Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскім кампаніям цяжка супрацоўнічаць зь Беларусьсю


Тацяна Поклад, Прага Літоўскія кампаніі лёгкай прамысловасьці хацелі б болей супрацоўнічаць зь беларускімі калегамі, аднак зь цяжкасьцю дамаўляюцца пра пашырэньне эканамічных кантактаў. Адна з буйнейшых газэтаў Літвы “Lietuvos žinios” распавядае пра досьвед прадпрымальнікаў, якія кажуць, што ў Беларусі цяжка працаваць “з-за палітычнай напружанасьці і непаразуменьняў”.

Літоўская асацыяцыя вопраткі і тэкстылю і прадстаўнікі асобных кампаніяў спрабуюць пашырыць супрацоўніцтва зь Беларусьсю і шукаюць там партнэраў.

Пра гэта літоўскія прадпрымальнікі спрабавалі дамовіцца ў Салігорску на літоўска-беларускім эканамічным форуме. Вярнуўшыся, яны паведамілі, што пакуль рана казаць пра нейкія канкрэтныя вынікі перамоваў.

Генэральны дырэктар Літоўскай асацыяцыі вопраткі і тэкстылю Відмантас Вікшрайціс сказаў у інтэрвію газэце "Lietuvos žinios": “Гэта (Беларусь) – цалкам іншы сьвет, які мае своеасаблівае разуменьне. Зь іншага боку, большасьць рэчаў залежыць ад добрай волі краіны. Беларускія прадпрымальнікі зацікаўленыя супрацоўнічаць з нашымі. Толькі літоўцам трэба ня страціць цярпеньне і быць вельмі гнуткімі”.

Літоўскія прадпрымальнікі хацелі б набываць у Беларусі швейныя паслугі. У ліку зацікаўленых літоўска-беларускім супрацоўніцтвам – такія кампаніі па вырабу вопраткі, як “Шатрыя” і “Уценос трыкатажас”, якая толькі пачала аналізаваць магчымасьці супрацоўнічаць зь Беларусьсю. Кіраўніца гэтай кампаніі, адной з найбуйнейшых у Літве па вырабу вопраткі, Рэгіна Сайене кажа, што швачкі ў Беларусі – высокакваліфікаваныя, адпавядаюць усім патрабаваньням, і ў той час як за сваю працу ў Беларусі яны атрымліваюць 120 даляраў, за гэткую ж працу швачкі “Уценос трыкатажаса”, да прыкладу, атрымліваюць 430 даляраў.

Таксама літоўскія прадпрымальнікі хацелі б набываць у Беларусі тавары, якія цяпер набываюць на Далёкім Усходзе – аздобы, галянтарэю. Аднак замінае недаверлівая пазыцыя беларускіх кіраўнікоў, якім не стае гнуткасьці, мабільнасьці. Р.Сайене кажа, што беларуская сыстэма, калі зь ёй сутыкаесься, адпужвае ад эканамічных стасункаў. Шмат праблемаў узьнікае на мытнях: калі тавары з Украіны праходзяць мытню за пару гадзінаў, то на беларускім памежжы машыны стаяць з грузам па двое сутак, таму што беларускі бок неверагодна марудна выдае сэртыфікаты на тавары.

Як кажа дырэктар Літоўскай асацыяцыі вопраткі і тэкстылю, нямала кампаніяў па вырабу тэкстылю і вопраткі хацелі б супрацоўнічаць зь Беларусьсю, аднак вельмі ўскладняе працу “палітычнае напружаньне і рознае разуменьне адных і тых жа рэчаў”.
XS
SM
MD
LG