Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што лучыць Беларусь і Вэнэсуэлу?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды” (эфір 28 чэрвеня). Удзельнікі: палітоляг Алесь Лагвінец і старшыня міжнароднай камісіі Партыі БНФ Ігар Лялькоў.

(Валер Карбалевіч: ) “Беларускія дзяржаўныя мэдыі зь вялікай сымпатыяй пішуць пра прэзыдэнта Вэнэсуэлы Ўга Чавэса. Дасюль кантакты адбываліся на ўзроўні дзяржаўных дэлегацыяў. І вось прыйшло паведамленьне, што пры канцы ліпеня Ўга Чавэс наведае Беларусь зь візытам. Ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі, у якой знаходзіцца Беларусь, гэта падзея. Якія дачыненьні зьвязваюць дзьве краіны? Эканамічныя сувязі паміж краінамі невялікія, хоць Вэнэсуэла і багатая на нафту. Чым тлумачыцца гэты візыт?”

(Алесь Лагвінец: ) “Беларусь і Вэнэсуэлу зьвязваюць падобныя палітычныя рэжымы. У абедзьвюх краінах харызматычныя лідэры кіруюць з дапамогаю папулізму, абмежаваньня свабодаў. Таксама яднальным момантам зьяўляецца антыамэрыканізм, які дапамагае знайсьці вонкавага ворага дзеля атрыманьня палітычных дывідэндаў ва ўласных грамадзтвах. Таксама магчыма супрацоўніцтва ў вайсковай галіне”.

(Ігар Лялькоў: ) “З прычыны міжнароднай ізаляцыі гэтыя рэжымы знайшлі адзін аднаго, каб даказаць сваім грамадзянам, што ізаляцыі няма. Прапагандысцкі складнік гэтага візыту зьяўляецца адным з галоўных. Зь іншага боку, для беларускага рэжыму важна паказаць, што ён нешта значыць на міжнароднай арэне. Харызматычны лідэр Лукашэнка імкнецца ўплываць ня толькі на сваіх уласных грамадзянаў, але хоча быць аб’ектам захапленьня міжнародных суб’ектаў. Але такіх суб’ектаў няшмат, таму кожны зь іх — на вагу золата. Таму візыт прэзыдэнта далёкай ад Беларусі краіны павінен сьведчыць, што беларускі рэжым мае доўгія рукі й сувязі па ўсім сьвеце.

Зразумела, ёсьць ідэалягічная блізкасьць паміж рэжымамі, блізкасьць на глебе антыамэрыканізму й антызаходніцтва. Прэзыдэнты Чавэс і Лукашэнка прэтэндуюць на тое, каб гуляць нейкую своеасаблівую ролю ў сёньняшнім усясьветным парадку. Таму тут імкненьне паказаць еднасьць двух патэнцыйных лідэраў шматполюснага сьвету. Пытаньні эканамічных сувязяў будуць на другім пляне. Магчыма, акрамя супрацоўніцтва ў вайскова-прамысловым комплексе. Гэта адзіны сур’ёзны складнік па-за межамі ідэалёгіі ў гэтых кантактах”.

(Карбалевіч: ) “Падаецца, існуе тэндэнцыя супрацоўніцтва Беларусі зь дзяржавамі-ізгоямі. Вядомае сяброўства з Кубаю, Іранам, Суданам, рэжымамі Мілошавіча ў Югаславіі і Садама Хусэйна ў Іраку, візыты Лукашэнкі ў Лібію. Чым тлумачыцца такая палітыка?”

(Лагвінец: ) “Калі кіраўнікі краінаў адмаўляюцца сустракацца зь лідэрамі, якія парушаюць агульнапрынятыя нормы, то апошнія выкарыстоўваюць любую магчымасьць, каб атрымаць палітычныя дывідэнды. У гэтым годзе ў Вэнэсуэле адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. Магу прагназаваць, што яны будуць падобныя да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў сакавіку. Таксама ў дзяржавах-ізгоях можна знайсьці грошы, якія, пры адсутнасьці значных замежных інвэстыцыяў, можна прыцягнуць у эканоміку Беларусі. Тэндэнцыя да збліжэньня Беларусі й Вэнэсуэлы была заўважаная летась, калі абодва прэзыдэнты выступалі ў ААН. Выступ Чавэса быў больш красамоўны і яскравы. Абодва выступы былі скандальныя й скіраваныя супраць ЗША”.

(Лялькоў: ) “Гэта вымушанае сяброўства. Бо я ўпэўнены, што чыноўнікам ураду, МЗС Беларусі й, магчыма, самому Лукашэнку было б нашмат больш прыемна сустракацца з Шыракам, Мэркель, Качыньскім. Але пакуль з такімі лідэрамі сустракаецца Мілінкевіч. Таму Лукашэнку застаюцца сустрэчы толькі з такімі адыёзнымі палітыкамі, як Чавэс ці Кадафі. Дый такія сустрэчы адбываюцца рэдка.

Таму трэба імітаваць міжнародную актыўнасьць, сваё значэньне ва ўсясьветнай палітыцы. Таму прымаюцца любыя прапановы. Лукашэнка сустракаецца з кіраўнікамі фірмаў, трэцяраднымі чыноўнікамі з Эўропы, Амэрыкі, каб даказаць, што ў Беларусі існуе міжнародная палітыка. Трэба паказаць насельніцтву й чынавенству, што нашая замежная палітыка не абмяжоўваецца постсавецкай прасторай. Таму афіцыйны Менск хапаецца за любыя прапановы, як тапелец за саломінку. А кіраўнікі рэжымаў, якія вы пералічылі, зацікаўленыя ў тым жа”.

(Карбалевіч: ) “Ці ёсьць, акрамя псыхалягічнага задавальненьня, нейкі практычны сэнс у такім сяброўстве для дзейнага беларускага рэжыму? Што атрымлівае афіцыйны Менск ад такіх дачыненьняў?”

(Лагвінец: ) “Магчыма, будуць кантракты на пастаўку ў Вэнэсуэлу беларускіх узбраеньняў альбо расейскіх — празь Беларусь. Пакуль ёсьць высокая цана на нафту, то, магчыма, будзе зробленая спроба заахвоціць адносна багатую Вэнэсуэлу інвэставаць у эканоміку Беларусі. Але ўсё гэта будзе хаваць пустэчу ў замежнапалітычнай дзейнасьці беларускай дзяржавы”.

(Лагвінец: ) “Найперш, такая палітыка скіраваная на ўласнае насельніцтва. Таму што беларускі рэжым — інтравэртны, ягоным асноўным суб’ектам узьдзеяньня зьяўляецца ўласны народ. Зразумела, Лукашэнка будзе казаць, што еднасьць з Чавэсам ёсьць дэманстрацыяй сілы Беларусі й Вэнэсуэлы перад абліччам “ўсясьветнага агрэсара ЗША”. Але баюся, што ў амэрыканскім істэблішмэнце і мэдыях гэты візыт ня будзе заўважаны. Таму гэтыя дэклярацыі наўрад ці дасягнуць адрасата.

Акрамя прапагандысцкай сфэры, асноўная супраца можа палягаць у вайсковым кірунку. Тут, магчыма, гаворка нават ня будзе ісьці пра продаж зброі. Бо Беларусь ужо распрадала ўсе старыя савецкія запасы зброі. Хутчэй, перамовы могуць ісьці пра рамонт і абслугоўваньне старой савецкай вайсковай тэхнікі, якая ёсьць у Вэнэсуэлы, беларускімі спэцыялістамі. Было б някепска атрымаць вэнэсуэльскія інвэстыцыі ў беларускую эканоміку, бо Вэнэсуэла можа мець пэўны запас грошай ад продажы нафты. Але беларускі рэжым ня вельмі зацікаўлены адкрываць сваю эканоміку для замежных грошай, нават калі яны ідуць з краіны з ідэалягічна блізкім рэжымам. Таму наўрад ці варта чакаць нейкіх сур’ёзных вэнэсуэльскіх інвэстыцыяў”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, плянаваны візыт прэзыдэнта Вэнэсуэлы Ўга Чавэса ў Беларусь працягвае традыцыю сяброўства Беларусі зь дзяржавамі-ізгоямі. Такая палітыка тлумачыцца ідэалягічнымі прычынамі, падабенствам палітычных рэжымаў ды імкненьнем атрымаць прапагандысцкія дывідэнды”.
XS
SM
MD
LG