Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэцыя магла б часова працаўладкаваць звольненых беларускіх актывістаў


Радыё Свабода Швэцыя будзе шукаць магчымасьць часовай працы для беларусаў, якія страцілі працу на радзіме з палітычных матываў. Пра гэта нашаму радыё паведаміў кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які разам з Аляксандрам Мілінкевічам і Вінцуком Вячоркам у Стакгольме сустракаўся з кіраўніком ураду Швэцыі Ёранам Пэрсанам ды ўплывовымі парлямэнтарамі гэтай краіны.

Галоўнай адметнасьцю візыту ў Швэцыю Анатоль Лябедзька назваў тое, што размовы перайшлі межы ўжо звыклых дыскусіяў аб ролі й месцы гэтай краіны ў выпрацоўцы агульнай эўрапейскай палітыкі адносна Беларусі. Гэтым разам на першы плян выйшлі канкрэтныя праблемы й пытаньні:

(Лябедзька: ) “Напрыклад, я ўздымаў пытаньне пра часовую работу людзей зь Беларусі, якім не даюць мажлівасьці працаваць у нашай краіне з палітычных матываў. Каб яны маглі выехаць у Швэцыю на часовую працу падчас летніх вакацыяў альбо проста ў летні час”.

(Карэспандэнт: ) “І як да гэтага паставіліся?”

(Лябедзька: ) “Яны вельмі сур’ёзна паставіліся да гэтай прапановы. Яны разумеюць, што яна для нас надзвычай актуальная. Пакуль адпаведных мэханізмаў няма, але яны ўзяліся за тое, каб выпрацаваць такія мэханізмы”.

Швэдзкія парлямэнтары ад народна-лібэральнай партыі ды партыі “Мадэрата”, зь якімі сустракаліся беларускія дэмакраты, з разуменьнем паставіліся да палітвязьняў у Беларусі, цьвердзіць лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі:

(Лябедзька: ) “Яны вельмі хутка рэагавалі на правядзеньне акцыяў падтрымкі, на тое, каб падымаць міжнародную супольнасьць. Нашая дэлегацыя рабіла акцэнт на справе Казуліна, рэгіянальнага лідэра Крука, моладзевага лідэра Фінькевіча, маладых людзей з “Партнэрства”... І я думаю, што Швэцыя магла б быць авангардам эўрапейскай барацьбы за вызваленьне гэтых людзей”.

Сёньня Анатоль Лябедзька выляцеў са Стакгольму ў Менск, а Аляксандар Мілінкевіч і Вінцук Вячорка накіраваліся на міжнародную канфэрэнцыю ў Тальбарг. Там у іх заплянавана некалькі двухбаковых сустрэчаў.
XS
SM
MD
LG