Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Імёны Свабоды: Міхал Забэйда-Суміцкі


Уладзімер Арлоў, Менск 14.6.1900, в. Шэйпічы (цяпер Пружанскі раён) — 21.12.1981, Прага. Пахаваны на праскіх Альшанскіх могілках.

Яго праводзілі авацыямі Варшаўская і Праская опэры. Яго стоячы вітала патрабавальная публіка славутага Мілянскага тэатру “Ля Скала”. Ён сьпяваў ў дзясятках іншых гарадоў сьвету, але сцэна, пра якую да апошняга дня марыў — менская опэрная сцэна — так і засталася недасяжнаю. Галоўнымі прычынамі забароны вярнуцца на Бацькаўшчыну былі якраз ягоны патрыятызм і яскравы нацыянальны талент.

На пачатку 1920-х Міхал Забэйда-Суміцкі паступіў у Харбінскі расейскі ўнівэрсытэт і адначасна пачаў браць урокі сьпеваў і тэорыі музыкі. Выключны талент тэнара хутка даў Міхалу ўсе падставы прэтэндаваць на кантракт у Харбінскай опэры. Назаўтра пасьля дэбютнага выкананьня арыі Ленскага ў “Яўгене Анегіне” ён прачнуўся знакамітым.

Прыехаўшы на радзіму опэрнага мастацтва, у Італію, ён з посьпехам канцэртаваў у Мілянскай кансэрваторыі, выконваў тэнаровыя партыі ў “Ля Скала”. Італійская прэса называла яго адным з бліскучых прадстаўнікоў эўрапейскай вакальнай школы. Замежныя імпрэсарыё падпільноўвалі Забэйду ня толькі ў тэатральных фае, але і высочвалі ў кавярнях за келіхам к’янці. Сяму-таму ў хвіліну шчырасьці ён прызнаваўся, што найперш хацеў бы сьпяваць на радзіме і, каб пераканаць суразмоўцу, што загадкавая Беларусь, — гэта не “фата маргана”, мог зацягнуць сваё ўлюбёнае — “Малады дубочак” або “Чаму ж мне ня пець”...

Прайсьці па родных заходнебеларускіх сьцежках ён здолеў толькі ў сярэдзіне 1930-х, калі пачаў выконваць галоўныя тэнаровыя партыі ў Пазнанскай опэры, а потым стаў салістам Варшаўскага радыё. У тыя гады Міхалу ня раз спрабавалі ставіць умову, каб не прызнаваўся, што беларус. На такія прапановы сьпявак заўсёды, нават калі гэта пагражала стратаю кантракту, адказваў: “Беларусам нарадзіўся, беларусам і памру”.

Ад траўня 1940 году і да канца жыцьця родным горадам для яго воляю лёсу стала Прага, дзе Забэйда быў салістам Нацыянальнага тэатру, а пазьней займаўся пэдагагічнай і канцэртнай дзейнасьцю. Ён сьпяваў на 16 мовах, прычым ніколі не дазваляў сабе зазіраць ў тэкст. Аб’ехаўшы з гастролямі большасьць эўрапейскіх краінаў, для Беларусі Забэйда-Суміцкі заставаўся пэрсонай non grata. Дакладней, не для Беларусі, а для тых, хто кіраваўся дасье, складзеным у гэбісцкіх кабінэтах.

Дадому вядомаму ва ўсім сьвеце сьпеваку лёсіла прыехаць усяго раз — у 1963-м, на схіле “хрушчоўскае адлігі”. Ён выступаў у Менску і Гародні, але апекуны паклапаціліся, каб у касах практычна не было білетаў. Гісторык Міхась Чарняўскі згадвае, як коштам велізарных намаганьняў трапіў у канцэртную залю філярмоніі і ўбачыў, што палова месцаў пустыя, а на астатнія афіцэры паўзводна рассаджваюць салдатаў тэрміновай службы.

Міхал Забэйда ня меў магчымасьці вярнуцца, але ніколі не губляў духоўнай лучнасьці зь Радзімай. Ён ліставаўся зь Янкам Брылём, Уладзімерам Караткевічам, Нілам Гілевічам. Ён верыў у вызваленьне Бацькаўшчыны з савецкага імпэрскага лягеру. Свой багаты архіў разам зь бібліятэкаю ён пакінуў паводле запавету роднай Беларусі. Ёсьць свая сымболіка ў тым, што апошні зямны прыстанак Забэйда знайшоў на праскіх Альшанскіх могілках побач зь Пётрам Крачэўскім і Васілём Захаркам — прэзыдэнтамі Беларускай Народнай Рэспублікі.
XS
SM
MD
LG