Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі адзначаюць Дзень эканаміста


Радыё Свабода Сёньня ў Беларусі адзначаюць Дзень эканаміста. У сувязі зь мяркаваным павелічэньнем кошту расейскага газу, вырасла і грамадзкая цікавасьць да стану нацыянальнай эканомікі. Як гэты стан ацэньваюць эканамісты ва ўлазе і ў апазыцыі?

Як заявіў учора на паседжаньні Нацыянальнага сходу віцэ-прэм’ер ураду Аляксандар Касінец, беларуская эканоміка разьвіваецца дынамічна й устойліва. Падобную думку мае і першы намесьнік міністра эканомікі Уладзімер Найдуноў:

(Найдуноў: ) “Мы будуем сёньня сацыяльна-арыентаваную рынкавую эканоміку. Вынікі рэалізацыі тых праграм, якія былі распрацаваны пад кіраўніцтвам прэзыдэнта нашай краіны, гаворыць пра тое, што нашы эканамісты здольныя дастаткова пасьпяхова рашаць праблемы”.

Між тым, замежныя й недзяржаўныя айчынныя спэцыялісты да эканамічных посьпехаў Беларусі ставяцца скептычна. Шмат хто мяркуе, што яе эканамічная сыстэма збудавана ў парушэньне прынцыпаў сувэрэнітэту, бо з’арыентаваная на адну краіну – Расею. Гэта асабліва заўважна на тле дзяржаў-суседзяў. Гаворыць адзін зь лідэраў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ эканаміст Юрась Беленькі:

(Беленькі: ) “Украіна, Польшча, прыбалтыйскія дзяржавы ёсьць самастойныя і ўся матывацыя іх дзейнасьці скіраваная на інтарэсы ўласна іх дзяржаў. Калі ёсьць нейкія зьнешнія праблемы, кшталту павелічэньня цэнаў на энэрганосьбіты, то адпаведна ўсе захады кіраўніцтва гэтых краінаў прымаюцца ў тым рэчышчы, каб зьменшыць тыя нэгатыўныя ўплывы, якія ўзьнікаюць у такой сытуацыі, выйсьці з гэтага становішча і гэтак далей. На Беларусі няма такой самастойнай палітыкі – і палітычнага кіраўніцтва. І адпаведна дзеяньняў у эканамічнай сфэры”.

Ініцыятыва Масквы павялічыць ў наступным годзе кошт газу для Беларусі выклікала разгубленасьць афіцыйнага Менску. “Газпром” фактычна прад’явіў ультыматум аб перадачы яму беларускіх прадпрыемстваў у абмен на танны газ. Ці ёсьць у Міністэрства эканомікі сьпіс прадпрыемстваў, якімі Менск зьбіраецца разьлічвацца з расейцамі, спытаў я намесьніка міністра эканомікі спадара Найдунова:

(Найдуноў: ) “ Калі вы гаворыце аб сьпісе, дык я б хацеў, каб вы гэты сьпіс далі, бо я яго не бачыў гэтага сьпісу. Таму і адказваць на гэтае пытаньне няма сэнсу для мяне”.

А вось меркаваньне на гэты конт актывіста Аб''яднанай грамадзянскай партыі, кіраўніка дасьледчага цэнтру Мізэса, эканаміста Яраслава Раманчука:

(Раманчук: ) “Ёсьць пазыцыя Расеі. Яна акрэсьленая, і калі беларускі бок хоча альбо прадаць сваю нафтаперапрацоўчую прамысловасьць, альбо “Белтрансгаз”, тады расейцы будуць размаўляць на гэты конт”.
XS
SM
MD
LG