Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускі Манчэстэр: мінулае і сучаснасьць


Ганна Сурмач, Прага Удзельнікі: Хведар Кажаневіч, Алена Міхалюк, Алена Барабанцава, Галіна, Ірына Міхайлава, Павал Рэп''еўскі

Старэйшае пакаленьне беларускай эміграцыі сёньня трывожыць клопат пра наступнікаў– тое маладзейшае пакаленьне, якое пяройме іхную працу ў справе падтрыманьня беларускіх асяродкаў у замежжы, якія яны стварылі ўласнымі высілкамі. Ня ўсюды ёсьць надзея, што зьмена прыйдзе. Такія праблемы перажывае зараз беларускі асяродак ў ангельскім горадзе Манчэстэры.

(Сурмач: ) “Манчэстэр – буйны горад у цэнтральнай Англіі, заняў адметнае мейсца ў гісторыі беларускай эміграцыі пасьля другой усясьветнай вайны, калі туды прыехаў шмат хто зь беларусаў, якія пад час вайны служылі ў Арміі Андэрса, у Брытанскіх ваенна-паветраных сілах, ці нейкім іншым чынам апынуліся на Захадзе.

Гэта былі нацыянальна сьведамыя людзі, якія думалі ня толькі пра тое, як самім абжыцца на чужыне, але і як заарганізаваць беларускае грамадзкае жыцьцё. Сёньня зь іх ужо засталіся адзінкі.

Былы жаўнер Арміі Андэрса, удзельнік бітвы пад Монтэ-Касына сп. Хведар Кажаневіч прыехаў у Манчэстэр у жніўні 1949 году.

Сп. Хведар, на той час там ужо былі беларусы?"

(Кажаневіч: ) "Тут ужо існаваў аддзел Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі, старшынём быў сп.Уладзімір Гуцька. Адзін з нашых беларусаў Кастусь Варэнік купіў ужо дом, даў два пакоі для карыстаньня аддзелу і ня браў за гэта грошы.

Пасьля ў 1954 годзе аддзел пастанавіў купіць свой дом, і дзеля гэтага быў скліканы сход. На гэтым сходзе мы даведаліся, што старшыня Уладзімір Гуцька выяжджае ў Канаду на пастаяннае жыхарства. І тады выбралі мяне на пасаду старшыні. На мяне ўсклалі абавязак афармленьня пакупкі Беларускага дому. Мы былі бедныя, тады хадзіла на зборкі недзе 30 чалавек”.

(Сурмач: ) “І гэтыя 30 чалавек, якія яшчэ не маглі купіць жытло для сябе, здолелі купіць дом для грамадзкіх патрэбаў?”

(Кажаневіч: ) “Мы здолелі купіць дом, ён быў трохі занядбаны, але ў нас былі свае майстры, і яны усё адрамантавалі. Хоць нас было і ня так шмат, але энтузіязм быў вельмі вялікі”.

(Сурмач: ) “Што было ў тым Беларускім доме?”

(Кажаневіч: ) “Былі зборкі, былі нават пакоі для беларусаў, якія ня мелі дзе жыць. Там мы адзначалі розныя ўгодкі – 25 Сакавіка, Слуцкага паўстаньня, рэлігійныя сьвяты.

Калі купілі дом, то нават адчынілі беларускую школу для дзяцей. Яна існавала недзе каля 3 гадоў. Абставіны нашыя былі цяжкія, цяжка было распачаць жыцьцё ў Англіі, не ведаючы ні мовы, ні звычаяў. Нам добрай працы не давалі, так што было цяжкавата нават падвозіць дзяцей у школу. Прыяжджаў э Брэдфарду выкладаць рэлігію а.Аляксандр Крыт, а настаўнікам быў Міхась Яскевіч”.

(Сурмач: ) “А потым у Манчэстэры зьявілася і беларуская царква?”

