Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасьледаваньне “Свабоды”: кнігі Васіля Быкава ў Беларусі і сьвеце


Іна Студзінская, Менск Творы Васіля Быкава выдаюцца ўва ўсім сьвеце. У Беларусі Быкаў выдаецца цяпер толькі ў недзяржаўных выдавецтвах. Кіраўнікі дзяржаўных выдавецтваў лічаць, што сёньня творы Быкава не запатрабаваныя. Ці так гэта папраўдзе?

Беларускія дзяржаўныя выдавецтвы Быкава ігнаруюць. Яшчэ за жыцьця Васіля Ўладзімеравіча выдавецтва “Мастацкая літаратура” заплянавала выдаць васьмітомнік. Нават сам Васіль Уладзімеравіч склаў плян-праспэкт. Гэта пацьвярджае і Ірына Міхайлаўна Быкава:

(Быкава: ) “Сапраўды, дамова была, гэта факт. Але сталася так, што ніякага выданьня, апроч таго, што каардынаваў Казулін”.

Грамадзкая ініцыятыва “Воля народу” пры ўдзеле Саюзу беларускіх пісьменьнікаў тры гады таму вырашыла выдаць поўны 14-томны збор твораў Быкава. Каардынатарам некамэрцыйнага праекту стаў Аляксандар Казулін, а ўвесь наклад – 3 тысячы асобнікаў – пойдзе ў бібліятэкі. Пакуль што выдадзена шэсьць тамоў: тры разьвезеныя па бібліятэках, а зь яшчэ трыма – праблемы, кажа старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч.

(Пашкевіч: ) “Добра ведаеце пра адмову Міністэрства культуры і Міністэрства інфармацыі бясплатна прыняць поўны збор твораў Васіля Быкава і распаўсюдзіць празь бібліятэчны калектар. І таму выдаўцы, у прыватнасьці кіраўніцтва Саюзу пісьменьнікаў, мусіць ня толькі апекавацца ўкладаньнем, выдаваньнем, дастаўкай чарговых тамоў, але і бясплатным распаўсюдам па бібліятэках Беларусі. На жаль, так апэратыўна, як нам думалася напачатку, разьвезьці ўвесь наклад па Беларусі праблематычна. Але гэта робім”.

Але вернемся да лёсу заплянаванага “Мастацкай літаратурай” яшчэ за жыцьця Васіля Быкава васьмітомніка ягоных твораў. Нечакана, пасьля зьняважлівых выказваньняў кіраўніка дзяржавы на адрас Быкава, стаўленьне і ў чыноўнікаў ад літаратуры да ўсясьветна прызнанага клясыка памянялася. Паслухаем дырэктара выдавецтва “Мастацкая літаратура” Вячаслава Мачульскага:

(Мачульскі: ) “Быкаў сапраўды стаяў у пэрспэктыўным пляне, ня ў тым гадавым пляне выдавецтва, а па вывучэньні попыту. А ў сувязі з тым, што заказаў для тыражу не было, у рэальны плян Быкаў уключаны ня быў”.

Паэт Рыгор Барадулін сьцьвярджае, што сам Васіль Уладзімеравіч ня надта верыў у тое, што васьмітомнік будзе выдадзены:

(Барадулін: ) “Калі Васілю прапанавалі, ён ня верыў у гэта. Але плян накідаў, былі набраныя ўжо два тамы, але ня выйшлі”.

(Карэспандэнтка: ) “Але спадар Мачульскі кажа, што няма попыту...”

(Барадулін: ) “Гэта адгаворка. Якраз попыт на Быкава вялікі. А выдавецтвы ўзначальваюць былыя міліцыянты і пракуроры. Як казаў расейскі клясык, “люди холопского звания – сущие псы иногда”.

Кнігі Васіля Быкава, выдадзеныя недзяржаўнымі выдавецтвамі, разыходзяцца ў Беларусі імгненна. У 2004 годзе ў сэрыі “Кнігазбор” выйшла “Выбранае”, выдавецтва “Кніга” перавыдавала “Доўгую дарогу дадому”. Вялікую цікавасьць выклікала выданьне радыёпубліцыстыкі “Быкаў на Свабодзе”. На жаль, наклады невялікія.

Дзяржаўны холдынг “Літаратура і мастацтва” цягам апошніх гадоў ні ў водным са сваіх часопісаў ніводнага радка Васіля Быкава не апублікаваў. Хаця раней, калі выданьні належалі Саюзу пісьменьнікаў, штогод “Полымя”, “Маладосць”, “Нёман”, “ЛіМ” друкавалі Васіля Ўладзімеравіча.

