Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падпісаная дэклярацыя сумесных дзеяньняў для вызваленьня А.Казуліна


Радыё Свабода Грамадзкая камісія “Свабоду Казуліну!”, якую стварылі апазыцыйныя партыі й грамадзкія арганізацыі, бярэцца наладзіць грамадзкі кантроль за працэсам над Аляксандрам Казуліным. Сёньня вядомыя беларускія палітыкі падпісалі дэклярацыю сумесных дзеяньняў дзеля вызваленьня экс-кандыдата на прэзыдэнта.

30 чэрвеня ў Менску ініцыятары грамадзкай камісіі “Свабоду Казуліну!” ўзгаднілі й абнародавалі тэкст сумеснай дэклярацыі, у якой пералічаныя захады для вызваленьня былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна. Першы сярод захадаў – наладжваньне грамадзкага кантролю за працэсам над Казуліным, які пачнецца 6 ліпеня ў Маскоўскім судзе Менску.

Таксама прапанавана зьвярнуцца да дэпутатаў беларускага парлямэнту з прапановай правесьці незалежнае парлямэнцкае расьсьледаваньне гэтай справы. Адначасова плянуецца разгарнуць шырокую кампанію салідарнасьці з апазыцыйным палітыкам у Беларусі й ва ўсім сьвеце, паведаміў “Свабодзе” адзін зь сяброў камісіі “Свабоду Казуліну!” праваабаронца Алег Воўчак.

(Воўчак: ) “Мы зьвернемся да кіраўніцтва шэрагу краінаў, у тым ліку Расеі, ЗША, краінаў Эўропы з заклікам асудзіць рэпрэсіі ў Беларусі супраць Аляксандра Казуліна ды іншых дэмакратычных актывістаў. Накіруем гэты зварот яшчэ да правядзеньня саміту “вялікай васьмёркі”, які пройдзе ў Санкт-Пецярбурзе”.

Сябры грамадзкай камісіі “Свабоду Казуліну!” у сваёй дэклярацыі падкрэсьлілі палітычны характар перасьледу Аляксандра Казуліна. “У мінулыя гады паводле надуманых крымінальных справаў былі асуджаныя такія палітыкі, як Міхаіл Чыгір, Андрэй Клімаў, Міхаіл Марыніч, віна якіх палягала толькі ў тым, што яны адважыліся публічна заявіць пра свой намер удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах прэзыдэнта. Але завядзеньне адразу трох крымінальных справаў на кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна стала беспрэцэдэнтным нават для беларускай судовай сыстэмы”, — мяркуюць аўтары дэклярацыі.

Сёньня дэклярацыю аб сумесных дзеяньнях у абарону Аляксандра Казуліна падпісалі кіраўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, Партыі камуністаў беларускай.

Актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ігар Шынкарык падкрэсьлівае, што змагацца за вызваленьне Аляксандра Казуліна трэба ў агульным рэчышчы салідарнасьці з палітвязьнямі ў Беларусі. АГП прапанавала правесьці 7 ліпеня па ўсёй краіне акцыі “Ланцуг неабыякавых людзей”, падчас якіх выйсьці з партрэтамі ня толькі зьніклых апазыцыянэраў, але і тых, хто пакутуе ў беларускіх турмах.

(Шынкарык: ) “З прыхільнікамі Казуліна ёсьць дамова, што яны да нас далучацца, прыйдуць актывісты БНФ, кампартыі, “Малады фронт”. І ёсьць дамова, што акцыю падтрымаюць пікетамі каля беларускіх амбасадаў у Вільні, Варшаве, Брусэлі й Таронта”.
XS
SM
MD
LG