Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наваполацак: невядомыя ўварваліся ў кватэру і забілі сабак ды кошак


Радыё Свабода Днямі ў Наваполацку да грамадзянкі, якая трымала ў сябе ў кватэры пяцёх сабак і трох кошак з кацянатамі, уварваліся невядомыя асобы і забілі жывёлаў.

Распавядае жыхарка Наваполацку Людміла Сергіевіч:

(Сергіевіч:) “У маю кватэру пазванілі. На званок мама адчыніла дзьверы і ўбачыла чатырох чалавек – двух мужчын з ружжом і двух жанчын. Жанчыны схапілі яе пад рукі, зацягнулі на верхнюю пляцоўку. А мужчыны ўвайшлі ў кватэру і забілі маіх хатніх жывёлаў: пяць сабачак, двух кошак і трох кацянятаў. Мы да гэтай пары ў шоку: мама наагул ляжыць, не магу зь ёй справіцца. Ніякіх дакумэнтаў у іх не было, ніякага папярэджаньня таксама не было. Абсалютна беззаконны акт гвалту. Я магу меркаваць, але невядома – хто гэта быў, і што гэта было”.

Сьведкаю здарэньня была суседка Людмілы Сергіевіч – Ніна Міхайлаўна.

(Суседка:) “Мне яны не прадставіліся. Яны, напэўна, майстры з ЖКА – тыя дзьве жанчыны. А мужыкі, што былі зь імі, сабак занесьлі ў машыну, кінулі ды паехалі”.

Па факце нападу на сваю кватэру спадарыня Сергіевіч напісала заяву ў міліцыю.

(Сергіевіч:) “Я згодная на любы адказ міліцыі. А потым я паеду ў Менск, і буду зьвяртацца ў “Greenpeece”, у прэзыдэнцкую камісію, у таварыства па абароне жывёлаў. Я проста так гэта не пакіну”.

Паводле сьведчаньні галоўнага лекара Наваполацкай вэтэрынарнай лячэбніцы Юрыя Завалава, грамадзянка Сергіевіч парушала санітарныя нормы ўтрыманьня жывёлаў. Бо, паводле адпаведных правілаў, трымаць у кватэры можна толькі двух хатніх жывёлаў. У зьвязку з тым, паводле Юрыя Завалава, Сергіевіч неаднаразова папярэджвалася і выплачвала штрафы.

Заўважым, што нават калі грамадзянка Сергіевіч і парушала санітарныя нормы, вырашацца такія пытаньні павінны былі ў прысутнасьці работнікаў праваахоўных органаў, пры наяўнасьці адпаведных пісьмовых пастановаў. Прынамсі, такая практыка заведзена ў дзяржавах, якія лічацца цывілізаванымі. Заўважым таксама, што ў прававых краінах бяздомных сабак і кошак не страляюць на вачах у дзяцей, як гэта здараецца ў Наваполацку. Для такіх жывёлаў там уладкаваныя адмысловыя прытулкі.
XS
SM
MD
LG