Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сьмела выказвацца трэба, калі ты ўпэўнены ў сваёй слушнасьці, тады для зьдзяйсьненьня сваёй мэты трэба ісьці да канца…”


Радыё Свабода Званок на “Свабоду”. Водгукі слухачоў за чацьвер, 29 чэрвеня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Ларыса, пэнсіянэрка зь Менску:) “Тыя, хто сьмела выказваў свае думкі аб падзеях у жыцьці асабістым і ў жыцьці грамадзкім і выносіў на парадак дня свае прапановы, як палепшыць дабрабыт асабісты і сваёй краіны, тыя і цяпер відаць, як мне здаецца. Гэта найлепшая частка нашай моладзі, гэта наша будучыня. І неабходна, каб у гэтым іх падтрымлівала большая частка нашага насельніцтва, як маладыя, так і людзі сталага веку. Але, на жаль, гэтага пакуль што не адбываецца. Не адбываецца з розных прычын. Мая хата з краю – я нічога не хачу ведаць. Многія лічаць, што яны ўжо ўсяго дасягнулі. Усяго – гэта тое, што маюць нейкі заробак, маюць жыльлё і машыну. Вось і ўвесь дабрабыт. І яны баяцца ўсё гэта страціць. А другія нічога ня маюць і ня хочуць мець, каб меней турбавацца. Вось і спакойна глядзяць на тых, хто выказвае свае думкі: ну і выказвайце, а мы пачакаем. Каб нешта выказваць, трэба, прынамсі, мець галаву і мазгі, якія варушацца. Выказвацца можна сьмела, але лепш за ўсё выказвацца не на плошчы, бо вынік будзе адпаведны, а выказвацца праз друк. Трэба больш пісаць, выносіць свае прапановы.

Сьмела выказвацца трэба, калі ты ўпэўнены ў сваёй слушнасьці, тады для зьдзяйсьненьня сваёй мэты трэба ісьці да канца, што я зрабіла, калі майго бацьку, удзельніка менскага падпольля, пасьля вяртаньня на радзіму зь нямецкага канцлягеру судзіў трыбунал у Менску як здрадніка радзімы, і мы былі – дзеці ворага народу. Вырашала змагацца за яго вяртаньне, а мне ў той час было няпоўных 18 гадоў. На ўсе нашыя заявы ў Менску да праваахоўчых органаў – адказ адмоўны. І тады я напісала заяву. Без усякіх сродкаў асабістых, а дапамаглі грашыма суседзі, накіравалася ў Маскву ў Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету СССР. Сакратар прыняў у мяне заяву, уважліва паглядзеў мне у вочы і сказаў: “Дзетка, за каго ты просіш? Ён – здраднік, яму прысуджана 25 гадоў”. На што я адказала, што ён – кансьпірацыйнік, герой. І што вы думаеце? Празь нейкі час яго прывезьлі ў Менск, неўзабаве ён быў рэабілітаваны. Вось так я вызваліла свайго бацьку. Усе дакумэнты ў мяне ў сямейным архіве.

Параю такім самым чынам вызваліць Казуліна. Прадумайце, куды трэба накіраваць заяву, каб яго абараніць”.

(Галіна Аляксандраўна, Магілёў: ) “Мяне цікавіць, за каго 19-га сакавіка галасаваў спадар Фядута. Калі за Лукашэнку галасаваў, тады хай усе пытаньні адрасуе да яго. Лукашэнка лічыць сябе самым разумным, грэбуе Эўропай, Эўрапейскі Саюз яму таксама не патрэбны. Яго задавальняе Вэнэсуэла, Куба, Іран, Расея, Кітай – вось абмежаваны сьвет Лукашэнкі. Так што, спадар Фядута, вам застаецца два варыянты: альбо чакаць адказу ад Лукашэнкі, альбо крычаць “што рабіць будзем?” У той жа час Мілінкевіч не крычыць, а робіць усё, што ў яго сілах, каб Беларусь была незалежнай і свабоднай”.

(Спадарыня: ) “Хацелася б пачуць меркаваньне менчукоў на такія пытаньні. Ці хочаце вы жыць лепш, чым цяпер? І ці хацелі б вы што-небудзь зьмяніць у сваім жыцьці, каб жыць лепей?”.
XS
SM
MD
LG