Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – агляд сеціва за 29 чэрвеня


Севярын Квяткоўскі, Менск

На форумах парталу TUT.BY карыстальнікі іранізуюць з інфармацыі аб прыезьдзе ў Беларусь вэнесуэльскага прэзыдэнта Уга Чавэса: “Уга Чавес прыехаў дазнацца пра сакрэт нашага эканамічнага цуду і перадавыя тэхналёгіі бульбабудаваньня”.

Расейская газэта “Трибуна” знаёміць чытачоў з артыкулам свайго карэспандэнта Сяргея Ільчанкі “Прышчэпка ад экстрэмізму”. Журналіст праехаў маршрутам Менск – Днепрапятроўск: “Як сталася, што нармальнае чалавечае жыцьцё здолела пабудаваць маленькая і зусім не багатая суседка-Беларусь? – задаецца пытаньнем карэспандэнт і працягвае: – Сярод краінаў СНД у беларусаў самая вялікая колькасьць аўтамабіляў на душу насельніцтва. Яны абскакалі нават расейцаў. Германскі “Форд” разам з растаможваньнем абыходзіцца “сябрам” у межах 4 тысяч даляраў. Машына цалкам даступная для звычайнай сям’і – і кожная другая беларуская сям’я мае легкавік”.

У інтэрнэт-дзёньніку расейскага карыстальніка drugoi разгарнулася дыскусія пра беларускія рэаліі. Другой піша: “У Беларусі бізнэс ідзе да гары, палкі ў колы яму ніхто ня совае. Калі вось такая краіна – дыктатура і зло, то я ўжо і ня ведаю, што такое дабро”. Беларускі апанэнт пад нікам Mirritil адказвае: “Забаўна, у ру.нэце сталася модным зьезьдзіць на дзень у Беларусь, а пасьля распавядаць усім, які добры Лукашэнка. Ну дык нам што – толькі плюс: турызм разьвіваецца...”

На афіцыйным сайце Наваградка вас па-расейску вітае старшыня райвыканкаму Анатоль Кулак. “Шчыра вітаем усіх, хто адкрыў гэтую старонку. Спадзяемся, што нашыя сустрэчы будуць частымі і ўзаемакарыснымі”. У аматараў сярэднявечнай культуры ёсьць магчымасьць пазнаёміцца з Наваградкам ня толькі праз Інтэрнэт, але і ў рэчаіснасьці. Тут жа на сайце разьмешчаныя анонс і праграма “IV Фэстывалю сярэднявечнай культуры “Наваградзкі замак”, які адбудзецца 1 і 2 ліпеня. Зрэшты, тут можна сустрэць шмат іншай інфармацыі. Напрыклад, пра тое, што “з задавальненьнем адгукнуліся маладыя выканаўцы на запрашэньне раённага камітэту БРСМ і аддзелу культуры паўдзельнічаць у конкурсе моладзевай песьні”.

Тым, хто захапляецца беларускай гістарычна-культурнай спадчынай, раю зазірнуць на старонку гурту “OSIMIRA”. З купальскай праграмай “OSIMIRA” сёлета выступала ў Маскве, а цяпер рыхтуецца да канцэртаў у Польшчы, Украіне і Беларусі.

* * * Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. Да сустрэчы ў оф-лайне.
XS
SM
MD
LG