Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плаўкі з матузкамі


Вінцэсь Мудроў Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы часоў застою ва ўспамінах і аўтарскім правапісе Вінцэся Мудрова.

У дзяцінстве ў мяне была дзёрзкая мара: зьявіцца на пляжы ў сапраўдных плаўках. Як на сёньняшні дзень, мара такая падасца недарэчнаю. Маўляў, ідзі ў краму, бяры, якія падабаюцца, і адразу ж шыбуй на рэчку. Калі б так было, -- скажам з уздыхам, згадаўшы, што плавак тады ў краме не прадавалі. І нават дарослыя дзядзькі, ня кажучы ўжо пра нас, падшыванцаў, купаліся ў сямейных трусах. Адно што засуквалі калашыньне, надаючы ім падабізну сучасных “стрынгаў”.

Мая мара спраўдзілася, калі я скончыў пятую клясу. Падчас летніх вакацыяў прыехаў на пагасьціны стрыечны брат зь Піцеру і адразу ж выцягнуў з дарожнай валізы плаўкі. Сапраўдныя, з матузкамі на баку. Я, вядома ж, адразу іх прымерыў і, з братавага дазволу, выправіўся на рэчку. Надвор’е, на жаль, не пасавала, пляж быў пустым і глядзець на маю абнову не было каму. Але я і без таго быў шчасьлівым і чабохтаўся ў вадзе пакуль не пакрыўся “гусінай скурай”. Тым часам на пляжы зьявіліся дзяўчыны, мае аднагодкі, і я, граючы на зубарыках, вырашыў прадэманстраваць – як здымаюцца сапраўдныя плаўкі. А здымаліся яны вельмі проста: наверх нацягваліся сямейныя трусы, пальцы тузалі матузкі на баку і плаўкі выпадалі праз левую калашыну. Я нацягнуў трусы, тузануў матузок – раз, потым другі… Плаўкі былі завялікія, таму зацягнуў вузел як мае быць, і ён, набрыняўшы вадой, аніяк не хацеў разьвязвацца.

Дзяўчыны зірнулі ў мой бок, пырснулі зьедлівым сьмехам. Дый дзіва што: пасінелы ад холаду малец стаіць пасярод пляжу і, залезшы ў трусы, штосьці там тузае. Давялося падхапіць штаны з кашуляй і бегчы ў суседнія кусты, здымаць праклятушчыя плаўкі.

Праблемы з матузамі зазнаў ня я адзін. Ці не таму неўзабаве зьявіліся плаўкі, у якіх замест матузоў на баку было два гузікі. А яшчэ, па тадышняй завядзёнцы, да плавак абавязкова прышпільвалі мэталёвы значак. І ня толькі дзеля аздобы. Зараз пра гэта няма і почуту, а тады казалі, што ў вадзе можа апанаваць сутарга. Уратавацца ад яе, па чутках, можна было, тыцнуўшы ў нагу чымсьці вострым. Напрыклад, зашпілкай значка.

На сёньняшніх рэчавых кірмашах можна набыць мужчынскія плаўкі любога фасону. У параўнаньні з жаночымі абновамі яны адносна недарагія, і жанчыны гэтым карыстаюцца. Аднойчы давялося назіраць карцінку. Муж нёс дзьве напакаваных торбы справункаў і нясьмела прамовіў: “Давай цяпер што-небудзь мне набудзем”. Жонка пералічыла грошы і з уздыхам прамовіла: “А табе, відаць, возьмем плаўкі”.
XS
SM
MD
LG