Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апытаньне Свабоды: якое сьвята можа аб''яднаць беларускае грамадзтва?


Галіна Абакунчык, Менск Якое сьвята можа аб''яднаць беларускае грамадзтва? Гэтае пытаньне менскім мінакам задавала наша карэспандэнтка.

(Спадарыня: ) “Сьвята Незалежнасьці, 3 ліпеня. Я лічу, што гэта сапраўднае сьвята для ўсіх: і для маладых, і для людзей, якія перажылі цяжкія гады. Мая думка такая”.

(Спадар: ) “Я мяркую, што гэта Дзень перамогі. Бо ў нас, напэўна, няма ніводнай сям''і, якая не згубіла б каго-небудзь у гэтай вайне. Гэта, па-першае, а па-другое, гэта адзін з найважнейшых пэрыядаў найноўшай гісторыі, і старэйшае пакаленьне гэта памятае. Гэта адно з тых сьвятаў, якое многія адзначаюць”.

(Спадар: ) “Мне падаецца, што гэта павінна быць нейкае народнае старажытнае сьвята. Да прыкладу, Купальле ці Каляды. Тое, што блізка да народу й тое, што магло б спадабацца”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што павінна быць нейкае аб''яднанае сьвята, каб было й народнае, і дзяржаўнае, але нешта новае. Бо з гэтых, што ёсьць, нічога не патрапляе. Да прыкладу, Дзяды сьвяткуюць сем''ямі, і некаторыя іншыя сьвяты таксама. Зрэшты, Дзень незалежнасьці сьвяткуюць, альбо нешта новае павінна быць. А дзе яго ўзяць – ня ведаю”.

(Юнак: ) “Магчыма, нешта гістарычнае, бо гэтае сьвята павінна для кожнага нешта значыць. Я думаю, што нешта зьвязанае з паўстаньнямі Касьцюшкі ці Каліноўскага. Бо гэта нашая гісторыя, гэта зьвязана з нашай незалежнасьцю”.

(Юнак: ) “Нешта вылучыць самае лепшае вельмі цяжка, бо ў кожнага чалавека сваё меркаваньне. Але 3 ліпеня – сьвята вызваленьня, і гэта адно з лепшых сьвятаў, можна сказаць”.

(Юначка: ) “Купальле добра было бы зрабіць такім сьвятам, а яшчэ Бітву на Нямізе. Вызначыць дакладную дату гэтай падзеі і сьвяткаваць. Альбо нешта іншае са старажытных гістарычных падзеяў Беларусі”.

(Юнак: ) “Павінна нешта быць альбо з царкоўных сьвятаў, альбо з гісторыі. Бо сумняюся, што сьвяты, якія распачалі сьвяткаваць у 20-стагодзьдзі, здолеюць аб''яднаць нацыю”.

(Юнак: ) “Дзень незалежнасьці наш. Але ж ягоную дату перанесьлі, і таму я лічу, што трэба вяртацца да гісторыі й сьвяткаваць не тады, калі нас прымушаюць, а калі мы павінны сьвяткаваць. І я лічу, што мы павінныя вярнуцца да пачатковай даты 25 сакавіка”.
XS
SM
MD
LG