Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тыднёвы агляд міжнародных рэакцый на беларускія падзеі


Ганна Соўсь, Менск Швайцарыя далучылася да санкцыяў Эўразьвязу супраць беларускіх чыноўнікаў. Старшыня Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы хоча наведаць Беларусь. Дзяржсакратар ЗША прапанавала абмеркаваць беларускае пытаньне на сустрэчы міністраў замежных спраў краінаў – удзельніц “вялікай васьмёркі”.

Швайцарыя ўвяла фінансавыя санкцыі супраць 36 беларускіх чыноўнікаў. Адпаведную заяву пра далучэньне да санкцыяў Эўразьвязу адносна арышту банкаўскіх рахункаў і нерухомасьці беларускага чынавенства зрабіла кіраўніцтва дэпартамэнтаў па міжнародных дачыненьнях і эканоміцы ўраду Швайцарскай канфэдэрацыі. Рашэньне тычыцца і беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі. Як вынікае з дакумэнту, асобы альбо фінансавыя інстытуты Швайцарыі, якія супрацоўнічалі зь Беларусьсю ці валодаюць інфармацыяй пра двухбаковыя эканамічныя апэрацыі, павінны неадкладна паведаміць пра гэта ў адпаведныя інстанцыі.

У часе сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў Страсбуры некалькі разоў закраналася беларускае пытаньне. Прэзыдэнт ПАРЭ Рэнэ ван дэр Ліндэн заявіў, што наведае Беларусь у верасьні сёлета. Ён гэтаксама выступіў супраць поўнай ізаляцыі Беларусі і падкрэсьліў, што неабходна ўзмацняць сувязі паміж ПАРЭ і дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Рэнэ ван дэр Ліндэн заявіў таксама пра магчымасьць паляпшэньня адносінаў з афіцыйным Менскам.

(Ван дэр Ліндэн: ) "Мы гатовыя зьмяніць нашую палітыку ў дачыненьні да Беларусі, як толькі беларускія ўлады прымуць тыя абавязаньні, якія тычацца ўсіх краінаў – сяброў Рады Эўропы. Як прэзыдэнт Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, я маю намер наведаць Беларусь у верасьні, у тым выпадку, калі будуць выкананыя пэўныя ўмовы".

29 чэрвеня, выступаючы на тэлеканале СNN, Дзяржаўны сакратар ЗША Кандаліза Райс прапанавала на сустрэчы міністраў замежных спраў краінаў – удзельніц сустрэчы “вялікай васьмёркі” абмеркаваць беларускае пытаньне.

“Мы павінны абмеркаваць важнасьць дэмакратычнага разьвіцьця як у Расеі, якая, спадзяемся, пацьвердзіць свае абавязаньні дэмакратычнага разьвіцьця, гэтак і ў Беларусі, а таксама ў краінах, дзе толькі нядаўна ўбачылі дэмакратычныя пэрспэктывы”, – сказала Кандаліза Райс.

30 чэрвеня дэпутат Бундэстагу выказаў занепакоенасьць лёсам Аляксандра Казуліна. Палітычны каардынатар найбуйнейшай у Бундэстагу апазыцыйнай фракцыі вольных дэмакратаў Гаральд Ляйбрэхт зьвярнуўся з адкрытым лістом да міністра юстыцыі Нямеччыны Брыгітэ Цыпрыес, у якім заклікаў фэдэральнага міністра ўважліва паставіцца да лёсу экс-кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Аляксандра Казуліна, якога 6 ліпеня чакае адкрыты судовы працэс з-за нібыта падбухторваньня дэманстрантаў да штурму менскай турмы. Гаральд Ляйбрэхт, які ў гэты час сам знаходзіўся ў Менску і назіраў за падзеямі, заяўляе, што “мэты дэманстрацыі былі выключна мірныя, а яе разгон — брутальны. Неабходна, каб нямецкія назіральнікі ды назіральнікі АБСЭ змаглі прысутнічаць на судовым працэсе і пракантраляваць ягоную законнасьць” піша ў сваім звароце Гаральд Ляйбрэхт.

Сытуацыю ў Беларусі на гэтым тыдні абмяркоўвалі на сваіх старонках літоўскія і польскія газэты.

“Lituvos zinios” пісала пра дачыненьні Літвы і Беларусі ў справе транзыту праз Клайпедзкі порт . Беларускі бок ня выканаў сваіх абавязаньняў адносна памеру транзыту калійных угнаеньняў за мінулы год, і сёлета, паводле прагнозаў, таксама ня здолее выканаць, адзначае выданьне ў нумары за 29 чэрвеня, а 30 чэрвеня гэта ж газэта піша пра тое, што літоўскія кампаніі лёгкай прамысловасьці хацелі б болей супрацоўнічаць зь беларускімі калегамі, аднак зь цяжкасьцю дамаўляюцца пра пашырэньне эканамічных кантактаў. “Lietuvos zinios” распавядае пра досьвед прадпрымальнікаў, якія кажуць, што ў Беларусі цяжка працаваць “з-за палітычнай напружанасьці і непаразуменьняў”.

Што да польскіх мэдыяў, то на гэтым тыдні “Gazeta Wyborcza" зьмясьціла матэрыял былога супрацоўніка парыскай “Культуры”, польскай службы Радыё Свабодная Эўропа і радыё ВВС Леапольда Унгера, прысьвечаны “фэномэну беларускай дыктатуры”. У артыкуле, сярод іншага, гаворыцца, што супраць таталітарнай улады трэба, перадусім, змагацца на полі культуры. Перадусім, важныя справы барацьбы з “саветызацыяй духу”, цэнзурай і самацэнзурай – у тым, што Чэслаў Мілаш называў “зьняволеньнем думак”, перамогі на ніве культуры, “дзе фармуюцца погляды людзей”, – напісаў у “Gazecie Wyborczej” Леапольд Унгер.

Камэнтуючы візыт вэнэсуэльскай дэлегацыі ў Менск і заплянаваную на 23 ліпеня сустрэчу Аляксандра Лукашэнкіі з Уга Чавэсам, “Gazeta Wyborcza” піша, што Вэнэсуэла мае намер аб’яднаць намаганьні міжнароднай супольнасьці ў барацьбе супраць ЗША. Беларускі рэжым ужо некалькі гадоў спрабуе разьвіваць супрацоўніцтва з краінамі Паўднёвай Амэрыкі, дзе найважнейшыя партнэры Менску – Куба і Вэнэсуэла. Менавіта лідэры гэтых краінаў першымі павіншавалі Лукашэнку зь перамогай у сакавіцкіх выбарах, піша “Gazeta Wyborcza”.
XS
SM
MD
LG