Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзі прыйшлі на канцэрт і селі на пафарбаваныя трыбуны


Іна Студзінская, Менск Агляд недзяржаўнай прэсы 3 ліпеня

"Витебский курьер". "Танкі гарэлі, як сьвечкі". У бітве пад Сянном 6 ліпеня 1941 года ўдзельнічала ўдвая больш танкаў, чым пад знакамітай Прохараўкай. Два карпусы 20-й арміі пад камандаваньнем генэрал-лейтэнанта Курачкіна мелі каля тысячы танкаў. Прыкладна столькі ж было ў 3-й танкавай групе праціўніка. Толькі пад Сянном савецкія войскі панесьлі велізарныя страты, загінула каля 5 тысяч салдат, а з тысячы машын ацалела толькі 6. Але пра першыя буйныя паразы савецкіх войскаў тады распавядаць было не прынята, таму ў гісторыі пішуць пра Курскую дугу і Прохараўку. А на Віцебшчыне дагэтуль няма нават сьціплага мэмарыяльнага знака ў памяць пра тую страшную бітву.

Слуцкі "Інфа-кур''ер": "Выратаваныя шукаюць героя". У цэнтру Слуцку сярод бела дня пачалі тануць двое сямігадовых хлопчыкаў. Жанчына, якая не ўмее плаваць, кінулася іх ратаваць, але сама пачала тануць. Адважны мінак, які праходзіў у гэты час побач па мосьце, скокнуў у ваду, выцягнуў на бераг усіх трох і сьціпла сышоў. Жанчына і дзеці, якія былі ў шоку, нават не пасьпелі падзякаваць і даведацца, як завуць героя.

"Ганцавіцкі час". На цэнтральным стадыёне райцэнтру меў адбыцца бясплатны канцэрт зорак беларускай эстрады. Што было далей, распавядае Пятро Гузаеўскі.

(Гузаеўскі: ) "Каля чатырох тысяч гледачоў прыйшло. Раённыя ўлады хацелі як лепш, а атрымалася, як заўсёды. Перад самым канцэртам памянялі трыбуны і пафарбавалі. А людзі ня ведалі, прыйшлі, паселі - у сьвяточным адзеньні, белых спадніцах. А ўсталі - з зялёнымі, жоўтымі, чырвонымі поласамі, як футбольныя фанаты на стадыёнах. Дзяўчаты нават плакалі. Многія расстроіліся і нават не дачакаўшыся канцэрту, сышлі". Артыкул у "Ганцавіцкім часе" называецца "Пасьля канцэрту - у хімчыстку".

Івацэвіцкая "Газэта для Вас". Ля возера Чырвонае , што ў Пружанскім раёне, распачалося будаўніцтва турыстычнай вёскі. Там будзе пяць драўляных домікаў (разьлічаных на двух-чатырох чалавек), стылізаваных пад даўніну, але з сучасным абсталяваньнем і ўсімі выгодамі, камфартабэльны гатэль, рэстаран-карчма, музэй народнай творчасьці, спортпляцоўка, лазьня-саўна, канюшня з канямі для выезду і нават аквапарк. Паралельна ў раёне вядуцца працы па стварэньні велатурыстычнага маршруту "Каралеўскі тракт", які зьвяжа польскую Белавежу з Пружанамі і Ружанамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG