папярэдзілі, што дыскусія адбудзецца ў любым выпадку:

(Лябедзька: ) “Пакуль што афіцыйная дэлегацыя, відаць, не атрымала дазволу зь Менску на свой удзел. Так што круглы стол адбудзецца, але ў якім фармаце, пакуль невядома”.

Да афіцыйнага адкрыцьця сэсіі лідэр АГП сустрэўся з дэлегацыяй Швэцыі ў Парлямэнцкай Асамблеі. А на пытаньне, што ў бліжэйшых плянах, Анатоль Лябедзька адказвае так:

(Лябедзька: ) “Цяпер будуць афіцыйныя выступы, а потым — прыём. Гэта мажлівасьць двухбаковых камунікацыяў і кантактаў. Я папрасіў сустрэчы з прэзыдэнтам Парлямэнцкай Асамблеі. Хацелася, каб гэта было ў сераду, бо ў гэты дзень прыяжджае Сяргей Калякін, і было б добра сустрэцца з прэзыдэнтам асамблеі разам”.

На сэсіі ў Брусэлі будзе абраны новы прэзыдэнт Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, паколькі тэрмін паўнамоцтваў цяперашняга кіраўніка гэтай арганізацыі Эльсі Хастынгза скончыўся. Ці можа ягоны пераемнік прыехаць у Менск? Нагадаю, што нядаўна пра намер наведаць Беларусь заявіў кіраўнік іншай Парлямэнцкай Асамблеі — Рады Эўропы — Рэнэ Ван дэр Ліндэн. Спадар Лябедзька адказвае, што ён у гэтым сумняецца:

(Лябедзька: ) “Я так ня думаю. А што тычыцца заявы Ван дэр Ліндэна, дык яна складаецца зь дзьвюх прапановаў: першая — правесьці канфэрэнцыю ў справах Беларусі. І гэта выглядае даволі лягічна. Адзінае, да гэтага часу такія канфэрэнцыі (пад назвай Венскія тэхнічныя) праводзіліся пад эгідай дзейнага старшыні АБСЭ. А цяпер гэтую ініцыятыву бярэ на сябе Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ. Тут ёсьць рацыянальнае зерне, калі ўсё пройдзе так, як задумваецца. Што датычыцца магчымага прыезду ў Беларусь, дык, я лічу, што гэта несвоечасова. Яшчэ не зажылі раны пасьля выбарчай кампаніі, а магчымы прыезд будзе разглядацца й падавацца выключна як легімітызацыя, хай і ўскосная, таго, што адбывалася ў Беларусі”.
XS
SM
MD
LG