(Кажаневіч: ) “Спачатку аарганізавалі багаслужбы, прыязджаў а.Аляксандр Крыт з Брэдфарду, службы адбываліся пераважна ў англіканскіх цэрквах. Потым а.Аляксандр стаўся мітрапалітам і выехаў у Амэрыку. Тады намі заапекаваўся казацкі сьвятар Захарый Палякоў. Праз год ці два знайшоўся кандыдат на сьвятара, наш беларус, адданы беларус, які да гэтага часу яшчэ служыць – а.Ян Абабурка. Ён паехаў у Бэльгію на некалькі месяцаў да беларускага сьвятара а.Смаршчка, які яго вывучыў. Ян Абабурка вярнуўся і пачаў служыць, але сваёй царквы ў нас яшчэ не было.

Недзе ў пачатку 1970-х гадоў мы купілі сваю царкву, яна належыць да Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Наша царква і да сёньня існуе і адпраўляе службу той жа а.Ян Абабурка, але ён ужо вельмі слабы здароўем, а малодшага сьвятара няма. Але, зь іншага боку, мы і ня ў стане ўтрымаць свайго сьвятара.

Я таксама ў свой час шмат часу і працы ўкладаў у рэлігійнае жыцьцё. Быў доўгі час старшынём Рады Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Англіі”.

(Сурмач: ) “Вы, сп. Хведар, сваю працу ўклалі і ў дзейнасьць Беларускага дому, што потым зь ім сталася?”

(Кажаневіч: ) “Беларускі дом існаваў. Мы адчынілі таксама Беларускі клюб недзе ў 1968 годзе, але дакладна ня памятаю, два пакоі ўнізе былі адпушчаныя пад клюб. Гэты клюб існаваў да канца 1981 году. Потым у Беларускім доме засталіся жыць толькі кватаранты. Мы яго прадалі недзе 5 ці 6 гадоў таму. Людзей стала ўсё менш і менш, шмат выехала ў Амэрыку і Канаду, многія памерлі. Маладых не было прыйсьці на зьмену. Грамадзкае і рэлігійнае жыцьцё, якое яшчэ існавала, усё было пры парафіі, пры царкве.

Я быў ва ўправе Манчэстэрскага аддзелу Згуртаваньня беларусаў у Вялікабрытаніі без перапынку ад 1954 да 1981 году, але потым прыйшоў час, і я папрасіўся ў адстаўку. замяніў мяне сп. Яскевіч і таксама сын Алены Міхалюк – Віктар”.

(Сурмач: ) “А цяпер Манчэстэрскі аддзел Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі яшчэ існуе?”

(Кажаневіч: ) “Ён, можна сказаць, самазьліквідаваўся, ужо няма”.

(Сурмач: ) “Але, тым ня менш, беларускае жыцьцё там канчаткова ня зьнікла. У 1996 годзе ў Манчэстэр з Лёндану пераехала сп. Алена Міхалюк – цяперашняя старшыня Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі. Яна пераехала туды па просьбе аднаго са сваіх трох сыноў, Віктара, пасьля сьмерці мужа Янкі Міхалюка, які цягам 22 гадоў узначальваў Згуртаваньне. Сям''я Віктара не хацела пакідаць маці ў адзіноце.

Сп. Алена, Ваш сын пераехаў зь Лёндана раней і далучыўся там да беларускага жыцьця, а чаму ён туды выехаў?”

(Міхалюк: ) “Пераехаў таму, што ён ажаніўся, ягоная жонка паходзіла з Манчэстэру. У маёй нявесткі бацька беларус, а маці украінка. У Лёндане яны пазнаёміліся, бо мая будучая нявестка прыехала ў Лёндан на тры гады на працу па кантракту. Яна ў нас затрымалася на некалькі тыдняў, пакуль знайшла сабе кватэру, і так яны пазнаёміліся ў нашым доме. У 1981 годзе яны ўзялі шлюб і пераехалі ў Манчэстэр. Я маю тут трое унукаў, дзьве дзяўчыны і хлопец, яны цяпер ужо дарослыя. У той час, калі мой сын Віктар сюды прыехаў, тут было вельмі актыўнае жыцьцё”.

(Сурмач: ) “А калі Вы прыехалі, як выглядала сытуацыя?”

