Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сытуацыя палітычных вязьняў: тыднёвы агляд


Алег Грузьдзіловіч, Менск Ці законна тое, што з “хіміка” Андрэя Клімава бяруць плату за пражыцьцё ў спэцкамэндатуры? Судзі вызначыліся з пачаткам працэсаў супроць Аляксандра Казуліна і актывістаў “Партнэрства”. Чаму ў Полацку спынілі перасьлед супроць маладзёвага актывіста Антона Ясіновіча?

Амаль год знаходзіцца на “хіміі” былы дэпутат Андрэй Клімаў, якога летась пакаралі за арганізацыю вулічных беспарадкаў на Дзень волі. Спачатку вядомы апазыцыянэр адбываў пакараньне ў Крупках, але бліжэй да прэзыдэнцкіх выбараў Клімава перавялі ў спэцкамэндатуру Баршчоўка ў Рэчыцкім раёне. Як паведамляе Андрэй Клімаў, у Крупках зь яго ня бралі грошы за ўтрыманьне ў спэцкамэндатуры, а вось новыя ахоўнікі з Баршчоўкі патрабуюць плаціць па 20 тысяч за кожны месяц знаходжаньня ў інтэрнаце спэцкамэндатуры. З гэтым палітык ня згодны. Ён нагадвае, што ўтрымліваюць яго ў спэцкамэндатуры прымусова і незаконна не зьмяняюць яму меру стрыманьня.

(Клімаў: ) “А каму мне паскардзіцца? У суд? Дык мяне Рэчыцкі раённы суд беспадстаўна асудзіў да адміністрацыйнага арышту. У Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў? Дык адтуль далі загад камэндатуры, каб мяне не адпускаць нават у адпачынак. Каму скардзіцца?”

Паводле кіраўніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Уладзіміра Коўчура з Андрэя Клімава бяруць грошы за пражыцьцё ў спэцкамэндатуры цалкам законна.

(Коўчур: ) “Хімік мусіць плаціць паводле нормаў, як за пражыцьцё ў інтэрнаце”.

Выканаўчы дырэктар Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак крытыкуе сыстэму, пры якой у Беларусі вязень фактычна аплачвае сваю няволю. Паводле Алега Гулака, у дэмакратычных краінах частковае абмежаваньне волі стаіць у адным шэрагу побач з пазбаўленьнем волі, затое ў Беларусі гэта яно лічыцца асобным, нібыта меншым пакараньнем. З гэтым праваабаронца ня згодны.

(Гулак: ) “Насамрэч, чалавека пазбавілі волі. Гэта ўжо ёсьць пакараньне. Чалавек пазбаўлены магчымасьці выбраць сабе месца жыхарства, месца працы, бо выбар вельмі абмежаваны. І паколькі гэта прымус з боку дзяржавы, то, на маю думку, абавязаць за гэта яшчэ плаціць – няправільна”.

Алег Гулак нагадаў, што ў Беларусі і за ўтрыманьне пад арыштам паводле адміністрацыйнага пакараньня бяруць грошы, што ён таксама лічыць парушэньнем правоў чалавека.

Нагадаю, акрамя Андрэя Клімава, “хімію” ў Беларусі таксама адбываюць вядомы маладзёвы лідэр Павал Севярынец і кіраўнік сацыял-дэмакратаў Мікалай Статкевіч. На гэтым тыдні да іх далучыўся маладзёвы актывіст Артур Фінькевіч, якога асудзілі за графіці палітычнага зьместу напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Адбываць пакараньне ён будзе ў Магілёве.

Тым часам палітычныя працэсы, зьвязаныя зь мінулымі выбарамі, у краіне не заканчваюцца. Днямі судзьдзі вызначыліся з працэсамі над кандыдатам на прэзыдэнта Аляксандрам Казуліным і над актывістамі “Партнэрства” – незарэгістраванай арганізацыі, якая плянавала наладзіць незалежнае назіраньне за выбарамі. Аляксандра Казуліна пачнуць судзіць у Маскоўскім судзе Менска ўжо на будучым тыдні – 6 ліпеня. На час працэсу палітыка перавялі з Жодзінскай турмы, дзе ён знаходзіцца ўжо тры месяцы, у сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. Актывістаў “Партнэрства” Мікалая Астрэйку, Цімафея Дранчука, Эніру Браніцкую і Аляксандра Шалайку пачнуць судзіць 20 ліпеня. Маладых людзей абвінавацілі ў дзеяньнях ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Нагадаю, крымінальную адказнасьць за гэткія дзеяньні ўвялі напярэдадні выбараў.

Усяго ж у Беларусі на дадзены момант праваабаронцы налічваюць 20 чалавек, якіх утрымліваюць за кратамі паводле палітычных прычын. Да гэтага ліку мог далучыцца актывіст з Полацку Антон Ясіновіч, але суд яго апраўдаў. У чым прычына? Вось меркаваньне актывіста, якога абвінавачвалі ў распаўсюджваньні ўлётак антыдзяржаўнага зьместу.

(Ясіновіч: ) “Проста не было загаду зьверху. Судзьдзя ўважліва выслухала сьведкаў, мяне, майго адваката. А калі б быў загад, суд бы закончыўся за 10 хвілін”.
XS
SM
MD
LG