Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік – Эдвард Зайкоўскі


Эдвард Зайкоўскі, Менск Новая перадача сэрыі "Прыватны дзёньнік". Свае асабістыя нататкі мінулага тыдня падае археоляг, дасьледчык дахрысьціянскае духоўнай культуры Беларусі і старадаўняй беларускай кухні Эдвард Зайкоўскі.

25 чэрвеня, нядзеля

Падняўся, як для выходнага дня, досыць рана – сёньня зьбіраюся разам з сябрамі ў вандроўку. Пасьля сьняданьня кіруюся на другі канец Менску, дзе павінен чакаць аўтобус. Удзельнікі вандроўкі – а гэта пад паўсотню чалавек – зьяжджаюцца даволі марудна і збор зацягваецца на паўгадзіны пазьней прызначанага часу. Нехта жартуе, што ўсё адбываецца паводле даўніх беларускіх традыцый: маўляў, у 1567 годзе паспалітае рушэньне Вялікага Княства ўвогуле сабралася са спазьненьнем на два месяцы. Нарэшце падыходзіць загадзя замоўлены аўтобус і займаем у ім свае месцы. Накіроўваемся ў Ігумен (цяперашні Чэрвень), дзе ў пачатку вайны НКВД расстраляла тысячы вязьняў з турмаў Менску, Вільні і іншых гарадоў, калі стала зразумела, што няма магчымасьці эвакуяваць іх далей на ўсход. У асноўным гэта былі, вядома, так званыя “ворагі народу”, асуджаныя паводле сумнавядомага 58-га артыкулу.

Пакуль аўтобус бяжыць па Магілёўскай шашы, любуюся краявідамі. Самы разгар лета, прырода буяе. Пасьля асабліва абрыдлай сёлетняй зімы, задужа марознай і доўгай, ніяк не магу нацешыцца летнім цяплом і хараством квітнеючых прастораў. Гэта ў мяне бадай ад продкаў, таму што для беларусаў, у адрозьненьне ад некаторых іншых народаў, ніколі не была характэрнай паэтызацыя зімы, што добра бачна па нашым фальклёры. Мне могуць запярэчыць, што ёсьць жа ў Максіма Багдановіча цудоўна верш “Здароў, марозны звонкі вечар...” Верш сапраўды прыгожы, але ж ня трэба забывацца, што Багдановіч у асноўным выхоўваўся ў Ніжнім Ноўгарадзе ды Яраслаўлі, дзе і спрадвечнае ўспрыняцьце зімы іншае.

Становіцца шкада, што пазаўчора нідзе ня здолеў пабываць на Купальлі. Вядома, можна знайсьці апраўданьні: і што ў Купальскую ноч, як потым аказалася, быў моцны дождж, а таксама што і ўзрост у мяне ўжо ня той, а з маіх калегаў амаль ніхто Купальле не сьвяткуе. Але гэтыя апраўданьні хутчэй ад душэўнай ляноты, а лепш прытрымлівацца прынцыпу: “Калі ня я, то хто ж?” Добра, што хаця б пасьпеў павіншаваць з Купальлем некаторых сваіх сяброў.

Але вось уяжджаем ужо ў Чэрвень. Мясцовы краязнаўца, які сам быў сьведкам тых расстрэлаў 26 чэрвеня 41-га году, спачатку паказвае нам былы будынак Чэрвеньскай перасыльнай турмы, у якім у пасьлясталінскія часы была бальніца для псыхічна хворых. Кажуць, адзін з арыштаваных у 38-м годзе, які звар’яцеў ад усяго перажытага, праз два дзесяткі гадоў апынуўся ў той бальніцы. Пасьля агляду будынка былой турмы едзем за горад, дзе ў некалькіх месцах пастаўлены крыжы на месцах масавых расстрэлаў, ускладаем там кветкі. Асабліва ўражвае аповед аднаго з удзельнікаў паездкі, які пасьля вайны ў двухгадовым узросьце быў асуджаны разам са сваёй маці да ссылкі па палітычным артыкуле, а рэабілітаваны толькі праз 50 гадоў. І пасьля такога дзікунства некаторыя ізноў спрабуюць вярнуць крывавага Сталіна на п''едэстал, скардзяцца, што гісторыкі і публіцысты незаслужана ачарняюць “мудрага правадыра”. У мяне самога дома на кніжнай паліцы стаіць фотаздымак роднай цёткі, якую, калі яна з Заходняй Беларусі ў 37-м годзе усьлед за мужам пайшла у Савецкі Саюз, арыштавалі як “польскую шпіёнку” і па абвінавачваньні ў тым, што яна з мэтай дывэрсіі прабіралася ў горад Магнітагорск (пра які да таго, напэўна, ніколі і ня чула), якраз у дзень нараджэньня Сталіна расстралялі.

Вечарам, пасьля вяртаньня з паездкі, спрабую трохі працаваць, а таксама рассылаю са свайго мабільніка некалькі SMS-ак па розных бягучых справах знаёмым. У адказе ад самага блізкага чалавека, зь якім ужо больш году падтрымліваем адносіны, гаворыцца, што мой папярэдні ліст, пасланы адмыслова ў Купальскі вечар, яго “азадачыў”. На душы становіцца трохі трывожна: ці адэкватна мяне зразумелі? Як давесьці гэтаму чалавеку шчырасьць сваіх намераў, і што мы самім лёсам наканаваныя адно адному?

26 чэрвеня, панядзелак

На працы доўга прыводжу ў парадак свае матар’ялы, якіх назьбіралася дужа багата. Трэба пастарацца ўсё гэта хутчэй апублікаваць у абагульняючай манаграфіі, прывесьці ў кампактны выгляд. Ды толькі вось па розных прычынах не ўдаецца пакуль штодзень пісаць па некалькі старонак тэксту. Пасьля еду адведаць сваю дачку Данусю. Тая заклапочаная пошукамі паходнай амуніцыі, паколькі ў яе заўтра пачынаецца пешая пілігрымка да абраза Маці Божай у Будслаў. Удзельнічае ў такой пілігрымцы ўжо не ўпершыню, прызвычаілася праходзіць у гарачыню па 30 кілямэтраў за дзень. Вось якое падрастае цяпер маладое пакаленьне, ня толькі адукаванае, але і далучанае да духоўных каранёў, любячае родную мову і культуру! Ня тое, што ў гады майго юнацтва, калі з нас стараліся зрабіць вульгарных homo sovieticus. Паколькі ў мяне ісьці ў пешую пілігрымку няма магчымасьці, трэба будзе ў канцы тыдня хоць зьезьдзіць у Будслаў на сьвята.

27 чэрвеня, аўторак

Сёньня ў нашым інстытуце адносна шматлюдна, паколькі некаторыя археолягі прыехалі з экспэдыцый для прысутнасьці на пасяджэньні Вучонай рады. У прыватнасьці, вярнуліся мой сусед па пакоі, кнігу якога павінны адобрыць да друку, і ягоныя рэцэнзэнты. У мяне ж пакуль іншы клопат – сабраць свае знаходкі з раскопак паганскага сьвяцілішча ў Бераставіцкім раёне і перадаць іх прадстаўніку арганізацыйнай групы будучага музэя ў Бераставіцы. Археалягічных помнікаў у гэтым раёне вядома вельмі мала, але тым больш каштоўнай уяўляецца кожная знаходка, асабліва з улікам таго, што сьвяцілішча гэта як для Беларусі зьяўляецца, можна сказаць, узорна – паказальным. З раніцы зьбіраю патрэбныя рэчы у фондах інстытуту, потым зьяўляецца прадстаўнік з Бераставіцы. Пакуль складаю акт здачы-прыёмкі знаходак, у размове высьвятляецца, што стваральнік музэю па адукацыі філёляг, доўгі час працаваў у раённай газэце. У свой час вучыўся разам з некаторымі вядомымі цяпер пісьменьнікамі. Мяне ж цешыць тое, што паўсюдна ствараецца ўсё больш раённых музэяў, вось дайшла чарга і да Бераставіцы, дзе да таго ж восеньню нарэшце зьбіраюцца правесьці ўпершыню краязнаўчую канфэрэнцыю. Вось і мае знаходкі перастануць пыліцца ў падвале, і на іх змогуць штодня глядзець далёкія нашчадкі тых, каму гэтыя рэчы належалі першапачаткова.

28 чэрвеня, серада

Спраў, як заўсёды, шмат, невядома за што і брацца спачатку. Акрамя ўсяго іншага, трэба нарэшце адпісаць ліст у Палтаву ўкраінскаму дасьледчыку міталёгіі, з якім мы абменьваемся навуковымі зьвесткамі. Пакуль што з раніцы заняты пошукамі аналёгій беларускім матэрыялам. Трапляюцца дужа цікавыя агульныя рысы ў рэлігіі і звычаях старажытных жыхароў Беларусі ды тагачасных насельнікаў Заходняй і Цэнтральнай Эўропы. Некаторыя зьявы ў культуры, якія на першы погляд здаюцца чыста славянскімі, на самой справе зарадзіліся ў кельтаў, пасьля праніклі да германцаў, а ўжо ад іх – да славянаў. Ці паводле паасобных паганскіх звычаяў, вымалёўваецца зусім іншы падзел славянскага сьвету ў сярэднявеччы, чым гэта звычайна прынята лічыць. Проста дзіўна, як ўсяго гэтага доўгі час не заўважалі іншыя археолягі, часам дастаткова вядомыя.

Пад вечар раблю шпацыр вакол невялікага возера паблізу майго дому. Хараство незвычайнае, асабліва на супрацьлеглым беразе, дзе яшчэ зусім нядаўна была вёска, але і цяпер яшчэ захаваліся сады, а каля некаторых сядзібаў маюцца маленькія вінаграднікі. Вярнуўшыся дахаты, пасьпяваю яшчэ трохі пачытаць кнігу ангельскага гісторыка Арнольда Тойнбі “Спасьціжэньне гісторыі”.

29 чэрвеня, чацьвер

Сёньня дзень сьвятых Пятра і Паўла, даволі значная дата ў народным календары. У дзяцінстве сярод вяскоўцаў часта чуў прымаўку: “Чакай Пятра – сыр зьясі”. І сапраўды, на гэты дзень заўсёды было прынята рабіць сыр. Пазьней гэтая прымаўка ў пэўнай меры мяне падштурхнула да напісаньня артыкулу пра сэмантыку сыру ў народных абрадах і вераваньнях. Паводле традыцыі, заўсёды стараюся ў гэты дзень пачаставацца сырам, вядома ж, менавіта тварожным. Але пра гэты дзень добра запомнілася яшчэ адна прымаўка: “Прыйшоў Пятрок – апаў лісток, прыйшоў Ільля – апалі два”. І сапраўды, пасьля Купальля, якое адпавядае летняму сонцастаяньню, дзень пакрысе стаў скарачацца і паступова, яшчэ амаль непрыкметна, набліжаецца восень. Таму трэба, пакуль падбадзёрвае гарачае летняе сонца і пакуль прырода яшчэ ў самым росквіце, старацца больш зрабіць, каб сустрэць непазьбежную восень важкімі здабыткамі.
XS
SM
MD
LG