(Міхалюк: ) “У той час мы яшчэ мелі ў Манчэстэры свой Беларускі дом, але мала людзей ужо зьбіралася, адышлі найбольш актыўныя і сьведамыя людзі, паўміралі.

Калісьці тут парафія Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы была вельмі вялікая. Мы маем сваю цэркаўку, яна вельмі ўтульная. прыгожая, убраная. Некалі тут быў цудоўны хор, зьбіралася так шмат людзей, што не хапала месца ў гэтай царкве”.

(Сурмач: ) “У Манчэстэры была, можна сказаць, другая па велічыні пасьля Лёндану беларуская грамада ў Вялікабрытаніі?”

(Міхалюк: ) “Можна сказаць, так. Былі найбольшыя два аддзелы Згуртаваньня – ў Манчэстэры і Брэдфардзе, мы тады жылі ў Брэдфардзе да 1966 году. Яны між сабою супрацоўнічалі, вялікія сьвяты ці ўрачыстасьці, дык з Брэдфарду людзі прыяжджалі ў Манчэстэр, і наадварот. Наогул, было вельмі актыўнае, вельмі дружнае жыцьцё.

Нас тут шмат было, усе мелі дзяцей, але неяк так пайшло, што амаль нікога з маладзейшых тут не засталося, паразьехаліся па Англіі, па іншых краінах. Таксама і ў Брэдфардзе падобная сытуацыя, засталіся адзінкі. Вельмі сумна, калі падумаеш, як шмат нас было раней, такая грамада, а цяпер усё канчаецца”.

(Сурмач: ) “Новай беларускай эміграцыі няма ў Манчэстэры?”

(Міхалюк: ) “З новай эміграцыі не магу нікога знайсьці. Напэўна, ёсьць людзі, але, магчыма, яны не цікавяцца, не магу знайсьці”.

(Сурмач: ) “Але затое спадарыні Алене ўдалося навязаць кантакты з маладымі людзьмі зь Беларусі, якіх, як аказалася, ужо даволі шмат вучыцца ў Манчэстэры”.

(Міхалюк: ) “Выпадкова, нехта мне сказаў, што тут ёсьць студэнты, і я зь імі пазнаёмілася. Ужо некалькі гадоў я трымаю лучнасьць з імі, яны да мяне прыходзяць, мы пагаворым, пажартуем, гэта вельмі сымпатычныя, вельмі адукаваныя маладыя людзі. Гэта для мяне вялікая радасьць, калі яны да мяне прыходзяць”.

(Сурмач: ) “З дапамогаю спадарыні Алены і я пазнаёмілася з гэтымі маладымі людзьмі, яны называюць спадарыню Алену Лёля, як і ўсе беларусы ў Ангельшчыне.

Алена Барабанцава вучыцца ва ўнівэрсытэце Манчэстэра па доктарскай праграме”.

(Барабанцава: ) “Я скончыла Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, факультэт міжнародных адносінаў. Потым я атрымала стыпэндыю ад Фонда Сораса на вучобу ў Англіі на адзін год, гэта была магістэрская праграма, тут у Манчэстэры. Далей мне пашанцавала атрымаць унівэрсытэцкую стыпэндыю ў асьпірантуру, на доктарскую праграму. І вось зараз я ўжо скончыла навучаньне, атрымліваю доктарскую ступень.

Праца мая на тэму – кітайская палітыка пасьля пачатку рэформ у 1978 годзе, гэта палітыка мадэрнізацыі. Я аналізую кітайскую палітыку ў адносінах да нацыянальных мяншыняў і да кітайцаў за мяжою. У Беларусі я вывучала кітайскую мову і зацікавілася гэтай тэмаю. Цяпер, мабыць, увесь сьвет цікавіцца Кітаем”.

(Сурмач: ) “Скончылі і што будзеце рабіць далей?”

(Барабанцава: ) “Пляную застацца тут, ёсьць такі шанец застацца ва ўнівэрсытэце і працягваць дасьледаваньні і выкладаць, ужо ёсьць прапанова”.

(Сурмач: ) “У Англіі Вы стараецеся не забываць пра сваю беларускасьць?”

(Барабанцава: ) “Беларускіх студэнтаў тут ёсьць шмат. Мы ўсе трымаемся разам і падтрымліваем кантакты са сп-няй Лёляю і з Беларускім домам ў Лёндане. Калі ёсьць магчымасьць, мы езьдзім туды на мерапрыемствы, сустракаемся з а.Надсанам.

Манчэстэр мне якраз гэтым і падабаецца, што тут можна падтрымліваць сваю беларускасьць”.

(Сурмач: ) “Галіна зь Менску ўжо трэці год навучаецца таксама ў асьпірантуры Манчэстэрскага ўнівэрсытэта”.

(Галіна: ) “У Беларусі я вучылася ў пэдагагічным унівэрсытэце ў Менску, вывучала сацыяльную пэдагогіку і практычную псыхалёгію. Там я скончыла бакаляўрыят, а потым яшчэ навучалася ў Будапешце ў Цэнтральным эўрапейскім унівэрсытэце, там я вывучала гендэрныя праблемы. Потым вярнулася дадому, два гады працавала выкладчыкам ва ўнівэрсытэце”.

(Сурмач: ) “Вы самі знайшлі магчымасьць паехаць у Англію?”

(Галіна: ) “Так, сама знайшла. Гэта ў нас факультэт у Манчэстэры, які займаецца краінамі Ўсходняй Эўропы, Азіі і Афрыкі. Я дасьледую Беларусь і краіны Ўсходняй Эўропы, я тут амаль што адна займаюся Ўсходняй Эўропаю. Працягваю вывучаць тэму – псыхалягічны і антрапалягічны падыход да праблемаў у краінах Усходняй Эўропы, як адбываліся сацыяльныя зьмены, якія зьмены адбываліся ў разуменьні людзей. Параўноўваю Беларусь з Прыбалтыкаю: якая розьніца – яны крочаць наперад, а мы ідзем немаведама куды. Магчыма, ў гэтым годзе ўжо скончу доктарскую працу”.

(Сурмач: ) “А далей?”

(Галіна: ) “А далей, невядома. Буду шукаць працу, можа не ў Ангельшчыне, можа недзе яшчэ ў Эўропе. Вяртацца дамоў з гэтым дыплёмам зараз ня мае вялікага сэнсу. Я хацела вярнуцца, спадзявалася, што нейкія зьмены адбудуцца ў гэтым годзе, але, бачыце, як усё сталася”.

(Сурмач: ) “Падабаецца Вам Манчэстэр?”

(Галіна: ) “Манчэстэр – гэта такі спэцыфічны горад. Тут патрэбна пражыць некалькі гадоў, каб вызначыцца з тым, як Вы да яго ставіцеся. Чым больш тут жывеш, тым больш захапляесься горадам. Але, увогуле, для мяне Манчэстэр – гэта больш людзі, якія тут жывуць. У нас вельмі добрыя студэнты, з розных краінаў. Калі добрыя сябры навокал, тады нашмат лепш”.

(Сурмач: ) “А калі яшчэ і знайшлі там беларусаў, пазналі старэйшую беларускую эміграцыю?”

(Галіна: ) “Я так і выбірала, куды паехаць у Ангельшчыне, менавіта з улікам гэтага пункту гледжаньня. Я ведала, што тут было вельмі моцнае беларускае аб''яднаньне. Але, калі я сюды прыехала, зразумела, што гэта ўжо частка гісторыі.

Да Лёлі ходзім, яна шмат энэргіі траціць, каб прыгатаваць для нас вячэру, бо мы ж прыходзім чатыры-пяць чалавек. Яна нам распавядае нешта цікавае, фотаздымкі паказвае. Я думала, што тут будзе значна больш беларусаў”.

(Сурмач: ) “Цяпер вось толькі на вас надзея?”

(Галіна: ) “Ну, так, але невядома, дакуль мы тут яшчэ будзем, будзем спадзявацца”.

(Сурмач: ) “Ірына Міхайлава вучыцца на магістра, яна ў Манчэстэры зусім нядаўна”.

(Міхайлава: ) “Я вывучаю мэнэджмэнт і разьвіцьцё, мой фокус – гэта разьвіцьцё мэнэджмэнта. Я ў Беларусі вывучала права, маю дыплём Акадэміі кіраваньня, але я амаль не працавала ў гэтай сфэры, а працавала ў галіне міжнароднай адукацыі.

Праграма, па якой я тут знаходжуся, рэкляма пра яе была пададзеная ў многіх газэтах, і мне пашанцавала, гэта ад Брытанскага Савета”.

(Сурмач: ) “Колькі будзеце там вучыцца?”

Адзін год, а пасьля буду шукаць нешта, што можна на Радзіме знайсьці, каб можна было працаваць па маёй спэцыяльнасьці. Дысцыпліна, якую я вывучаю, мае зараз вагу ў Беларусі".

(Сурмач: ) “Горад Вам падабаецца?”

(Ірына: ) “Тут шмат студэнтаў з усяго сьвету, і гэта цудоўна. Я думаю. што пасьля гэтага году, на кожным кантынэнце, у кожнай амаль краіне ў мяне будзе сябра”.

(Сурмач: ) “Павал Рэп''еўскі – адзін з тых, хто шукаў у Манчэстэры кантактаў з беларусамі”.

(Рэп''еўскі: ) “Ну так, тут ёсьць эміграцыя беларуская і шмат беларускіх студэнтаў. Ангельская мова не наша, нельга заўсёды толькі на ёй размаўляць, часам хочацца і сустрэць некага са сваёй краіны. Таму і мы пазнаходзілі тут адзін аднаго, хто зь Беларусі”.

(Сурмач: ) “Павал, Вы таксама вучыцеся там?”

(Рэп''еўскі: ) “Так, я вучуся, доктарская праграма, у галіне права і юрыспрудэнцыі. У Беларусі скончыў Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Магістэрская у мяне таксама была ў Англіі, у Оксфардзкім унівэрсытэце, я там вучыўся па праграме абмену.

Гэта мой трэці год, дапісваю працу, да абароны яшчэ не гатовы. Тэма – распрацоўваю ўстойлівую мадэль свабоднай эканамічнай зоны, якую можна ўжываць ва Ўсходняй Эўропе, у Беларусі таксама”.

(Сурмач: ) “Прыйдзе час, калі можна будзе гэта прымяніць на Радзіме?”

(Рэп''еўскі: ) “Я спадзяюся на гэта, зоны разьвіваюцца і зараз”.

(Сурмач: ) “Як Вы знайшлі магчымасьць працягнуць адукацыю на Захадзе?”

(Рэп''еўскі: ) “У Оксфардзе – гэта была праграма праз Брытанскі Савет, а потым ужо сам трапіў у Манчэстэр. Тут вельмі шмат студэнтаў, тут тры ўнівэрсытэты і недзе 30 тыс. студэнтаў”.

(Сурмач: ) “Можа, і застанецеся назусім у Манчэстэры?”

(Рэп''еўскі: ) “Пакуль не пляную, бо дужа хочацца дамоў, у Беларусі засталася сям''я, усе сябры, і трэба ж працаваць. Заўсёды ёсьць нейкая магчымасьць прымяніць свае веды, можна навучаць, можна працаваць на прадпрыемствах, у бізнэсе. Засталося толькі атрымаць гэтую доктарскую ступень”.

(Сурмач: ) “Прысутнасьць новых беларусаў з Бацькаўшчыны, хоць і часовая, дае надзею, што беларускае жыцьцё ў Манчэстэры яшчэ будзе працягвацца. А мінулае цяпер можа быць зафіксавана толькі ў гісторыі. Таму старэйшыя беларусы і клапоцяцца цяпер пра тое, каб выдаць кнігу пра беларусаў у Вялікабрытаніі. Сп-ня Алена Міхалюк кажа:”

(Міхалюк: ) “Мы спадзяемся, што кніжка выйдзе, яе піша Натальля Гардзіенка”.
XS
SM
MD
LG