Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нашы дзеці яшчэ ўбачаць помнікі Лукашэнку на вуліцах беларускіх гарадоў”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111” (эфір 2 ліпеня).

У гэтыя дні ў Менску адбываюцца шматлікія афіцыйныя ўрачыстасьці з нагоды Дня 3 ліпеня — даты, якая пасьля прыходу да ўлады Аляксандар Лукашэнкі стала галоўным палітычным сьвятам у дзяржаве. На гэтую тэму й некаторыя лісты ў нашай пошце апошніх дзён. Кароткі допіс ад Васіля Мазалеўскага зь вёскі Гарнякі Маладэчанскага раёну.Слухач разважае пра тое, як варта адзначаць Дзень 3 ліпеня дэмакратычнай апазыцыі:

“Я лічу, што гэта якраз той дзень, калі ўлада павінна пайсьці насустрач апазыцыі й дазволіць ёй удзельнічаць у сьвяточных мерапрыемствах. І апазыцыя павінна мець права выказаць у лёзунгах сваё бачаньне незалежнасьці, свабоды і будучыні сваёй Беларусі. Калі гэта будзе шэсьце, то, я ўпэўнены, у ім возьмуць удзел дзясяткі тысяч чалавек”.

Календары палітычных сьвятаў і гістарычных датаў у беларускай улады і апазыцыі моцна адрозьніваюцца, спадар Мазалеўскі. Апазыцыя лічыць галоўным сьвятам беларускай незалежнасьці 25 сакавіка 1918 году, калі была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. Што да 3 ліпеня, то гэта дзень вызваленьня Менску ад нямецкай акупацыі ў 1944 годзе. У час БССР гэты дзень абвясьцілі Днём вызваленьня Беларусі, але ў пераліку дзяржаўных сьвятаў ён ня значыўся — гэта быў звычайны працоўны дзень. Ініцыятыва наданьня яму статусу галоўнага палітычнага сьвята ў дзяржаве належыць Аляксандру Лукашэнку. І наўрад ці апазыцыя захоча ў гэты дзень стаць пад афіцыйныя сьцягі поруч з прыхільнікамі рэжыму прэзыдэнта Лукашэнкі.

Ліст з расейскага гораду Курску ад Анатоля Фешчанкі. Пра сябе слухач паведамляе, што нарадзіўся ў Беларусі, потым служыў у Савецкай арміі й не з уласнай ахвоты апынуўся ў Расеі, дзе жыве й цяпер. У Беларусі бывае тры-чатыры разы на год і захапляецца тым, што бачыць. Слухач піша:

“Беларусь не пазнаць — як усё зьмянілася! Паўсюль чысьціня, парадак. Усё засеяна, вядзецца будаўніцтва. Карацей кажучы, краіна працуе, жыве, вучыцца. Мне хочацца болей ведаць пра жыцьцё ў Беларусі, але дзяржаўнае радыё даходзіць да нас кепска. Даводзіцца слухаць вашу “Свабоду”. І як жа я абураюся пачутым. У вас няма ніводнага добрага слова пра народ, які жыве там, пра добрыя справы й зьдзяйсьненьні, пра тытанічныя намаганьні беларускага прэзыдэнта, які стараецца, каб рэспубліка жыла ня горш за іншых. У вас увесь час гучаць зарослы барадой Мілінкевіч, развальшчык Саюзу Шушкевіч, нейкія Вінцукі, Лябедзькі ды іншыя. Гэтыя дэмакраты ды іх прыслужнікі ўсім не задаволеныя. Яны з дапамогай вашых Юрасёў ды Кастусёў рвуцца да ўлады, баламуцяць нясьпелыя душы малалетак.

Гэтыя будучыя правадыры не вылазяць з-за мяжы. За якія, цікава, грошы? Відаць, за тыя ж, за якія вяшчаеце і вы. Хто вам і вашым памагатым даў права паводзіць сябе так, ачарняць прэзыдэнта Лукашэнку і ягоны ўрад? Іх выбраў працоўны беларускі народ. Вы ніяк ня можаце зьмірыцца, што ў Беларусі працуюць прадпрыемствы, што ўсе палі засеяныя, што няма тысячаў бяздомных дзяцей, што людзі старэйшага пакаленьня адчуваюць абарону і клопат. Часта вы ў сябе на “Свабодзе” пракручваеце тэлефанаваньні людзей, якія ганьбяць прэзыдэнта. Няўжо вы думаеце, што мы такія наіўныя і ня ведаем, як гэта робіцца. З сотні патэлефанаваўшых вы выбіраеце толькі нэгатыў, дзе зьневажаецца прэзыдэнт. А сумленным людзям ходу няма. Калі б вы былі сумленнымі журналістамі, дык адлюстроўвалі б меркаваньні ўсіх”.

Вы, спадар Фешчанка, можаце лёгка пераканацца ў тым, што памыляецеся. Патэлефануйце на наш аўтаадказьнік, выкажыце свае меркаваньні на тую ці іншую тэму — і яны прагучаць у аглядзе званкоў разам зь іншымі тэлефанаваньнямі слухачоў. Праўда, пры ўмове, што ў выказваньнях ня будзе лаянкі й зьнявагі вашых апанэнтаў. Поўнае адлюстраваньне розных, у тым ліку супрацьлеглых поглядаў на любую грамадзка значную праблему — адзін з галоўных прынцыпаў дзейнасьці Радыё Свабода. Магчыма, расчарую вас, спадар Фешчанка, але ў Беларусі ёсьць ня толькі дагледжаныя засеяныя палі, якія вы бачыце з акна цягніка, але і занядбаныя разваленыя калгасы, дзе палі й сенажаці за апошнія дзесяць год зарасьлі хмызьняком. Кожны раз, калі бываю ў сябе на радзіме на поўначы Шчучынскага раёну, бачу сотні гектараў такіх хмызьнякоў — у мясьцінах, якія памятаю ворыўнымі палеткамі й сенажацямі.

Тое ж можна сказаць і пра вашыя, спадар Фешчанка, сьцьвярджэньні наконт таго, што ў Беларусі працуюць усе прадпрыемствы, што тут няма беспрытульных дзяцей і што беларускія пэнсіянэры задаволеныя сваім жыцьцём. Ёсьць, спадар Фешчанка, і сотні стратных збанкрутавалых заводаў, і тысячы кінутых на волю лёсу дзяцей, і дзясяткі тысяч пэнсіянэраў, якія ледзь сточваюць канцы з канцамі. І людзі, якія жывуць у Беларусі, пра гэта добра ведаюць, бо штодня бачаць на ўласныя вочы.

Наш слухач Сяргей Самаселец са Жлобіна ў сваім лісьце разважае пра некаторыя адметнасьці палітычнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Цытую ліст:

“Некалькі месяцаў таму Амэрыка і Эўропа заявілі, што арыштуюць усе рахункі Лукашэнкі. Ну, і дзе тыя грошы? Ці знайшлі хоць адзін даляр? Маўчаньне. Лукашэнка — сумленны чалавек, які нічога ня крадзе ў свайго народу і не дапускае ніякага культу сваёй асобы. Калі б ён толькі намякнуў — у нас ужо зьявіліся б і вуліцы яго імя, і помнікі, і калгасы, і нават, можа, гарады. А ён усё гэта катэгарычна забараніў. Нават партрэты ў сваіх кабінэтах некаторым чыноўнікам давялося зьняць са сьценаў. І жыве, я ўпэўнены, Лукашэнка сьціпла. Нічога празьмернага ў яго няма. Дастаткова адзін раз яго паслухаць, каб зразумець: чалавек шчыра жадае дабра свайму народу. А пра тое, каб быць узьвялічаным пры жыцьці, ён ня думае. Паглядзіце, ці часта цяпер паказваюць Лукашэнку па тэлебачаньні? Ці называюць яго “вялікім” і “геніяльным”? Ці ўбачыце вы на вуліцы хоць адзін партрэт ці плякат з партрэтам прэзыдэнта?