У архівах Быкава засталася вялікая колькасьць арыгінальных, адметных, вартых увагі твораў – апавяданьні, прыпавесьці, мэмуары, аповесьці. Друкуе іх толькі “Дзеяслоў”. У чэрвеньскім нумары – лісты да сястры Валянціны, у ліпеньскім будуць мэмуарныя дадаткі да “Доўгай дарогі дадому”. На восень заплянавана публікацыя аповесьці “Бліндаж”, якую Быкаў напісаў у 1987 годзе.

Затое ў суседняй Расеі Быкава выдаюць вельмі часта. Толькі маскоўскія выдавецтвы за апошнія тры гады выдалі паўтара дзясятка кніг. Апавядае літаратар і выдавец Уладзімер Сіўчыкаў:

(Сіўчыкаў: ) “Я працаваў над двума важкімі тамамі. У 2004 годзе ў выдавецтве “Мартин” выйшаў грунтоўны том “Избранное”. У выдавецтве “Вагриус” летась выйшла кніжка з чатырма аповесьцямі: “Кар’ер”, “Аблава”, “Палюбі мяне, салдацік” і “Аўганец”. Ведаю, што выдавалі апошнім часам Быкава “ЭКСМО”, выдавецтва “Вече”. Выдавецтва “Время” нават плянавала (думаю, што не адмовіцца ад сваіх намераў) выдаць васьмітомнік Быкава”.

Сёлета Быкаў выходзіў у Нямеччыне, у Польшчы – у перакладзе Чэслава Сэнюха, у Чэхіі – у перакладзе Францішкі Сокалавай. Да Ірыны Быкавай зьвярталіся нарвэжцы. Амбасадар Ізраілю ў Беларусі Зэеў Бэн Ар’е перакладае Быкава на іўрыт. Працягвае Алесь Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) “Зьявіўся пераклад сьвежы ў Італіі, у Польшчы, ва Ўкраіне. Найчасьцей Быкава выдаюць у Расеі. Выдаюць па-рознаму і нават зарабляюць грошы. Ёсьць яшчэ і маральная праблема: у гэтых перакладных кнігах нават не пазначаюць, што пераклад зь беларускай мовы. Атрымліваецца, што яны выдаюць ужо клясыка расейскай літаратуры”.

Ці магчыма ўсё ж такі, што “Мастацкая літаратура” вернецца да выданьня шматтомніка Васіля Быкава? Гаворыць дырэктар выдавецтва Вячаслаў Мачульскі:

(Мачульскі: ) “Для таго, каб выдавецтва ўзялося за такую працу, трэба, каб было волевыяўленьне – калі няма жывога аўтара, то ягоных нашчадкаў. На сёньняшні дзень, акрамя таго, што ў мяне не было заявы Васіля Быкава, у мяне і заяваў ягоных нашчадкаў няма. А гэта аўтарскае права. Проста так прыдумаць і выдаць я ня маю права без аўтарскай дамовы”.

Сябра Васіля Быкава паэт Сяргей Законьнікаў аб чыноўніках ад літаратуры выказаў такое меркаваньне:

(Законьнікаў: ) “Нашы людзі запалоханыя страшна. Калі з самага верху галоўны начальнік не прымае гэтага чалавека, ён для яго вораг – усё, тады ні сумленьне не спрацоўвае, ні разуменьне велічы гэтага чалавека, нічога не спрацоўвае. Сказаў галоўны вэртыкальнік, што гэта наш вораг – усё: яго не выдаюць, яго выкрэсьліваюць адусюль. Вось так усё ў нас робіцца”.

Што да запатрабаванасьці Быкава, то нават у Маскве попыт на творы Васіля Ўладзімеравіча вялікі, сьцьвярджае літаратар і выдавец Уладзімер Сіўчыкаў.

(Сіўчыкаў: ) “Магу засьведчыць, што на Беларускім вакзале “Аўганец” Быкава добра раскупляецца. На кніжным кірмашы вэтэраны падыходзілі, набывалі “Избранное” Быкава. Людзі з задавальненьнем бралі і казалі: “Так, ведаем, хто ж пра вайну напісаў лепш за яго?” Быкаў – наш сьцяг, наша нацыянальная гордасьць. Ня можа да яго ў нармальных людзей нейкая прахалода паявіцца”.
XS
SM
MD
LG