Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта чакаць пэўнай эканамічнай лібэралізацыі?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 30 чэрвеня) Удзельнікі: эканамісты Валер Дашкевіч і Леанід Злотнікаў.

(Валер Карбалевіч: ) “Шмат гадоў Лукашэнка вельмі скептычна ставіўся да замежных інвэстыцыяў. Ён публічна заяўляў, што мы можам, па вялікім рахунку, абысьціся і бязь іх, хопіць сваіх грошай, а за замежны капітал давядзецца расплачвацца стратай кантролю над эканамічнымі суб’ектамі, прыбыткам. І вось апошні час, здаецца, нешта памянялася. На нарадзе ў Лукашэнкі 15 чэрвеня былі прынятыя наступныя рашэньні: адмяняецца квота прысутнасьці замежнага капіталу ў сукупным статутным фондзе банкаў; адмяняецца інстытут “залатой акцыі” для банкаў; замежным банкам дазволяць браць у заклад зямлю; краіна будзе дамагацца атрымаць крэдытны рэйтынг. Трохі раней Лукашэнка дазволіў прадаць кантрольны пакет беларускага “Славнефтебанка” расейскаму “Внешторгбанку”. Такім чынам, упершыню беларускі дзяржаўны банк прадаецца замежнаму ўласьніку. Нарэшце абмяркоўваецца пытаньне продажу акцыяў Мазырскага НПЗ “Газпрому”.

Паўстае натуральнае пытаньне: чым тлумачыцца такая карэкцыя эканамічнага курсу? Гэта можна было б зразумець, калі б эканоміка краіны знаходзілася ў стане крызысу. Але за студзень-красавік гэтага году ўсе паказчыкі перавышаюць плянавыя, экспарт (найперш, за кошт нафтапрадуктаў) вырас на 22%, растуць заробкі. Тады якая прычына?”

(Валер Дашкевіч: ) “Рэч у тым, што Лукашэнка выказваўся наконт замежных інвэстыцыяў у розны час па-рознаму. Колькі гадоў таму, вярнуўшыся з Паўднёвай Карэі, ён заявіў, што дамовіўся там пра 2 мільярды даляраў інвэстыцыяў у беларускую эканоміку. Аналягічныя заявы былі й пасьля візытаў у арабскія краіны. Летась пасьля вяртаньня з Кітаю Лукашэнка казаў, што дамовіўся пра 1 мільярд даляраў інвэстыцыяў. Але з Паўднёвай Карэі грошы ўвогуле не прыйшлі, з арабскіх краінаў — кроплі. Пра кітайскія інвэстыцыі размовы ідуць, але грошай пакуль няма.

Гэтымі прыкладамі хачу адзначыць, што Лукашэнка ня супраць інвэстыцыяў. Але ў сытуацыі, калі іх ніхто не дае, ён заяўляў, што яны нам моцна й ня трэба, абыдземся сваімі, але ня будзем ні ад каго залежаць. Але цяпер высьвятляецца, што, напрыклад, сёлета хутка пачала падаць рэнтабэльнасьць. Каля 30% прадпрыемстваў нерэнтабэльныя, а каля 40% прадпрыемстваў маюць рэнтабэльнасьць ад 0 да 10%. Гэта вельмі нізкі ўзровень. Таму праблема інвэстыцыяў існуе. На гэты год урад прыняў праграму прыцягненьня банкамі 1 мільярду даляраў замежных інвэстыцыяў. Аналягічная праграма прымалася і летась, але яна не была выкананая.

І вось цяпер Нацыянальны банк пачаў пераконваць Лукашэнку, што для выкананьня гэтай праграмы трэба стварыць адпаведныя ўмовы. Найперш, гэта выхад на замежныя фінансавыя рынкі. А для гэтага дзяржава павінна мець краінавы рэйтынг. Год таму Лукашэнка адмовіўся ад яго, палічыўшы, што ён будзе нізкім. Сёлета сытуацыя не зьмянілася, але кіраўнік дзяржавы даў згоду на работу дзеля атрыманьня такога рэйтынгу.

Таксама было дазволена павялічыць долю замежнага капіталу ў банкаўскім капітале. Хоць дасюль замежныя банкі ня дасягнулі й паловы таго ліміту, які існаваў на замежны банкаўскі капітал. Усё гэта можна разглядаць як лібэралізацыю, але ня трэба вялікіх ілюзіяў”.

(Злотнікаў: ) “Эканамічнае становішча Беларусі ня вельмі добрае. Калісьці за гады адной пяцігодкі ў Беларусі ствараліся сотні прадпрыемстваў. А за апошнія пятнаццаць гадоў ня створана ніводнага буйнога прадпрыемства. Цяпер у Беларусі на душу насельніцтва прыпадае каля 200 даляраў простых інвэстыцыяў Гэта прыкладна ў дзесяць разоў больш, чым у Польшчы. Нарастае агульны знос асноўных фондаў у прамысловасьці. Гэта прымушае урад рабіць захады дзеля прыцягненьня інвэстыцыяў”.

(Карбалевіч: ) “Ці дастаткова гэтых захадаў, каб прыцягнуць замежны капітал? Ці дадуць яны вынік, на які разьлічваюць беларускія ўлады?”