Лукашэнка думае пра будучыню, пра тое, якім ён застанецца ў гісторыі сваёй краіны, як пра яго будуць успамінаць нашчадкі. І таму глупства кажуць усе вашы аналітыкі, нібы Лукашэнка вядзе Беларусь у пашчу да Расеі. Лукашэнка — першы прэзыдэнт незалежнай дзяржавы, і такім застанецца ў гісторыі. А інтэграцыя — гэта таленавіты палітычны ход, які дазволіў беларусам у самыя неспрыяльныя гады атрымліваць танныя энэрганосьбіты і даў час эканоміцы стаць на ногі. Нашы дзеці яшчэ ўбачаць помнікі Лукашэнку на вуліцах беларускіх гарадоў. Але будзе гэта потым, пасьля нас і пасьля Лукашэнкі”.

Пагаджуся з вамі, спадар Самаселец: калі б Аляксандар Лукашэнка ня стрымліваў сваіх падначаленых, былі б сёньня ў Беларусі і прыжыцьцёвыя помнікі першаму прэзыдэнту, і літаратурныя творы пра яго, і кінафільмы, і жывапісныя палотны… Але хто стварыў такую сыстэму, пры якой сталі магчымымі ўсе гэтыя атрыбуты таталітарнай дзяржавы? Той жа Аляксандар Лукашэнка, вартасьцямі якога вы захапляецеся.

Помнікі, партрэты і назвы вуліцаў — усё гэта дробныя вонкавыя прыкметы грамадзкага ладу, які называюць таталітарным. Прэзыдэнт Лукашэнка, відавочна, усьведамляе, наколькі этэмэрныя і няшчырыя гэтыя праявы чыноўніцкай любові, якія імгненна зьнікнуць, як толькі правадыр выпусьцьіць з рук уладнае стырно. Але гэтае ягонае разуменьне і адсутнасьць помнікаў самому сабе на вуліцах Менску ня робяць сыстэму, створаную ім у Беларусі, больш дэмакратычнай, чым любая іншая аўтарытарная сыстэма, што грунтуецца на асабістай уладзе і адсутнасьці ці абмежаваньні дэмакратычных свабодаў.

На заканчэньне — кароткі ліст ад Алеся Шустоўскага з Барысава. Слухач піша:

“Часта, праходзячы па вуліцы, бачу шыльду з назвай установы па-беларуску: “Прыгараднае лясьніцтва Барысаўскага вопытнага лясгасу”. Лічу, што слова “вопытны” тут ужыта памылкова, бяздумна пазычана з расейскай мовы. Ці я ня маю рацыі?”

Цалкам маеце рацыю, спадар Шустоўскі. Правільна назва будзе гучаць як Барысаўскі досьледны лясгас — гэта значыць, лясгас мае дачыненьне да нейкіх навуковых досьледаў, экспэрымэнтаў. Памылкі ў беларускамоўных назвах установаў, вуліцаў, крамаў сустракаюцца апошнім часам значна часьцей, чым, напрыклад, дзесяць гадоў таму. Тлумачыцца гэта проста: зьмяншаецца колькасьць людзей, якія добра ведаюць беларускую мову, мова не вывучаецца ў большасьці вышэйшых навучальных устаноў, не выкарыстоўваецца ў справаводзтве, грамадзкім і палітычным жыцьці. Як вынік незапатрабаванасьці — адпаведны ўзровень і ведаў, і моўнай культуры. А папрокі, высьмейваньне і крытыка на адрас чыноўнікаў у гэтым выпадку мала што дадуць, а хутчэй здольныя выклікаць адваротную рэакцыю: начальнік загадае проста зьняць няправільна аформленую беларускамоўную шыльду, а пакінуць толькі расейскамоўную. Падобных прыкладаў вядома нямала. За лепшае было б у гэтым выпадку зьвярнуцца да кіраўніка такой установы з парадай і прапановай дапамогі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG