Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мачулішчы: падарожжа ў чужую краіну


Віталь Сямашка, Мачулішчы, Менскі раён Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.



На чыгуначным прыпынку “Мачулішчы” вас сустрэне злавесна-гарэзьлівае графіці: “Прывітаньне тым, хто ў Мачулішчах — краіне палёнай гарэлкі ды лёгкіх наркотыкаў”. Гарадзкі пасёлак непадалёк ад Менску адміністрацыйна аформіўся на базе эсэсэраўскага вайсковага гарадка ў 1997-м. З чыгункі да яго ідзеш шыкоўным сасновым борам з ангельскай карабельнай сасной. Мяне ж найбольш уразіла, што на любое маё пытаньне, зададзенае па-беларуску, чуліся адказы, як ад іншаземцаў. Я на тутэйшым кірмашы. Між іншым, на восем тысяч насельнікаў у гарпасёлку тры дзясяткі кіёскаў.

(Карэспандэнт: ) “Шмат будуецца ў Мачулішчах?”

(Спадар: ) “Лучше по-русски, я по-белорусски плохо понимаю”.

(Спадарыня: ) “Пожалуйста, по-русски говорите!”

(Спадар: ) “Тут, в основном, военные живут. Я временный человек здесь”.

Вось і пры адказе на пытаньне пра гісторыю паселішча вам, у найлепшым выпадку, скажуць, што ўсё пачалося з 50-х гадоў мінулага стагодзьдзя, калі тут узьнік вайсковы аэрадром. Мне ўдалося адшукаць адзіную карэнную жыхарку засьценку Аляксандрава, вакол якога збудаваліся Мачулішчы — 86-гадовую былую настаўніцу біялёгіі Ірыну Сьцяпанаўну Ліпень. Яна не зьяжджала адсюль з маленства. Ейнымі ўспамінамі не цікавіліся краязнаўцы, так што інфармацыя сучасным мачулішчанцам незнаёмая. Мы гутарылі ля зарослай сажалкі, што перад ейнай сьціплай хацінай. Кажа, вакол яе ходзяць містычныя легенды.



(Ліпень: ) “Бабулька мне расказвала, што перад рэвалюцыяй 1905-га яна высахла, пасьля зьявілася, у 1917-м зноў зьнікла. У мінулым годзе было менш вады, а ўжо ў гэтым больш — качкі вунь сядзяць. У гэтай сажалцы мы купаліся, білі крыніцы. Лапалі рыбу рукамі, калодзежаў не было, бралі ваду зь яе й есьці варылі. Зьбіралі грыбы-ягады, колькі хочаш. Бацька паляваў — тут і ваўкі былі. Увечары страшна выйсьці — сем дамоў і вакол лес. Птушкі — цяпер ніводнай ластаўкі ня ўбачыце, ніводнай жабы”.

(Карэспандэнт: ) “А сасновы бор быў ужо?”

(Ліпень: ) “Лес быў малады. Ну а потым, як сталі будаваць у 1939-м аэрадром, з Расеі павалілі ўсе, з розных мясьцінаў. Вайскоўцы мяняліся, кожныя рабілі па-свойму, пачалася рубка лесу — вырубілі”.

У Мачулішчах і цяпер базуюцца два палкі — гелікоптэраў ды транспартнай авіяцыі. Але каля 85% мужчынаў — адстаўнікі, якімі становяцца тут у 39 гадоў. Збольшага гэта ўраджэнцы Расеі, якія дагэтуль маюць расейскія пашпарты. Гэта й сакрэт неадэкватнага стаўленьня да беларускай мовы. Дарэчы, Аляксандар Лукашэнка на выбарах тут ці не стоадсоткава перамог. Сапраўднай катастрофай для іх стаў распад СССР. Хутка быў расфармаваны полк дальняй авіяцыі. Пяць зь сямі казармаў былі распрададзеныя. Да прыкладу, бачыў у адной зь іх рэкляму фірмы “Farry”, што вырабляе тут ацяпляльнікі для вокнаў. Праўда, да прыходу новых гаспадароў у казармах расьцягнулі ўсё — аж да пяску з капаніраў. Мне гэта засьведчыў 42-гадовы авіятэхнік ды пэнсіянэр Ігар.

(Ігар: ) “У войску ўсё было па раскладзе, а пасьля гэтага ня ведаюць, што рабіць. Па-першае, у Мачулішчах працы няма, а пэнсіянэраў і ў Менску не асабліва бяруць. Даводзіцца займацца гандлем: хто ў Маскву едзе, хто за мяжу — возяць шмацьцё. Шмат хто, у тым ліку і я, маюць расейскае грамадзянства — было выгадна атрымліваць расейскую пэнсію”.

Пры выключаным мікрафоне суразмоўца назваў пасёлак “адстойнікам для пэнсіянэраў”. Іхнаму лёсу сапраўды не пазайздросьціць.

(Пінчук: ) “Хто перавёўся ў Расею, сем’і паразводзіліся: муж там, жонка тут. А мужчыны былі там без кватэры”.



Гэта і пра маю адзіную беларускамоўную суразмоўніцу Тамару Сьцяпанаўну Пінчук, якая таксама разьвялася з мужам, аэрадромным тэхнікам. Мову выкладае ў адной зь менскіх школаў. Жыве ў Мачулішчах два дзесяцігодзьдзі.

(Карэспандэнт: ) “Народжаныя лятаць, як яны змаглі пасьля гэтага навучыцца поўзаць па зямлі?”

(Пінчук: ) “У каго грошы былі, у таго атрымалася поўзаць: камэрсантамі сталі, справы адкрылі. А хто проста афіцэр, пасьпіваліся — такіх большасьць.А начальства катэджы пабудавала. Мяне сарамацілі нават: вы настаўніца і так гаворыце! Я кажу: мне ня сорамна, таму што я жыву на сваёй радзіме. Я мела на ўвазе, што яны прыехалі зь іншых краінаў і маюць дзьве-тры кватэры, а мне 46 гадоў, і я жыву з 21-гадовай дачкой у адным пакоі з агульнай кухняй. Суседзі пілі. Здаралася так, што я не магла заснуць дома, прыходзіла на заняткі й на ўроку засынала. Зьвярталася ў міліцыю, мне адказвалі, што яны маюць права ў сваім пакоі піць і шумець. Наш двухпавярховы дом вельмі стары, там падлога рыпіць, трубы гнілыя. У нас кватэры непрыватызаваныя. Пытаемся, калі капітальны рамонт — домакіраваньне адказвае, што няма нават чаргі. Восем гадоў стала на чаргу на кватэру, але як я пабудую — бо колькі ж настаўнік грошай атрымлівае?”

Прадмет гонару ды непакою мачулішчанцаў — памянёны сасновы бор. Ён быў высаджаны ў 1865-м у гонар дачок магнатам Цэсіем, дзеля чаго з Ангельшчыны былі выпісаны рэдкія гатункі лускаватай сасны. Тут водзяцца сотні відаў птушак, некаторыя занесеныя ў Чырвоную кнігу.

(Пінчук: ) “Мне падабаецца ісьці празь лес, дыхаць паветрам, любавацца прыродай нашай. І было вельмі непрыемна, калі цэлай плошчай выпальвалі сосны — і нібы, плакалі абгарэлыя, смала лілася”.

Знаёмая вам спадар Пінчук, аднак, ня ведала, што праблема ня ў тым, калі паляць слабыя дрэвы, а ў тым, што рубяць моцныя. Адно здаровае дрэва, паводле ацэнак спэцыялістаў, дае да трох кубоў вагонкі коштам да 500 даляраў, што распальвала апэтыты “спрытнюгаў усіх масьцей”. Словы не мае — сябраў грамадзкага камітэту “Сасновы заказьнік” спадарыняў Тацянаў Сакаловай ды Лебедзевай, а таксама Ірыны Саўковай. Вось ужо два дзесяцігодзьдзі ідзе змаганьне іх ды іхных паплечнікаў за чыстае тутэйшае паветра. Накіраваныя дзясяткі зваротаў у розныя інстанцыі, СМІ, у тым ліку і на “Свабоду”.

(Спадарыні: ) “Узяць гэта вынішчыць — катастрофа будзе для ўсіх нашых дзяцей, унукаў, бо ня будзе такога сьвежага паветра. Рай зямны — салаўі ж сьпяваюць!.. Гэты лес бароніць нас ад шуму: тут ходзяць цяжкавагавыя цягнікі, ЛЭП — ачышчальнік для нас… Мне б хацелася ведаць, куды падзеліся 115 зрубленых соснаў. Яны рубяць хітра, праз адну. У мінулым годзе вось гэту прасёлачную дарогу зрабілі, павалілі дрэвы… Яны нават пні карчуюць, каб не было сьлядоў дрэва, што стаяла сто гадоў!.. Патрэбныя добрыя карабельныя сосны для будаўніцтва лецішчаў, дамоў, за якія ім плацяць валютай”.

(Карэспандэнт: ) “Яны — усё-ткі гэта хто?”

(Спадарыні: ) “У першую чаргу, кіраўніцтва гарнізону... Я падыходзіла да тых, хто пілуе, адназначна гавораць: усе дазволы дае Казлоў”.

Старшыня пасялковага савету ды тутэйшага ж выканкаму Аляксандар Казлоў, паводле суразмоўніц, сваёй уладай і без тлумачэньняў зьняў статус біялягічнага заказьніка ў “Мачулішчанскіх соснаў”, які існаваў з 1998-га. Я зьвязаўся з мэрам гарпасёлку па тэлефоне зь Менску. Той напачатку пацьвердзіў:

(Казлоў: ) “Калісьці ён быў тыпу заказьніка”.

(Карэспандэнт: ) “Гэты статус захаваў бы вашы сосны?”

(Казлоў: ) “Не, былі спэцыялісты. Нашы сосны — пераросткі, і сказалі: наўрад уратуеце, гадоў празь пятнаццаць загадае лес доўга жыць. Рэкамэндуюць нам цяпер высаджваць клён, які не баіцца ценю, і будзе кляновы гай. Плюс падсаджваем маладыя сасонкі”.

(Карэспандэнт: ) “Аляксандар Мікалаевіч, куды падзеліся зрубленыя, паводле лесарубачнага квітка, 115 дрэваў?”

(Казлоў: ) “Я ня раю нават уздымаць гэткага пытаньня, бо стаіць яно непісьменна. Лесьнікі прыяжджалі, адзначалі хворыя дрэвы”.

(Карэспандэнт: ) “Тут і падкрэсьліваюць, што бачылі на свае вочы, як рубіліся здаровыя дрэвы”.

(Казлоў: ) “Я паляўнічы, але не бяруся вызначыць, якое дрэва здаровае, якое хворае. Некаторыя, якія гэта ініцыявалі й ведаюць, мусяць стаць кіраўнікамі лясной гаспадаркі. Я са зьдзекам кажу, але надакучыла гэта пытаньне мусіраваць”.

Інфармацыя да ведама. У структуры Мачулішчанскага бору пераважаюць хваёвыя дрэвы ад 60 да 120 гадоў, якія звычайна жывуць 300 да 500 гадоў, што ўласна й стала адной з падставай стварэньня заказьніка. І, дарэчы, наконт “зьдзеку”. Я сустрэўся з 72-гадовым Эдуардам Сяргеевічам Сяргеевым, памочнікам дэпутата Менскага аблсавету, што сам быў цягам васьмі гадоў намесьнікам старшыні пассавету. Жыве ў Мачулішчах больш за паўстагодзьдзя. А вось вынік ягонай падтрымкі камітэту “Сасновы заказьнік”:

(Сяргееў: ) “Першы раз мяне выклікаў Казлоў: “Ды я вас засуджу!”, роў. Я другую паперу падпісаў. І ён мне тэлефануе: “Як жа вы падпісалі? Калі б вы былі не ў такім узросьце, я б вам набіў морду!”

Другі зварот, пра які згадаў спадар Сяргееў і пад якім было сабрана да тысячы подпісаў мачулішчанцаў — супраць будаўніцтва ў бары дзіцячага садка. Цяперашні садок задавальняе патрэбы гараджанаў хіба напалову. Але дзеля гэтага, паводле Казлова, трэба было вырубіць усяго дванаццаць дрэваў, паводле “грамадзянаў” — каля чатырохсот. У пасёлку на гэты конт узьнік раскол, паведамляюць знаёмыя вам Лебедзева ды Сакалова.



(Спадарыні: ) “Нас падзялілі на два лягеры: наша ініцыятыўная група й моладзь, у якіх ёсьць маленькія дзеткі… У часе збору подпісаў зайшла да чалавека, які пражыў тут усё жыцьцё, дзеці вырасьлі. І калі папрасіла подпіс за захаваньне лесу, яна сказала: хай вырубаюць, мне ўсё роўна ўжо паміраць — маўляў, пасьля мяне хоць патоп”.

(Сакалова: ) “Пасьля звароту ў пракуратуру далі рэкамэндацыі пакінуць гэтае месца і выбраць іншае. Прыяжджала камісія, але што будзе далей — невядома. Год пачакае, пакуль гэта сьціхне, і ўсё пачнецца нанова”.

Зробленае напярэдадні тэлефанаваньне мэру Казлову, нібыта, ставіць апошнюю кропку ў гэтым пытаньні. Наагул, старшыня праменіўся аптымізмам.

(Казлоў: ) “Дзіцячага садка там ня будзе — цяпер спыніліся на вуліцы Лясной. Ніхто ў лесе будаваць не зьбіраецца, падлічылі, эканамічна нявыгадна”.

(Карэспандэнт: ) “Па генпляне на 2007-ты — ня можа на гэтым месцы іншы аб’ект узьнікнуць?”

(Казлоў: ) “Хутчэй за ўсё, не. Лес так і пакінем”.

(Карэспандэнт: ) “Аляксандар Мікалаевіч, на чыгуначным прыпынку бачылі надпіс пра аматараў палёнай гарэлкі ды лёгкіх наркотыкаў?”

(Казлоў: ) “У курсе падзеяў, але прыпынак адносіцца да станцыі Калядзічы нашай чыгункі”.

(Карэспандэнт: ) “Я й не хачу, каб вы за фарбу ўзяліся. А колюцца шмат?”

(Казлоў: ) “А хто вам сказаў, што шмат?! Я ня ў курсе, пару выпадкаў было”.

Што ж, тады разам паслухаем шараговых мачулішчанцаў на вуліцах. Жанчын. Маці.

(Спадарыня: ) “Шпрыцы ёсьць, я ў лесе гуляю, часьцяком сустракаю — і на стадыёне”.

(Карэспандэнт: ) “А наркаманаў бачыце?”

(Спадарыні: ) “Алькаголікаў, прычым вельмі шмат маладых... На дыскатэцы забілі хлопца. Была п’яная бойка, а можа, наколатыя былі. З таго часу закрылі яе — месца адпачынку для моладзі няма ў гарадку”.

(Карэспандэнт: ) “А міліцыя што-небудзь робіць?”

(Спадарыні: ) “Як можна рабіць, калі ў нас няма нават апорнага пункту?!”

У часе далейшай размовы з Аляксандрам Казловым той вымушаны быў прызнаць:

(Казлоў: ) “На сёньняшні дзень аддзел Мачулішчанскі базуецца ў Сеньніцах, бо ў нас ідзе рамонт. Адзіная праблема — адсутнасьць пункту культуры. Раней быў Дом афіцэраў. Будынак мусіць быць адрамантаваны, а грошай у Міністэрства абароны няма, пытаньне завісла. Сытуацыя ў нас неблагая на сёньняшні дзень: з асьвятленьнем выправіліся, лазьню адрамантавалі, Дом быту адкрылі, наступным годам чатыры каапэратыўныя дамы пабудуем, заплянаваны рамонт дарогаў”.

Мушу зноў-ткі вярнуцца да размовы з памочнікам дэпутата Менскага абласавету спадаром Сяргеевым:

(Сяргеяў: ) “Быў сход-сустрэча, нібыта, з кіраўніцтвам раёну. Ізноў ніхто не прыехаў. Народ быў азлоблены. У нас у часе халадоў была тэмпэратура 8—10 градусаў. А яны замест таго, каб перайсьці да справаў, зладзілі канцэрт — трыццаць, сорак хвілінаў. Алег Гаранін выйшаў да трыбуны, кажа: я вам зачытаю, чаму так: зь сямі сьвідравінаў працуюць толькі тры, на пятыя паверхі ледзь падаецца вада, зь пятнаццаці кілямэтраў трубаў адрамантавана толькі 900 мэтраў. Воданапорная вежа дваццаць гадоў не рамантавалася, у любы момант можа абрынуцца. Каналізацыя ў нас на глыбіні дзевяці мэтраў, бо быў стратэгічны гарадок. Аднойчы, калі прарвала, два тыдні чакалі, пакуль з Маладэчна прыехаў экскаватар зь дзідай на восем мэтраў. У любы момант лопнула труба — і ўвесь горад безь цяпла. Яму не ўдалося зачытаць — ня даў Зяновіч, намесьнік старшыні Менскага райвыканкаму па ідэалёгіі”.

Сябры аргкамітэту “Сасновы заказьнік” ня раз падкрэсьлівалі, што зьвязваюць далейшае жыцьцё зь Беларусьсю. Дзеці, маўляў, загавораць на мове. Пакуль жа прыйшлі да неабходнасьці ўдзельнічаць у палітыцы. Дакладней, у плянаваных выбарах у мясцовыя саветы, пра што й паведаміла мне на разьвітаньне спадарыня Сакалова:

(Сакалова: ) “Мы разумеем, што выбары — адзіная магчымасьць зьмяніць сытуацыю, кіраўніцтва пасялковага савету праз сваіх дэпутатаў. Будзем актыўна прасоўваць людзей, не абыякавых да прыроды й жыцьця гарадка. Каб захаваць нашыя зялёныя Мачулішчы”.
XS
SM
MD
LG