(Дашкевіч: ) “Хацеў бы нагадаць некаторыя эпізоды нядаўняга мінулага. У 2003 годзе кіраўніцтва абвясьціла пра намер прыватызаваць “Белтрансгаз”, выставіць на аўкцыён шэсьць прадпрыемстваў хімічнай прамысловасьці. Але ўмовы гэтага аўкцыёну былі такія, што акрамя расейскіх бізнэсоўцаў ім ніхто не зацікавіўся. І нават расейскі капітал, калі даведаўся пра ўмовы, то адмовіўся ад удзелу ў аўкцыёне. Таму тыя заявы, якія сёньня робяцца, яшчэ невядома, ці будуць рэалізаваныя. Бо, магчыма, гэтыя захады будуць абстаўленыя такімі дадатковымі ўмовамі, што нават расейскаму бізнэсу стане нецікава.

Заходні капітал гэтыя ўмовы не зацікавяць. Таму што на першае месца ён ставіць пытаньні прававой і палітычнай рызыкі. Заходнія бізнэсоўцы кансультуюцца з сваімі ўрадамі, амбасадамі, гандлёвымі палатамі. Усе гэтыя ўстановы дадуць адмоўныя рэкамэндацыі наконт інвэставаньня ў беларускую эканоміку. Таму дзеяньні нашага ўраду правільныя, але недастатковыя. Мала прыняць законы. Мы павінны былі дзесяць гадоў таму ствараць рынкавыя інстытуты: фондавыя рынкі, іпатэчныя структуры, рынак каштоўных папераў, незалежную судовую сыстэму. Нічога гэтага ня зроблена. Таму гэтыя крокі не дадуць належнага эфэкту”.

(Злотнікаў: ) “Гэтых захадаў недастаткова. Таму што агульнае асяродзьдзе для бізнэсу ў Беларусі неспрыяльнае. Магу спаслацца на высновы, якія зрабіла Міжнародная фінансавая карпарацыя, абагульняючы агульнанацыянальнае апытаньне бізнэсоўцаў. Нейкія пазытыўныя зрухі ёсьць за апошнія гады. Але агульныя высновы крытычныя. Існуе абмежаваньне на рост цэнаў на тавары й паслугі. Вялікія падаткі. Нестабільнае заканадаўства — у 2004 годзе былі 24 зьмены ў заканадаўстве наконт падатку на даданую вартасьць. Улада ўводзіць падаткі прамінулай датай. Спрэчкі наконт падаткаў трактуюцца на карысьць дзяржавы, а не падаткаплатнікаў. Слабая прававая абарона ўласьнікаў.

Апошнія год-два скарачаецца доля прыватных прадпрыемстваў. Усё большая доля акцыяў акцыянэрных таварыстваў пераходзіць у рукі дзяржавы. Ідзе паўзучая нацыяналізацыя. Таму тыя захады, пра якія мы гаворым, не кранаюць беларускай мадэлі. І гэта больш важна для інвэстараў”.

(Карбалевіч: ) “Так, бізнэс-клімат неспрыяльны, гэтых захадаў недастаткова, каб прыцягнуць замежны капітал. Але, магчыма, мы назіраем пачатак зьмены эканамічнай, а ўрэшце і сацыяльнай мадэлі? Магчыма, гэта пачатак руху кітайскім шляхам? Асноўным элемэнтам кітайскай мадэлі было стварэньне спрыяльных умоваў для прыцягненьня замежнага капіталу пры нязьменнасьці недэмакратычнага палітычнага ладу. Можа, і Беларусь будзе рушыць гэтым кірункам?”

(Дашкевіч: ) “Чужую эканамічную мадэль увогуле паўтарыць немагчыма. Напрыклад, японская мадэль, якая грымела ў 60—70-я гады мінулага стагодзьдзя, нідзе больш не прыжылася. Гэта па-першае. Па-другое, пачатак буйных інвэстыцыяў у Кітаі далі “хуацяо” — этнічныя кітайцы замежжа, сярод якіх шмат багатых людзей. У нас няма багатых беларусаў за мяжой. Акрамя таго, беларуская эканамічная мадэль ніколі не распрацоўвалася сьвядома паводле нейкага пляну, а склалася стыхійна, як вынік рэагаваньня ўлады на бягучыя выклікі”.

(Злотнікаў: ) “У Кітаі, з улікам свабодных эканамічных зонаў, больш спрыяльныя ўмовы для бізнэсу, чым у Беларусі. У гэтых зонах падаткі ў два-тры разы ніжэйшыя, чым у Беларусі. Вельмі шмат трэба зьмяніць у нас, каб умовы для бізнэсу былі такія, як там. Пакуль кіраўніцтва Беларусі на гэтыя зьмены ня пойдзе. Але на палітыку могуць паўплываць пляны Расеі аб адмене ільготаў для Беларусі”.

(Дашкевіч: ) “Гэтыя крокі можна лічыць нейкім пробліскам лібэралізацыі у вузкім сэктары эканомікі — фінансавым сэктары. Але яны не закранаюць рэальнага сэктару эканомікі. Вось калі яны распаўсюдзяцца на гэтую сфэру, тады можна будзе казаць пра лібэралізацыю. Але я вельмі сумняюся ў гэтым”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, пакуль цяжка сказаць, што азначаюць гэтыя захады беларускага кіраўніцтва. У мінулым часта было так, што за адным крокам па шляху лібэралізацыі ішлі два крокі назад. Таму што любая лібэралізацыя рызыкоўная й небясьпечная для беларускай мадэлі й сыстэмы захаваньня ўлады. Але згаданыя захады сьведчаць пра тое, што кіраўніцтва занепакоенае сытуацыяй у наступным годзе, пагрозамі павышэньня цэнаў на газ, — і спрабуе рабіць прэвэнтыўныя крокі”.
XS
SM
MD
LG