Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт ЗША: пра Беларусь на саміце G-8 будуць гаварыць


БелаПАН Злучаныя Штаты разьлічваюць, што сытуацыя ў Беларусі будзе абмяркоўвацца падчас саміту кіраўнікоў дзяржаў "Вялікай васьмёркі" ў Санкт-Пецярбургу. Як заявілі агенцтву БелаПАН у прэсавай службе дзярждэпартамента ЗША, беларускае пытаньне можа быць разгледжанае, нават калі не будзе ўключанае ў афіцыйны парадак дня сустрэчы.

Варта нагадаць, што сытуацыя ў Беларусі абмяркоўвалася 29 чэрвеня ў Маскве ў межах нарады міністраў замежных спраў краін "Вялікай васьмёркі", якія рыхтавалі парадак дня пасяджэньня кіраўнікоў дзяржаў. У прыватнасьці, амэрыканскі бок узьнімаў пытаньне аб парушэньні Беларусьсю эмбарга ААН праз нелегальныя пастаўкі лёгкай і стралковай зброі.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі пасьля завяршэньня сустрэчы кіраўнікоў МЗС міністар замежных спраў Канады Пітэр Маккей заявіў, што яе ўдзельнікі "шчыра абмяняліся меркаваньнямі, у прыватнасьці, датычна сытуацыі ў Беларусі". Міністар замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў тады падкрэсьліў, што, адказваючы на пытаньні калег адносна сытуацыі ў Паўднёвай Асэтыі, Абхазіі, Прыднястроўі і Беларусі, ён "даў дастаткова фактаў, якія ляжаць у аснове расійскага падыходу да ўсіх гэтых пытаньняў".
XS
SM
MD
LG