Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Фрагмэнты” аднавілі выхад


Севярын Квяткоўскі, Менск Філязофскі альманах выходзіў ад сярэдзіны 1990-х да 2000, і вось пасьля шасьцігадовага перапынку заснавальнік выданьня Ігар Бабкоў прэзэнтуе чарговы, 11-ты выпуск. На 247 старонак прадстаўленыя тэксты тузіна мысьляроў: “клясыкаў” і маладзейшых. “Філязофія”, “Антрапалёгія”, “Гісторыя” ідэяў” завуцца рубрыкі выданьня. Абноўленыя “Фрагмэнты” маюць новы, прафэсійны дызайн ад мастака Міхала Анемпадыстава. Пра “Фрагмэнты” зь Ігарам Бабковым гутарыць наш карэспандэнт.

(Квяткоўскі: ) “Мінула шэсьць гадоў, што за гэты час зьмянілася як для рэдактара?”

(Бабкоў: ) "Па-першае, прыйшла новая генэрацыя мысьляроў-філёзафаў. Гэта вельмі важна. Бяз гэтага я бы не наважыўся узнавіць выданьне альманаху. Напрыклад, Зьміцер Смалякоў, Ігар Гафараў, Глеб Гобзін, Кірыла Ільніцкі… Усё гэта людзі, якія скончылі філязофію ў Менску, Нямеччыне, Вільні, Італіі… Яны спрабуюць думаць. Ня проста ствараць прафэсійныя тэксты. І ў гэтым сэнсе спрабуюць працягваць тую лінію “Фрагмэнтаў”, якая была запачаткаваная".

Ігар Бабкоў адзначае пра крышталізацыю беларускага мысьлярства:

(Бабкоў: ) “У нас нарэшце зьявіліся левыя мысьляры, правыя мысьляры, то бок людзі, якія спрабуюць выявіць і заняць пэўную пазыцыю. Напрыклад, у нумары побач стаяць Макс Шчур – надзвычай цікавы мысьляр, паэт і перакладнік з Прагі, дзе ён займае пазыцыю левага эўрапейскага інтэлектуала, і ў той жа час Сяргей Санько – відавочна правы мысьляр, ідэоляг крыўскага руху. І ў гэтым сэнсе, тая тэрыторыя, на якой яны могуць сысьціся, гэта не тэрыторыя ідэалёгіі, а тэрыторыя менавіта думкі”.

Адноўленыя “Фрагмэнты”, прысьвечаныя 100-годзьдзю зь дня нараджэньня Ежы Гедройца, менчука, выбітнога польскага дзеяча культуры на эміграцыі, выдаўца парыскага польскага інтэлектуальнага часопісу “Культура”.

(Бабкоў: ) “Тэксты Ежы Гедройца, новыя пераклады на беларускую, яны разьмешчаныя ў рубрыцы “Гісторыя ідэяў”. Гэта канцэптуальная пазыцыя. Нам вельмі важна ня проста прачытаць Гедройца, як нашага славутага земляка, ці нейкія ідэі, сугучныя сёньняшняму часу, а перавесьці Гедройца ў традыцыю. Ён ня проста паляк, ня проста беларус, ён усходнеэўрапеец. Частка інтэлектуальнай гісторыі ўсходняй Эўропы”.

Ігар Бабкоў гаворыць, што аналіз актуаліяў пакідае калегам зь іншых часопісаў:

(Бабкоў: ) “У Беларускай культуры раздавалася шмат галасоў пра тое, што, маўляў, усе пішуць для вечнасьці, а каб камэнтаваць бягучы момант, рабіць рэцэнзіі на актуальныя падзеі, гэтага няма. Цяпер гэта ёсьць, напрыклад, той жа часопіс “ARCHE”, які ў пэўным сэнсе ёсьць часопісам беларускай ідэалёгіі. Ён аналізуе і бясконца камэнтуе ўсё тое, што ёсьць актуальным з пэрспэктывы беларускай ідэалёгіі”.

Паводле Ігара Бабкова, “Фрагмэнты” арыентуюцца на незанятую нішу выданьня для людзей, якія цікавяцца адвечнымі філязофскімі пытаньнямі:

(Бабкоў: ) “Мысьленьне, гэта такая дзіўная рэч: здараецца так, што тое, што нам здаецца важным, актуальным і су-часным – сугучным гэтаму часу, – яно трапляе ў сьметнік культуры ўжо празь паўмесяцы-месяц. І большасьць беларускіх выданьняў, якія зарыетаваныя на актуальнасьць, на перапрацоўку матэрыі часу, яны працуюць на кароткую дыстанцыю. Мы ў "Фрагмэнтах" арыентуемся на такія рэчы, якія застаюцца ня ў пэўным месяцы ці годзе, а застаюцца ў эпосе. То бок, арыентуемся на такія тэксты, якія ёсьць камэнтаром да вялікіх часавых адрэзкаў”.

Ігар Бабкоў тлумачыць, што плянуе выдаваць “Фрагмэнты” па меры зьбіраньня якасных тэкстаў.
XS
SM
MD
LG