Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня афіцыйнае сьвята Дзень незалежнасьці (Дзень Рэспублікі)


Ігар Карней, Менск Сёньня афіцыйна адзначаецца Дзень незалежнасьці (іншая назва – Дзень Рэспублікі). Ад 1991 году гэтае сьвята прыпадала на 27 ліпеня, дзень прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі. Аднак зь ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі ў 1996 годзе пытаньне пераносу галоўнага дзяржаўнага сьвята было вынесена на рэфэрэндум і ў выніку сумешчана з Днём вызваленьня Менску ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нагадаем, што дэмакратычнае грамадзкасьць традыцыйнае адзначае Дзень волі 25 сакавіка - -- Дзень БНР. Якім чынам захоўвае сваю незалежнасьць сучасная Беларусь?

Аляксандар Лукашэнка, дзякуючы высілкам якога Дзень незалежнасьці пачалі адзначаць 3 ліпеня, ад пачатку прэзыдэнцкай кар’еры даў зразумець: памятныя даты савецкіх часоў будуць абавязкова вернутыя. Неўзабаве было адноўленае сьвяткаваньне Кастрычніцкай рэвалюцыі, новыя ідэалягічныя формы набылі Першамай, 8 Сакавіка, 9 Траўня. І сумяшчэньне галоўнага дзяржаўнага сьвята з Днём вызваленьня Беларусі ад фашызму – у гэтым шэрагу падаецца цалкам лягічным.

(Лукашэнка: ) “Тут нямалаважны момант зьвязаны, як зрэшты, і ў Расейскай Фэдэрацыі, з тым, што мінула шмат часу. І асабліва што да таго бязчасься, якое было пасьля распаду Савецкага Саюзу і да нядаўняга часу. Але ўсё гэта – нашае багацьце, таму гэта ўсё канцэптуальныя рэчы. І ў імя захаваньня гэтай памяці мы робім усё дзеля таго, каб каменных, бронзавых сьведчаньняў той перамогі існавалі як мага больш”.

Былы паплечнік Лукашэнкі, экс-кіраўнік юрыдычна-прававога ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Пласкавіцкі перакананы: незалежнасьць, пра якую так шмат гавораць “наверсе”, паняцьце збольшага віртуальнае. Насамрэч, цяперашні рэжым надзвычай залежны ад цэлага шэрагу абставінаў, якія, дзеля справядлівасьці, сам і стварыў.

(Пласкавіцкі: ) “Ёсьць яшчэ, акрамя гэтага сувэрэнітэту, дзяржаўнага, у першую чаргу сувэрэнітэт эканамічны. У гэтым накірунку мы ня толькі не зрабілі крокаў наперад, але трапілі яшчэ ў большую залежнасьць ад Расеі, чым нават было пры Кебічы. Гэта безумоўна. Таму што маленькая краіна павінна неяк балянсаваць паміж вялікімі дзяржавамі. Тады яна мае права сказаць “не” ці “так”, калі ёй самой хочацца гэта сказаць. Наша краіна страціла такую магчымасьць у значнай ступені”.

Меркаваньне спадара Пласкавіцкага падхоплівае літаратар, галоўны рэдактар часопісу “Arche” Валерка Булгакаў.

(Булгакаў: ) “Калі рабіць нейкі псыхааналіз, то першае, што кідаецца ў вочы – папросту паўсюдны комплекс непаўнавартасьці, які прысутнічае ў культурніцкіх мэсаджах нашага рэжыму. Гэта ягонае пасыўнае прыняцьцё каляніяльнай антрапалёгіі з комплексам старэйшага і малодшага братоў, якое ўкладаецца ў нейкую каляніяльную тэорыю. Плюс сам спосаб вядзеньня палітыкі, калі па-плебейску выпрошваюцца, выклянчваюцца нейкія рэсурсы ў Расеі коштам адмаўленьня, напрыклад, ад культурнай спадчыны, коштам павелічэньня русіфікацыі, калі гэта выкарыстоўваецца падтэкстам як пэўны аргумэнт у прарасейскай палітыцы”.

За 10 гадоў адзначэньня Дня незалежнасьці 3 ліпеня паразуменьня паміж староньнікамі і супраціўнікамі ракіроўкі ў датах так і не зьявілася. Апазыцыя па-ранейшаму ладзіць свае акцыі 27 ліпеня, улада з усё большым імпэтам выводзіць людзей на вуліцы 3 ліпеня. Аднак былы старшыня Савету Міністраў БССР Аляксандар Аксёнаў перакананы, што менавіта такія масавыя мерапрыемствы ўрэшце і павінны памірыць апанэнтаў.

(Аксёнаў: ) “Гаворка пра тое, каб вырашыць гэтую праблему ў такой творчай, адухоўленай, мірнай абстаноўцы, не настойваючы ні на якіх, я б так сказаў, вострых альбо непрыемных для іншага боку сытуацыях”.

На сёньня заплянаваныя сьвяточныя шэсьці з удзелам кіраўніцтва краіны, ветэранаў, актывістаў афіцыйных моладзевых рухаў. Анансавалася, што ўпершыню ў калёне пройдуць нават маладыя мамы з немаўлятамі. А вось мастак-франтавік Міхаіл Савіцкі гэты дзень зьбіраецца правесьці ў майстэрні. Як кажа, агульных інтарэсаў з публікай, якая весяліцца на плошчах, ня мае.

(Савіцкі: ) “Найперш, я не зусім здаровы, у мяне радыкуліт. Чаго туды-сюды хадзіць? Там сустракаюцца здаровыя, вясёлыя людзі, што ім да хворага старога? Дый я нічога ня ведаю ні пра якія мерапрыемствы. Апроч таго, што зрабіў працу для выставы без усялякіх асыгнаванняў. Вось гэта і ёсьць мой удзел у сьвяце, як усялякага працаўніка. А ўвогуле я рады, што хоць хтосьці ў гэты дзень мне затэлефанаваў. Усяго добрага вам”.
XS
SM
MD
LG