Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве завяршыўся фэстываль "Магутны божа"


Радыё Свабода Пры поўнай глядзельнай залі з традыцыйным гучаньнем гімна “Магутны божа” завяршыўся ў Магілёве 14 фэстываль духоўнай музыкі “Магутны божа”.

Гран-пры конкурснай праграмы фэстывалю атрымаў калектыў зь менскага музычнага каледжу пад кіраўніцтвам Вольгі Хрыпец. Дыплёмамі і адмысловымі прызамі ўганараваныя калектывы і выканаўцы зь Беларусі, Украіны, Малдовы ды Кітаю. Надзвычай цёпла гледачы віталі беларусаў, украінцаў ды малдаванаў. Час ад час вядучым даводзілася нагадваць пра воплескі.

Сёлетні “Магутны божа” вылучыўся шэрагам адметнасьцяў. Мясцовая ўлада спалучыла яго зь сьвяткаваньнем 65 угодкаў вызваленьня Магілёва ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Упершыню па-беларуску не было фэстывальных агітацыйных матэрыялаў. Некалі выразна праэўрапейскі фэстываль сёлета застанецца ў гісторыі небагатай прадстаўнічасьцю ўдзельнікаў менавіта з Эўропы: на фэстывалі былі прадстаўленыя Беларусь, Украіна, Малдова, Расея ды па адным калектыве з Польшчы і Нямеччыны.

У баку ад арганізацыі фэстывалю засталася грамадзкасьць. Чатыры гады таму быў зьліквідаваны грамадзкі фонд “Магутны божа”. З таго часу арганізацыяй займаецца ўпраўленьне культуры гарвыканкаму.
XS
SM
MD
LG