Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шатляндзкі друк камэнтуе прызначэньне Э.Малафеева дырэктарам клюбу "Хартс"


Радыё Свабода "Малафееў заўсёды лічыўся адным з самых удумлівых і праніклівых гульцоў савецкай зборнай, а потым і такім жа трэнэрам", так камэнтуюць прызначэньне вядомага ў мінулым беларускага футбаліста на пасаду дырэктара эдынбурскага “Хартс” шатляндзкія мэдыі.

Як піша выданьне "Scotsman", “Малафееў быў выдатным форвардам, першым беларускім футбалістам, які забіў 100 галоў у вышэйшай лізе”. Газэта зазначае, што “64-гадовы беларус, па сутнасьці, вяртаецца ў Шатляндыю”. “Менавіта ў 1967 годзе ён у складзе зборнай СССР выступаў супраць шатляндзкай зборнай. Тады “саветы” перамаглі шатляндцаў зь лікам 2:0”. Як зазначае выданьне, з таго часу Малафееў зь вялікай прыязнасьцю ўзгадваў Шатляндыю.

Паводле брытанскіх мэдыяў, Малафееў будзе працаваць ня толькі дырэктарам клюбу, але і асыстэнтам ў выконваючага абавязкі трэнэра Вальдаса Іванаўскаса. Такое прызначэньне зрабіў Уладзімір Раманаў, уладальнік футбольнага холдынгу, у які ўваходзяць клюбы “Хартс”, “Каўнас” і менскі “МТЗ– РИПО”.

Цяпер футбалісты “Хартсу”, а таксама Малафееў, знаходзяцца ў круізе па Міжземным моры. Паводле Раманава, якога журналісты называюць “шатляндзкім Абрамовічам”, круіз ёсьць заахвочваньнем клюбу за ягоныя посьпехі ў мінулым сэзоне. Паведамляецца, што футбалісты ня толькі курсіруюць на яхтах, але і сыходзяць на бераг для ўдзелу ў трэніроўках, якія праводзіць Малафееў.
XS
SM
MD
LG