Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: якое сьвята можа аб’яднаць усіх беларусаў?


Севярын Квяткоўскі, Менск Ня ўсе беларусы ўспрымаюць 3 ліпеня як сьвята. Адны лічаць сучасны Дзень Незалежнасьці/Дзень Рэспублікі самым важным сьвятам. Другія гавораць, што сапраўдны Дзень Незалежнасьці — 25 сакавіка. Нехта ўспрымае Дзень вызваленьня Менску 3 ліпеня 1944 году як звычайны выходны, а хтосьці мяркуе, што самае галоўнае сьвята — Новы год. Адказы менчукоў – у апытаньні карэспандэнта “Свабоды”.

(Спадар: ) “Гэты дзень і выходны, і сьвяточны, раз мы беларусы. Вядома, Дзень Незалежнасьці — якое яшчэ сьвята можа быць для ўсіх больш важным?”

(Спадарыня: ) “Дзень Перамогі й Дзень Незалежнасьці важныя для нас, для ўсяго беларускага народу”.

(Хлопец: ) “3 ліпеня да беларускіх сьвятаў ня мае дачыненьня, па-мойму. Важным для ўсіх можа быць той Дзень Незалежнасьці, што быў раней. Дата вылецела з галавы…”

(Дзяўчына: ) “3 ліпеня — Дзень Незалежнасьці”.

(Карэспандэнт: ) “Каго ад каго?”

(Дзяўчына: ) “Ня ведаю”.

(Карэспандэнт: ) “А калі ўтварылася беларуская дзяржава?”

(Дзяўчына: ) “Ня ведаю!” (Сьмяецца.)

(Карэспандэнт: ) “Для вас 3 ліпеня — сьвята?”

(Дзяўчына: ) “Не”.

(Карэспандэнт: ) “А якое сьвята можа быць самым важным для ўсіх, хто жыве ў Беларусі?”

(Дзяўчына: ) “Новы год бы зрабілі паболей”.

(Хлопец: ) “Наколькі я ведаю, сёньня Дзень Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. У 1944-м было вызваленьне ад фашысцкіх акупантаў”.

(Карэспандэнт: ) “А калі беларуская дзяржава стала дзяржавай?”

(Хлопец: ) “Мяркую, ад таго моманту, як яе вызвалілі”.

(Карэспандэнт: ) “А перад тым?”

(Хлопец: ) “І перад тым была, і пасьля была… Мне падаецца, сьвята мусіць быць кожны дзень”.

(Спадарыня: ) “Для мяне 3 ліпеня 1944 году — гістарычны факт. Але ў якасьці дзяржаўнага сьвята… Ня ведаю. Адназначна не скажу, што такое сапраўднае сьвята. Гэта выходны, на працу ня трэба”.

(Карэспандэнт: ) “Якое сьвята можа быць агульным для ўсіх беларусаў?”

(Дзяўчына: ) “Мяркую, каб такое сьвята адбылося, патрэбна, каб адбылася гістарычная падзея. Напрыклад, вызваленьне Беларусі ад дыктатуры”.

(Спадарыня: ) “Для народу Беларусі — адназначна 25 сакавіка”.

(Карэспандэнт: ) “Але ж многія нават ня ведаюць, што адбылося 25 сакавіка 1918-га”.

(Спадарыня: ) “Якое сьвята сёньня можа аб’яднаць усіх грамадзянаў РБ? Няма такога сьвята. Бо ў беларусаў няма адзінства”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG