Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёлетні парад пройдзе без цяжкай вайсковай тэхнікі


Севярын Квяткоўскі, Менск Некалькі гадзінаў таму ў Менску скончылася рэпэтыцыя параду да Дня Рэспублікі -- афіцыйнага Дня Незалежнасьці. У адрозьненьне ад мінулых парадаў, сёлета ў імпрэзе ня будзе браць удзел цяжкая наземная вайсковая тэхніка – адно вайсковая авіяцыя ды цывільныя машыны. Хто яшчэ бярэ ўдзел у парадзе, і як ставяцца менчукі да начной рэпэтыцыі, высьвятляў наш карэспандэнт.

(Карэспандэнт: ) “Я знаходжуся на праспэкце Пераможцаў, які яшчэ летась зваўся праспэктам Машэрава. Тут ужо ад дзясятай вечара 29 чэрвеня пачалася рэпэтыцыя параду. Менчукі па рознаму ставяцца да падзеі:

(Спадар: ) “Разумееце, раней рэпэтыцыі парадаў адбываліся на праспэкце Скарыны, а цяпер… А жыву тут у суседнім доме, і мне цэлую ноч увесь гэты шум… Як да гэтага можна ставіцца? Вядома, адмоўна”.

(Сталы спадар: ) “Аніяк дадому не дабрацца”.

(Сталая спадарыня: ) “Не люблю вайсковых, вайны не люблю”.

(Спадарыня: ) “Чаму ж не? Я мяркую, у Дзень Незалежнасьці патрэбны парад”.

(Пэнсіянэрка: ) “Я па тэлебачаньні гляджу. Бачу, як прыгожа выступаюць”.

(Хлопец: ) “Мне падабаецца. Салдаты, форма іхняя”.

(Пэнсіянэрка: ) “Мне падабаецца. Ну, навогул – арганізаванасьць. Наша пакаленьне гэта любіць”.

(Дзяўчына: ) “Не цікаўлюся”.

(Спадар: ) “Нармальна”.

(Спадарыня: ) “Павінна быць тэатралізаванае відовішча, а не дэманстрацыя невядома навошта нейкай сілы”.

(Хлопец: ) “Мне падаецца, гэта лясканьне нейкае”.

(Карэспандэнт: ) “Сёлета парад да 3 ліпеня заплянаваны без удзелу цяжкой тэхнікі. У рэпэтыцыі бяруць удзел вайскоўцы тэрміновай службы і курсанты розных відаў войскаў: памежнікі, унутраныя войскі, байцы Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, “сувораўцы” ды іншыя. Радыё “Свабода” ужо анансавала, што ў парадзе заплянаваны ўдзел маладых маці зь немаўлятамі. Але ў начной рэпэтыцыі такіх удзельнікаў не было бачна.

Як і мінулыя некалькі гадоў, у парадзе да 3 ліпеня апроч вайскоўцаў будуць браць удзел работнікі найбуйнейшых заводаў і фабрыкаў Беларусі. Сьледам за вайскоўцамі пройдзе прамысловая і сельскагаспадарчая тэхніка, а таксама прадстаўнікі працоўных калектываў. Начальнік упраўленьня ідэалёгіі Менгарвыканкаму Генадзь Курбека пацьвердзіў, што цяпер таксама шукаюць ахвочых жанчын прайсьці ў калёне зь немаўлятамі ў вазках.
XS
SM
MD
LG