Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін дзень у сям’і палітвязьня Міколы Астрэйкі (фота)


Ганна Соўсь, Менск Арыштаванага на чацьверты дзень пасьля вясельля 25-гадовага Міколу Астрэйку чакаюць жонка Паліна й бацькі. У кастрычніку ў Міколы павінна нарадзіцца дачка.

Актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” Мікола Астрэйка ад 21 лютага знаходзіцца за кратамі ў сьледчым ізалятары КДБ. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі й замаху на правы грамадзянаў паводле часткі 2 артыкулу 193 новай рэдакцыі Крымінальнага кодэксу, які зьявіўся за некалькі месяцаў да прэзыдэнцкіх выбараў. Менавіта назіраньне за хадой выбараў і зьбіраліся весьці сябры “Партнэрства”.

Заходзячы ў пад’езд дому, дзе жывуць бацькі й жонка Міколы Астрэйкі, ля паштовай скрыні сустракаю ягоную маці спадарыню Яўгенію. Яна толькі атрымала ліст ад Міколы і ўсхвалявана ўскрывае капэрту. Гэта ўжо пяцідзясяты ліст яе сына з-за кратаў.

(Яўгенія Астрэйка: ) “Мы яму напісалі пяцьдзесят шэсьць лістоў. А ён нам вось даслаў пяцідзясяты. Зь іх мы не атрымалі два — другі й дванаццаты. Ён піша празь дзень, а мы пішам у панядзелак, сераду і пятніцу і адвозім на паштамт, каб толькі хутчэй да яго прыйшлі”.

Мікола Астрэйка заўсёды дасылае адразу два лісты — адзін маці, другі — жонцы Паліне.

“Прывітаньне, сонейка! Зусім я безь цябе расклеіўся. Хачу найхутчэй падзяліцца з табой ідэямі пра імя для нашай дачкі. Мне падаецца, цябе павінна спадабацца тое, што я прыдумаў. Спадзяюся, што хутка ўсё раскажу табе на вушка. Як ты сябе адчуваеш? Як наша дзяўчынка? Заставайся заўсёды такой жа прыгожай, вясёлай і разумнай. Я вельмі цябе люблю і штодня дзякую Богу, што ты ў мяне ёсьць. Заўсёды твой, Коля”.

Міколу Астрэйку арыштавалі на чацьверты дзень пасьля вясельля, і з таго часу Паліна ня бачыла мужа. Паводле лекараў, дзіця ў яе народзіцца напачатку кастрычніка.

Яўгенія і Паліна Астрэйкі частуюць мяне зялёнай гарбатай. На кухонным стале поўна прысмакаў, усе яны з крамы. Спадарыня Яўгенія кажа, што раней яна вельмі любіла гатаваць, але пасьля арышту сына больш не выпякае.

(Яўгенія Астрэйка: ) “Я нічога не хачу гатаваць. Не хачу есьці. Каб ня Поля з малой, я б можа і ня ела, і не піла. А раней я заўсёды нешта такое гатавала. У мяне заўсёды было печыва…”

Зь іншага боку, бяда змусіла спадарыню Яўгенію асвоіць кампутар і інтэрнэт. Штодня разам з Палінай яна праглядае сайты, на якіх пішуць пра затрыманых сяброў “Партнэрства”. А вось беларускага тэлебачаньня не глядзяць прынцыпова, кажа Паліна Астрэйка.

(Паліна Астрэйка: ) “Імкнёмся фільтраваць інфармацыю, таму не глядзім беларускага тэлебачаньня, ня слухаем радыё беларускага. Спрабуем як мага больш адмежавацца ад зьнешняга сьвету”.

Пры гэтым сям’я Астрэйкаў адчувае моцную падтрымку сяброў і знаёмых. Ім дапамагаюць трымацца выкладчыкі Беларускага ліцэю, дзе калісьці вучыліся Мікола і Паліна. Потым Мікола скончыў юрыдычны, а Паліна — філязофскі факультэт БДУ. Дарэчы, ведаюць яны адзін аднаго ўжо дзесяць гадоў, а днём знаёмства лічаць 1 верасьня. Паліна згадвае, якія кветкі заўсёды ёй дарыў Мікола.

(Паліна Астрэйка: ) “Такіх кветак, як Коля, мне ніколі ніхто не дарыў. Калі мы бралі шлюб 17 лютага, ён падараваў мне 101 белую ружу. Прыйшлі дадому, я бачу — адзін букет, у другім пакоі — яшчэ. У кожным пакоі былі букеты зь белых ружаў”.

Некалькі дзён таму Паліне споўнілася 25 гадоў, і Мікола павіншаваў яе з турмы праз пошту вершам.

(Паліна Астрэйка: )

“Подернутый прозрачной дымкой, Твой силуэт скользит в окне. Волшебной феей-невидимкой Опять приходишь ты ко мне. Пусть кружат разум сновиденья, Я имя милое шепчу, Избавиться от наважденья Я не хочу. Всегда твой Коля”.

Пасьля затрыманьня Міколы Паліна пераехала жыць да бацькоў мужа, бо не магла знаходзіцца ў пустой кватэры, асабліва пасьля ператрусу. Сьпіць яна цяпер на былым Міколавым ложку. А ў той кватэры засталася калекцыя сланоў, якую ўжо шмат гадоў зьбірае Мікола. Спадарыня Яўгенія распавядае, як нядаўна яна перадала сыну за краты кнігу Ўладзімера Арлова “Сланы Ганібала” з подпісам аўтара. А на спатканьні ў ізалятары КДБ Мікола прызнаўся ёй, што штодня піша за кратамі нататкі й спадзяецца, што зможа захаваць і перадаць іх на волю. Яшчэ падчас навучаньня ў Беларускім ліцэі Мікола пісаў эсэ і фантастычныя апавяданьні. Некаторыя зь іх былі надрукаваныя ў часопісах “Першацвет”, “Спадчына” і “Крыніца”.

Фантастычнае апавяданьне Міколы Астрэйкі “Сьвінаманія” — пра тое, як чалавека садзяць за краты, таму што ён усьвядоміў, што вакол яго ня людзі, а апранутыя сьвіньні. Гучыць урывак з гэтага твору:

“Краты на акне зрабілі новыя, мацнейшыя, а само акно забілі дошкамі. Сьвятло цяпер ішло толькі ад слабой электрычнай лямпачкі, што вісела пад стольлю. Побач са мной у белым халаце стаяў сярэдняга ўзросту парсюк з чорнымі вусамі…”

Цяпер сям’я Міколы Астрэйкі чакае суду і пэўнасьці. Нікога не вініць у сваёй бядзе й спадзяецца на справядлівасьць. Што дапамагае трымацца? Яўгенія Астрэйка адказвае адразу:

(Яўгенія Астрэйка: ) “Нас трымае толькі тое, што ў нас будзе дзіцятка. Апошнім часам бачу ў сьне сваю ўнучку. Сёньня я ёй заплятала коскі…”


Маці Міколы Астрэйкі чытае чарговы ліст ад сына з турмы


Паліна Астрэйка праглядае сайт Радыё Свабода, зь якога дазналася, што суд прызначаны на 20 ліпеня


У адным зь лістоў закрэсьленыя словы — гэта папрацавалі цэнзары


Яўгенія Астрэйка паказвае нумар “Першацвету” за 1996 год з публікацыямі Міколы


Зь бібліятэкі Міколы Астрэйкі


У ЗАГСе за чатыры дні да арышту
XS
SM
MD
LG