Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін з кіраўнікоў афіцыйнага Саюза палякаў затрыманы пры хабары


Радыё Свабода Пры спробе атрымаць хабар быў арыштаваны Чэслаў Гаспадарац — галоўны лекар гарадзенскага абласнога інфэкцыйнага шпіталю. На яго завялі крымінальную справу. Ён зьяўляецца сябрам галоўнай управы Саюзу палякаў і галоўнай рады арганізацыі. Спадар Гаспадарац таксама застаецца дэпутатам Бераставіцкага раённага савету, бо да нядаўняга часу ён працаваў у гэтым райцэнтры.

Папярэдне вядома, што інфэкцыйнаму шпіталю спатрэбілася новая мэбля. Прадстаўнік адной фірмы, што разьлічвала атрымаць замову на мэблю, прынёс 200 даляраў спадару Гаспадарцу. У гэты самы момант галоўнага лекара й затрымалі. Да гэтага часу ён знаходзіўся пад вартай, але ў абласным шпіталі, паколькі яму спатрэбілася лекарская дапамога.

Летась улады забаранілі дзейнасьць абранага дэлегатамі 6-га зьезду кіраўніцтва Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс. Пасьля гэтага зьезд і сярод прайшоў паўторна, сярод магчымых кандыдатаў на пасаду кіраўніка СПБ разглядалі асобу спадара Гаспадарца, але ўрэшце кіраўніком стаў Юзаф Лучнік. Я пацікавіўся ў яго, як ён ставіцца да здарэньня са сваім калегам з Саюзу палякаў?

(Лучнік: ) “Да мяне прыходзіла жонка Гаспадарца, і я напісаў просьбу наконт таго, каб зьмяніць месца ці форму ўтрыманьня яго пад сьледзтвам. У заяве ягонай жонкі было сказана, што ён перанёс апэрацыю і стан яго здароўя складаны”.

Юзаф Лучнік зазначыў, што ўлічыўшы ўсё гэта, ён ад сябе асабіста зьвярнуўся пісьмова ў Ленінскую раённую пракуратуру, якая займаецца справай Чэслава Гаспадарца. Але спадар Лучнік пры гэтым падкрэсьлівае, што афіцыйна Саюзу палякаў не паведамлялі пра затрыманьне ўдзельніка кіроўных органаў СПБ.

(Лучнік: ) “Я магу сказаць толькі тое, што дакладнасьць факту мне невядомая, ведаю пра гэта толькі са словаў жонкі Гаспадарца. Таму меркаваць наконт таго, што здарылася, і агулам аб становішчы, калі няма канкрэтных зьвестак, дык, напэўна, ніхто ня можа, у тым ліку і я”.



На здымку: сядзіба Саюзу палякаў у Горадні сёньня
XS
SM
MD
LG