Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Артур Фінькевіч асвойвае “хімію”


Любоў Лунёва, Менск Актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Артур Фінькевіч будзе адбываць пакараньне на “хіміі” № 45 у Магілёве. Адміністрацыя спэцкамэндатуры запэўніла Артура, што пераводзіць хлопца ў іншае месца не плянуюць. Пасьля 5 ліпеня супрацоўнікі камэндатуры знойдуць хлопцу месца на працы. Артур Фінькевіч лічыць, што ўмовы ўтрыманьня ў спэцінтэрнаце даволі някепскія.

Артура Фінькевіча перавялі ў іншы пакой. Першую ноч ён правёў у пакоі, дзе апроч яго былі яшчэ пяцёра чалавек. Цяпер у 15-мэтровым пакоі ягоныя суседзі – аднагодка Артура і мужчына гадоў 40. У інтэрнаце знаходзяцца больш за дзьве сотні чалавек. У канцы калідора прыбіральня з трох кабінак, а на першым паверсе – душ. Спэцкамэндатура ў Магілёве ўзорна-паказальная. Сюды супрацоўнікі Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў возяць на экскурсію сваіх калегаў, а таксама правяраючых.

Паводле правілаў унутранага распарадку, карыстацца мабільным тэлефонам у інтэрнаце нельга. Яго выдаюць толькі тады, калі чалавек ідзе на працу. Але Артуру выдалі тэлефон у дзяжурнай частцы на некалькі хвілінаў, і ён падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад знаходжаньня на “хіміі” са слухачамі Радыё Свабода:

(Фінькевіч:) “Установа абмежаваньня волі, а не піянэрлягер. Празь месяц мне дазволяць па выходных выходзіць у горад на гадзінку, ці дзьве”.

(Карэспандэнтка:) “Як ты харчуесься?”

(Фінькевіч:) “У мяне ёсьць электрычны гарбатнік. Заліваю сухую кашу вадой… Нармалёва. Сала падрэжу, гарбаткі скіпячу, мядку – і нармалёва. Ёсьць душ на першым паверсе. Зразумела, што людзей вельмі шмат, і нерэальныя магчымасьці скарыстацца ім. Можна толькі тады, калі ўсе на працы. Вось я ўчора туды й схадзіў. Там добра. Нармальна так папарыўся. Даўно так не парыўся. Адчуваецца, што тут нядаўна быў зроблены рамонт, што гэта паказальная ўстанова. Гэта ж паказальная “хімія”.

У інтэрнаце ёсьць актавая заля. Артур распавёў, што раз на тыдзень намесьнік кіраўніка спэцкамэндатуры па ідэалёгіі праводзіць там палітінфармацыю. У Артура Фінькевіча няма ў пакоі тэлевізара і радыёпрымача. Хутка ягоныя паплечнікі аформяць падпіску на некаторыя выданьні, а пакуль Артуру хапае кніжак, якія ён узяў з сабой на “хімію”. Артур Фінькевіч распавёў, што, калі яшчэ быў да суду ў сьледчым ізалятары, склаў сьпіс рэчаў, якія яму спатрэбяцца ў турме. Цяпер ён і скарыстаўся гэтым сьпісам.

Праз месяц пры ўмове, што ў Артура ня будзе парушэньняў правілаў унутранага распарадку, яго мусяць на выходныя адпусьціць дахаты, наведаць матулю. Праз тры месяцы Артур можа падаваць заяву, каб яго перавялі на хатні рэжым. Але дзеля гэтага трэба, каб хто-небудзь са сваякоў перасяліўся ў Магілёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG