Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Наваградку пачаўся сярэднявечны фэст "Наваградзкі замак"


Міхал Карневіч, Наваградак Сёньня ў Наваградку адбываецца чацьвёрты сярэднявечны фэст "Наваградзкі замак". У першай сталіцы Вялікага княства Літоўскага цэлы дзень гучыць сярэднявечная беларуская музыка. На Замкавай гары адбываецца конны рыцарскі турнір і турнір лучнікаў.

Сярэднявечны фэст "Наваградзкі замак" ладзіцца раз на два гады. У Наваградку сёньня шматлюдна, цэнтар горада нагадвае сярэднявечны кірмаш. Індзе гандаль сувэнірамі, па ўсім пляцы расстаўленыя сталы, людзі п''юць піва і закусваюць шашлыкамі. На плошчы – сцэна, дзе адбываецца конкурс маладых выканаўцаў беларускай музыкі. Перад сцэнаю моладзь таньчыць, на пляцы снуюць рыцары, манахі, прыгожыя панны ў сярэднявечных строях.

Усё дзейства адбываецца на плошчы і ў замку. Асаблівая цікавасьць да замку – там конны рыцарскі турнір, а таксама турнір лучнікаў. Таксама сёньня па Наваградку можна праехаць вярхом на кані, паспрабаваць кінуць дзіду і стрэліць з лука. Праўда, зараз усё за грошы. За тое, каб паглядзець на рыцарскі турнір, трэба заплаціць за ўваход пяць тысяч рублёў.

Фэстываль патроху набывае камэрцыйныя рысы. Праўда, як заўважае адзін з арганізатараў фэсту, Ігар Міхно, узровень мерапрыемства з кожным годам расьце. Напрыклад, калі на першы фэст у 2000 годзе цяжка было знайсьці музыкаў, якія б выконвалі старадаўнія беларускія мэлёдыі, то сёньня адбываецца ўжо конкурс такіх выканаўцаў. Упершыню сёлета пераможцы рыцарскіх турніраў узнагароджваюцца срэбнымі пярсьцёнкамі з пазалотай – копіямі таго пярсьцёнка, які належаў калісьці князю Міндоўгу.

Сёньня ў Наваградку шмат гасьцей. Сярод рыцараў – госьці з Украіны і Расеі, а таксама музычныя гурты, якія даюць канцэрты старадаўняй музыкі.

У нядзелю самае цікавае дзейства пачнецца пасьля абеду, калі войска тэўтонскага ордэну пачне штурм наваградзкага замку. Гэта будзе інсцэніроўка падзей 1394 году. Немалаважная рэч: у Наваградку сёньня выдатнае надвор''е. І яшчэ: нягледзячы на тое, што сярэднявечны фэст адбываецца ўжо чацьвёрты раз, яго і надалей ігнаруе высокае начальства зь Менску. Ніводнага разу не прысутнічаў тут нават міністар культуры.
XS
SM
MD
LG