Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гісторык Анатоль Грыцкевіч: “3 ліпеня – гэта штучнае сьвята”


Радыё Свабода Сёньня ў Менску з нагоды афіцыйнага сьвята Дня Незалежнасьці адбыліся вайсковы парад і афіцыйнае моладзева-спартовае шэсьце. Прымаючы парад войскаў, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што “ўзброеныя сілы Беларусі маюць усё неабходнае, каб пасьпяхова адбіць агрэсію супраць дзяржавы”.

Кіраўнік Беларусі ў сваім выступе на парадзе войскаў Менскага гарнізону заявіў, што ў краіне пасьлядоўна рэалізоўваецца “свая мадэль разьвіцьця, заснаваная на ўзважаных, прадуманых пераўтварэньнях, з захаваньнем усяго лепшага, што мелася раней”. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, “эўрапейскі кантынэнт быў і застаецца найбольш мілітарызаваным у сьвеце”, і ў гэтых умовах прымаюцца неабходныя меры для стварэньня эфэктыўнай сыстэмы нацыянальнай бясьпекі.

(Лукашэнка: ) “У гэты час узброеныя сілы, іншыя войскі і вайсковыя фармаваньні Беларусі маюць усё неабходнае, каб пасьпяхова адбіць агрэсію супраць нашай дзяржавы”.

Кіраўнік Беларусі згадаў таксама вайсковыя вучэньні з удзелам Расеі “Шчыт Саюзу-2007”. Ён заявіў, што на практыцы “пацьверджаная здольнасьць узброеных сілаў абедзьвюх дзяржаваў пасьпяхова выконваць задачы ў справе абароны нашага грамадзтва і Айчыны”.

Падчас параду і шэсьця каля стэлы “Менск — горад-герой” выкарыстоўваліся лёзунгі мінулай выбарчай кампаніі. Да прыкладу, сябры БРСМ несьлі зялёныя балёнікі з надпісам “БРСМ — за моцную і квітнеючую Беларусь”. Падчас прамой трансьляцыі на беларускіх тэлеканалах паказвалі кіраўніка Беларусі ў атачэньні дзяцей у нацыянальных строях, якія прынесьлі яму кветкі. Шэсьце спартоўцаў суправаджалася камэнтарамі пра посьпехі й дасягненьні. Шчасьлівую Беларусь мусілі таксама сымбалізаваць 90 шлюбных параў і шэсьце шматдзетных маці.

Ці слушна сумяшчаць Дзень Незалежнасьці Беларусі з днём вызваленьня Менску 3 ліпеня? Гісторык Анатоль Грыцкевіч лічыць сапраўдным Днём Незалежнасьці 25 сакавіка 1918 году, дзень абвяшчэньня БНР. А што да вызваленьня Беларусі, то, паводле спадара Грыцкевіча, яна была вызваленая 31 ліпеня. Таму тое, што сьвяткавалі сёньня, для гісторыка Анатоля Грыцкевіча ня ёсьць сьвятам.

(Грыцкевіч: ) “Я яго не адзначаю.Тое, што афіцыйныя ўлады вырашылі перанесьці Дзень Незалежнасьці, гэта якраз укладаецца ў тую ідэалягічную, прапагандысцкую ідэю, што ў нас гісторыя Беларусі пачынаецца зь Вялікай Айчыннай вайны — і толькі. Зразумела, што гэта штучнае сьвята, якое патрэбнае ўладзе для таго, каб яшчэ больш ідэалягічна ўзьдзейнічаць на людзей, у тым ліку на моладзь. І проста лішняя нагода для таго, каб паказаць, што яны стаяць ва ўладзе, што яны быццам бы з народам, і такое ідэалягічнае адзінства, якое калісьці абвяшчалася ў савецкі час. Усё гэта вельмі нагадвае былую савецкую прапаганду”.

Даведка: Дзень Незалежнасьці адзначаецца 3 ліпеня штогод, пачынаючы з 1997 году. Рашэньне аб ўсталяваньні Дня Незалежнасьці 3 ліпеня было прынятае на лістападаўскім рэфэрэндуме ў 1996 годзе на прапанову Аляксандра Лукашэнкі. З 1991-га па 1996-ы год Дзень незалежнасьці адзначаўся 27 ліпеня, у гэты дзень у 1990 годзе Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэклярацыю аб сувэрэнітэце Беларусі.
XS
SM
MD
LG